2007-01-29 14:09:41

Папа Бэнэдыкт 16 сустрэўся з Рымскаю Ротаю


У суботу, 27-га студзеня, Бэнэдыкт 16 сустрэўся з працаўнікамі Трыбуналу Рымскае Роты, якая пачала чарговы судовы год. У сваёй прамове да іх, Сьвяцейшы Айцец сказаў, “што трэба бараніць праўды аб шлюбным сужонстве. Законны рэлятывізм і пазытывізм бачаць у сужонстве толькі грамадзкую фармальнасьць пачуцьцёвых саюзаў, значыць штосьці прыпадковае, бо такімі бываюць чалавечыя пачуцьці. Шлюбны саюз стаецца тады толькі законнаю надбудоваю, якую чалавек можа самавольна маніпуляваць, пазбаўляючы гэты саюз нават гэтэросэксуальнага характару. Папа перасьцярог, што крызіс разуменьня сужонскага саюзу адчуваецца таксама і сёньня сярод католікаў. Некаторыя прызнаюць неразрыўнасьць сужонства за неасягальны ідэал і намагаюцца фальшыва тлумачыць кананічныя нормы, якія пад гэтым оглядам абавязваюць. “Кожнае сужонства зьяўляецца, несумнена, плодам згоды мужчыны і жанччны на супольнае жыцьцё- сказаў Папа. Шлюбны саюз зьяўляецца неразлучным у Божай задуме стварэньня і адкупленьня. Істотны законны характар сужонства заключаецца менавіта ў гэтым вузьле- працягваў Сьвяцейшы Айцец- які для мужчыны і жанчыны зьяўляецца вымогаю справядлівасьці і любові. Ад яе- з огляду на дабро іх самых і ўсіх- яны не могуць ухіліцца, не пярэчачы адначасна таму, што сам Бог у іх зьдзейсьніў—дадаў Бэнэдыкт 16.
У імені працаўнікоў Рымскае Роты да Папы зьвярнуўся ейны дэкан, біскуп Станкевіч. Ён паінфармаваў, між іншым, што Трыбунал на сёньняшні дзень разглядае 1181 справаў- у гэтым 687 з Эўропы, 413 з Амэрыкм, 64 з Азіі, 12 з Афрыкі ды 5 з Аўстраліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.