2007-01-13 11:28:49

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( працяг)


Між іншага Catholic Herald надрукаваў 2 верасьня артыкул таго самага “ўласнага карэспандэнта” пад загалоўкам “Два сьвятары будуць працаваць тут сярод праваслаўных расейцаў” (Two Priests Will Work Here among Russian Orthodox). У артыкуле ён піша: «Два расейцы, што раней (належалі) да Праваслаўнай Царквы, a цяпер каталіцкія сьвятары славянскага бізантыйскага абраду, хутка прыедуць у Лёндан з Рыму, каб дапамагчы зразумець, як каталікі глядзяць на еднасьць, тысячам праваслаўных расейцаў, што знаходзяцца тут на выгнаньні. Гэта аб’явіў мансіньёр Францішак Бучыс, тытулярны біскуп Алімпу i генэральны кіраўнік айцоў марыянаў, сам усходні дастойнік, які цяпер знаходзіцца ў Англіі. 77-гадовы біскуп, дасканалы лінгвіст, сказаў: “Справа эвангелізацыі Расеі знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі, але ўжо цяпер шмат добрага i карыснага можна зрабіць за межамі Расеі, сярод эмігрантаў”... Два сьвятары, абодва сябры марыянскага закону, будуць жыць у Марыян Гаўз, Фінчлей, Лёндан, разам з айцом Ч. Сіповічам... Але, як патлумачыў біскуп Бучыс, паколькі айцец Сіповіч выдатна працуе сярод сваіх беларусаў, што цяпер знаходзяцца ў гэтай краіне, то два новапрыбылыя [сьвятары] павінны будуць пашырыць сваю дзейнасьць, каб ахапіць большы лік расейцаў з уласна “Вялікай Расеі”»91. Сэнс ясны: хай сабе Сіповіч застаецца з сваімі беларусамі, але прыйшоў ужо час заняцца паважнай справай...
Пытаньне пра расейскага каталіцкага сьвятара ў Англіі, відаць, даўно разглядалася марыянамі, a магчыма, нават Усходняй Кангрэгацыяй. Усе разумелі, што абавязак апекавацца расейскімі каталікамі, накладзены ў 1947 годзе на айца Сіповіча супраць ягонай волі, толькі часовы. Сам Сіповіч хацеў яго пазбыцца. Ён пісаў 7 красавіка 1948 году Бучысу: «Я хацеў бы, каб у Лёндан прыехаў як найхутчэй расейскі сьвятар, які б заняўся выключна працаю сярод расейцаў». Ён нават спачатку не пярэчыў, каб беларусы i расейцы карысталіся адной капліцай, з умоваю, што іхныя місіі будуць цалкам асобныя і незалежныя. Пасьля выявілася, што гэта нерэальна.
Георгі Бранчанінаў i Андрэй Каткоў – расейскія сьвятары, якіх Бучыс выправіў у Лёндан, – абодва выхоўваліся ў беларускіх марыянаў у Харбіне. 7 лютага 1950 году, калі канчаткова вырашылася пытаньне зь ix прыездам, Сіповіч пісаў Бучысу: «Да гэтага часу я быў адказны за пастырскую працу сярод расейцаў у Англіі. Пасьля прыезду айцоў я буду прасіць Усходнюю Кангрэгацыю звольніць мяне ад гэтага абавязку i пакінуць мне толькі духоўную апеку над беларусамі. На маю думку, найлепшая разьвязка была б такая: заснаваць Расейскую Каталіцкую Місію ў Англіі i пакінуць Беларускую Місію такой, якой ёсьць. Адрас можа быць той самы, але абсягі дзейнасьці розныя... Айцы Андрэй i Георгі зьяўляюцца гадунцамі беларускіх айцоў. Гэта забавязвае ix да ляяльнага стаўленьня i павагі да Беларускай Каталіцкай Царквы... Прызнаюся, што я не задаволены з прыезду айца Андрэя. Ён вялікі індывідуаліст i нацыяналіст; больш за тое, ён скрытны i вельмі недаверлівы. Я ніколі ня здолеў пагутарыць зь ім адкрыта, па-братэрску...»
