2007-01-23 14:09:23

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


У нашай мінулай гутарке мы высветлілі, што менавіта Святое Пісанне першыя старажытныя багасловы навучыла хрысціянскіх мастакоў выўляць Ісуса Хрыста ў вобразе Добрага Пастыра ў рымскіх катакомбах. Выяўлялі яго па рознаму. Існуюць выявы дзе ён збіраецца пайсці, або сумуе і трымае руку на галаве сваёй, як гэта рабілі старажытныя людзі, калі сумавалі. Ёсць таксама выявы, дзе Добры Пастыр трымае свайго сабаку на вяроўцы і з дрэва здымае сваю пастушаскую торбу. Вось ён сядзіць на зямлі стомлены, там нясе на плячах знойдзеную авечку, тут з посахам вяртаецца да аўчарні, дзе ляжаць дзве авечкі і чакаюць пастыра свайго, а яшчэ выява дзе ён вярнуўся дамоў і паклаў свой посах на пасудзіны для малака. Паданне аб Пастыры Добрым, абвешчанае Святым евангелістам Янам, перададзена жывапісцамі ў розных выглядах. Вось стаіць пастыр каля аўчарні, з якой выходзяць авечкі, і нібыта называе іх па імёнам, а яны чуюць голас яго і ідуць за ім. Аўчарня мае выгляд храма, упрыгожанага з увахода франтонам з дзвюма калоннамі.
Тут яна – вобраз Хрысціянскай Царквы. Бо ў Апостальскіх Пастановах у часы Папы Рымскага Клімента І-га – трэццяга прыемніка Святога Апостала Пятра, гаворыцца, што «Царква падобна не толькі караблю, але і аўчарне». Дарэчы ў аснове тых Пастаноў Святых Апосталаў ляжаць разнабаковыя крыніцы, з якіх адныя ўзыходзяць да часоў глыбокай даўніны, а другія з’явіліся адносна позна. Поўная рэдакцыя тых Пастаноў адносіцца да канца ІV – пачатку V стагоддзя. Яна складаецца з васьмі кніг; у аснове першых шасці кніг – захаванае на сірыйскай мове «Вучэнне Каталіцкае дванаццаці апосталаў і вучняў Збавіцеля нашага».
Існуюць і выявы дзе Добры Пастыр пільнуе статак на полі, то абапёршыся на посах і граючы на дудке, то седзячы на зямлі і моўчкі гледзячы на авечак. А на некаторых саркафагах Хрыстос выяўлены сярод апосталаў менавіта як Пастыр Добры. Каля ног кожнага з іх стаіць авечка, а каля Хрыста стаіць больш рослая авечка: гэта алегорыя Апостала Пятра, заснавальніка Святой Рымскай Царквы. На Хрысціянскім Усходзе падобных выяў няма, бо там не было старажытнага жывапісу, а новы жывапіс адлюстроўвае іншыя разуменні і намаганні тамтэйшых хрысціян. У катакомбах сустракаюцца гістарычныя выявы падзей у ізраільскага народа, такія як: ахвярапрынашэнне Абрама, пераход габрэяў праз Чырвонае мора, перамога Галіяфа над Давідам ды іншыя.
З Новазапаветнай гісторыі на сценах і столях пахавальніцы Святога Каліста І-га Папы Рымскага (217-222), выяўлена Пакланенне вестуноў Дзіцятку Хрысту, а таксама выява Хрыста Падлетка ў Ерусалімскім храме сярод юдэйскіх настаўнікаў. На самай сярэдзіне столі паясны, велічны вобраз Збавіцеля, побач вобраз Багародзіцы з Дзіцяткам, які прымае дары ад вестуноў.
У пахавальніцы Святога Юлія Папы Рымскага (337-352) выяўлена сустрэча Дзевы Марыі з Лізаветай і вобраз Багародзіцы з Дзіцяткам. У катакомбе Святога Панціяна – хрост Ісуса ў Іярдане Янам Хрысціцелям. У катакомбе Святой Агнэсы – шлюб у Кане Галілейскай, гутарка Хрыста з самаранкай і вобраз малітоўнай Багародзіцы з Дзіцяткам Ісусам. Як бачым у самых старажытных рымскіх хрысціян былі свае іканапісцы.
У бібліятэке Ватыкана захоўваецца выява Святых апосталаў Пятра і Паўла на бронзавым медалі І-га хрысціянскага стагоддзя з пахавальні Даміцылы. Гэта верагодна падабенства тых партрэтаў Пятра і Паўла, якія бачыў знакаміты хрысціянскі гісторык і пісьменнік Кесарыйскі епіскап Еўсевій Памфіл (+340), які напісаў аб іх. А яшчэ раней за яго, Папа Рымскі Сільвестр (314-335), тыя выявы паказваў імператару Канстанціну Вялікаму, калі той аб’явіў яму, што бачыў у сне двух мужчынаў абсалютна падобных на той вобраз Пятра і Паўла, які паказаў яму Папа.
На тым медалі апостал Павел з лысінай. Такім яго апісаў хрысціянскі пісьменнік блаславёны Еранім і візантыйскі гісторык Нікіфар Каліст. На рэштках шклянага посуду, што былі знойдзены ў катакомбах, знаходзяцца выявы Святога Лаўрэнція, Святога Вікенція, Святога Іпаліта, Святога Папы Рымскага Каліста, Святога Папы Марцэліна, Святога Папы Сікста, Цімафея. Захавалася старажытная выява Святой Агнэсы, 13-гадовай дзяўчынкі, якую ў 304 годзе за веру ў Хрыста замучылі пры імператары Дыаклеціяне і пахавалі ў магільным склепе каля дарогі Наментанскай, недалёка ад сценаў Рыма. Яе шанаванне было такім вялікім і распаўсюджаным на Захадзе, што ў яе гонар будавалі храмы, складалі вершы і пісалі абразы. На адным з іх Святая Агнэса з дзвума галубамі, якія трымаюць у сваіх дзюбах мучаніцкія вянцы. Гэтыя вянцы нагадваюць вершы хрысціянскага паэта Прудэнцыя напісаныя ім каля 410 года, што захаваліся да нашых дзён:
Мучаніцы дадзены падвойны вянок
Нічым не заплямёнае дзявоцтва.
Сучаснікі нехрысціяне дзівіліся шчодралюбнасці сэрцаў хрысціян у адносінах да аднаверцаў і дзівіліся, чаму менавіта цяпер, а не раней увайшоў у жыццё гэты новы род людзей або людзкі звычай. “Кроў мучанікаў – гэта семя Царквы”, – пісаў аўтар шматлікіх багаслоўскіх працаў ІІІ-га стагоддзя Тэртулліян. Пераследванні не змаглі прыпыніць распаўсюджванне Хрысціянства, яны толькі прымусілі хрысціян шукаць шляхі абароны ад грамадзтва, якое не жадала іх прызнаваць. Неабходна было зняць з новай веры абвінавачванні, што віселі над ёй, растлумачыць імператарам, што нельга пасылаць людзей на смерць толькі за адно імя “хрысціянін”. Але час нашай гутаркі на сёння скончаны, працяг яе слухайце, калі ласка праз тыдзень. 







All the contents on this site are copyrighted ©.