Два сьвятары прыехалі ў красавіку 1950 году. Айцец Сіповіч справіў у нядзелю 23 красавіка ў іхны гонар сьціплае прыняцьце, пра якое “ўласны карэспандэнт” адразу паведаміў у Catholic Herald. Навонкі дачыненьні між трыма сьвятарамі былі добрыя, але неўзабаве пачаліся цяжкасьці. Пастанову выслаць расейскіх сьвятароў у Лёндан прыняў толькі Бучыс. Ён ня раіўся з Усходняй Кангрэгацыяй i не паведаміў адпаведным царкоўным уладам у Англіі. Калі аа. Бранчанінаў і Каткоў зьвярнуліся ў Лёндане ў Каталіцкі Камітэт па справах уцекачоў з просьбай выстарацца ім дазвол наведваць інтэрнаты работнікаў, сакратар Камітэту адказаў ім: «Я разумею, што вас паслалі сюды працаваць пад паслушэнствам. Якраз дзеля гэтага было б больш карэктна марыянскаму закону перш як пасылаць вас сюды, зьвярнуцца да (царкоўных) уладаў у Англіі... Таму, калі ваш закон жадае, каб вы працавалі тут, раю зьвярнуцца з Рыму да Яго Эмінэнцыі кардынала Грыфіна». Калі ж яны зьвярнуліся да апостальскага дэлегата, атрымалі адказ: «На маю думку, было б карысна перадаць справу ва Ўсходнюю Кангрэгацыю» (Sarebbe utile, al mio parere, di riferire la questione alla Congr. Orientale). Так выглядала сытуацыя з расейскімі сьвятарамі праз паўгоду пасьля іхнага прыезду ў Лёндан... Ня маючы прызнаньня з боку мясцовых царкоўных уладаў, яны пачалі дзейнічаць на ўласную волю i заснавалі Расейскі каталіцкі цэнтар бізантыйска-славянскага абраду ў Вялікай Брытаніі (Russian Catholic Centre of Byzantine Slavonic Rite in Great Britain) з адрасам у Марыян Гаўз. Нельга сказаць, каб айцец Сіповіч прыйшоў ад гэтага ў захапленьне, але да часу маўчаў, аж покуль ня здарыўся адзін прыкры выпадак. У пакоі-прыймальні Марыян Гаўз заўсёды ляжалі часопісы i газэты на беларускай, расейскай, ангельскай, італійскай ды іншых мовах. Аднаго дня расейцы, якія належалі да іхнага “цэнтру”, ладзілі сваю зборку ў Марыян Гаўз. Перад яе пачаткам нехта з расейскіх сьвятароў, відаць, шануючы далікатныя нэрвы сваіх суайчыньнікаў, схаваў усю беларускую прэсу. Айца Сіповіча ў той момант не было ў хаце, але ён вярнуўся раней, чым расейцы пасьпелі пакласьці беларускія выданьні на сваё месца... Стварылася прыкрае становішча. Гэты й падобныя выпадкі пераканалі айца Сіповіча, што памылкова мець у адным доме расейскую i беларускую місіі. Ён так сказаў увосень у Рыме Бучысу. Той абвінаваціў яго ў беларускім нацыяналізьме. Сіповіч вельмі балюча перажываў гэта. У першы тыдзень кастрычніка ў Рыме ён меў гадавыя рэкалекцыі, пад час якіх, разважаючы аб паслушэнстве, паставіў перад сабою наступныя пытаньні: «Ці будзе супраць дасканалага паслушэнства: 1) выказаць свае аргумэнты перад старэйшым (начальнікам); 2) старацца пераканаць старэйшага ў лепшым дабры, падмацоўваючы сур’ёзнымі доказамі i спытаўшыся рады спаведніка; 3) адклікацца ад ніжэйшага да вышэйшага кіраўніка, ад генэральнага супэрыёра да Сьвятога Пасаду (калі прычыны незвычайна важкія)».








All the contents on this site are copyrighted ©.