2007-01-09 14:03:01

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг нашага цыклу


У мінулы раз мы расказвалі аб самых старажытных хрысціянскіх сімвалах, якія былі раскрыты даследчыкамі ў знакамітых рымскіх катакомбах. Але гэта былі не звыклыя нам сімвалы Хрысціянства. Паўсюдна тыя выявы падаваліся інасказальна. Напрыклад Уваскрэсенне Хрыстова выяўлялі пад выглядам прарока Іоны, які выратаваўся з пашчы кіта. Або пад вобразам чатырых пораў году, з якіх зіма азначае смерць, вясна – уваскрэсенне, лета і восень – жыццё будучага стагоддзя, а ўсё разам Волю Божую, якая бароніць усіх і ўсё.
Дзеля прыкладу, на адным з муроў намалявана зіма. Малады чалавек стаіць перад пылаючым вогнішчам. У руцэ ён трымае паходню, патрэбную для доўгіх зімовых начэй. На зямлі няма ніводнай былінкі, дрэвы без лісця. Усё памерла. Вось выяўлена вясна. Юнак стаіць пасярод дагледжанага сада і агарода, ён прыносіць Богу ў ахвяру лілеі, зайца ці казлёнка. Усё ўваскрэсла і расквітнела. Выява лета. Хлопец жне пшаніцу, рослую і густую. Гэта адроджанае святое жыццё, што выспела для рая. Восень. Малады чалавек прыстаўляе лесьвіцу да дрэва, па якім уецца вінаградная лаза, каб зняць вінаградныя гронкі. Гэта – жыццё, напоўненае добрымі справамі і паспелае да рая. Грэкі выяўлялі чатыры пары года ў выглядзе жанчынаў, рымляне – у выглядзе мужчынаў. На думку старажытных настаўнікаў Царквы, падобныя выявы нагадвалі першым хрысціянам іх будучае ўваскрэсенне і падтрымлівалі ў іх удзячнасць і любоў да Бога, які ўсё стварае і захоўвае. Адзін з Айцоў Царквы, хрысціянскі пісьменнік ІІІ-га стагоддзя Тэртуліян з Карфагена ў сваім разважанні аб уваскрэсенні сказаў:
«Увесь гэты зменны парадак рэчаў ёсць сведчаннем аб уваскрэсенні мёртвых». Ён жа ў іншым творы мацней выказаў тое ж самае: «Гэты свет паўсюль дае нам сведчанне і абразчык уваскрэсення людзей. Кожны дзень свет гасьне і запальваецца, і зоркі гаснуць і зноў блішчаць, поры году пачынаюцца, калі заканчваюцца». Адметна і тое, што разам з выявамі чатырох пораў году заўсёды быў выяўлены і вобраз Добрага Пастыра. Гэтае сумяшчэнне нібыта сцвярджае, што гэты Пастыр заўсёды і паўсюль клапоціцца аб сваіх авечках і даглядае за імі як трэба. Ён жывы вобраз Божай Волі. Першыя хрысціянскія мастакі любілі выяўляць Ноя ў каўчэгу, які прымае галубку з алейкавай галінкай у дзюбе. Такая выява знаходзіцца ў пахавальніцы Даміцылы, зробленай у Рыме прыблізна ў 180-я гады. Гэта адлюстраванне дагматычнай навукі Царквы аб збаўленні душы праз хрост, абвешчанае Святым Пятром: «У дні Ноя ў каўчэгу нямногія, менавіта восем душ, спасліся ад вады, і нас цяпер падобны на гэта хрост ратуе». Гэтую навуку добра зразумеў ужо ўзгаданы намі аўтар шматлікіх багаслоўскіх працаў ІІІ-га стагоддзя Тэртулліян, які напісаў у сваіх разважаннях аб хросце:
«Як голуб, пасланы з каўчэга пасля таго, як грахі свету былі абмыты водамі патопа, гэтага хросту старажытнага свету, калі можа так сказаць, як той голуб, што вярнуўся ў каўчэг з аліўкавай галінкай, быў вестуном заканчэння нябеснага гнева і пачатка вернутага света, так Дух Святы ў выглядзе голуба, пасланага да нас, ляціць да зямлі, гэта значыць да нашага цела, ачышчанага баняй жыцця, і прыносіць яму мір ад Бога: каўчэг ёсць ясны сімвал, вобраз Царквы».
Гэты самы вобраз, намаляваны на дошцы, што накрывала пахавальны склеп, нагадваў вернікам, што пахаваны тут хрысціянін сканаў у міры з Богам і выратаваны Царквой. У старажытных рымскіх пахавальнях ёсць выявы прарока Майсея, які скідае абутак і ставіць на камень нагу, а таксама калі Майсей набліжаецца да куста, які гарыць ды не згарае. Па тлумачэнні Святога Грыгорыя Назіанзіна, Майсей у такім выглядзе нагадваў чалавека, які гатовіцца да хросту і адракаецца ад света, грэха і д’ябла. Але магчыма гэтыя катакомбныя выявы падрыхтоўвалі хрысціянаў да пабожнага прыняцця Святых Дароў. Нярэдка трапляецца выява Майсея, які ізводзіць ваду з Харыўскага ўцёса і побач выява Ісуса, які ўваскрэшае Лазара. Аб чым гэта гаворыць? Падобным чынам унушалася думка аб усемагутнасці Бога, які можа даць ваду з сухога каменнага уцёса і вывесці з магілы ажыўленае цела. Унушалася і тое, што хрост хрысціяніна ў вадзе ў імя Святой Тройцы ёсць для яго задаткам вечнага жыцця, якое ён атрымае пасля ўваскрэсення.
Як пісьменнік Тэртулліян, так і святы мучанік Кіпрыян Біскуп Карфагенскі, набліжалі збавіцельныя воды Харэўскую і хросную, і ў першай бачылі перамяненне другой. Такое набліжэнне і было намалявана ў катакомбах. Гэта азначае, што тагачасны хрысціянскі жывапіс не быў выдуманы мастакамі-іканапісцамі, а ўзаконены Хрысціянскай Царквой. Калі пералічаныя намі сцэны былі намаляваныя ў катакомбах або выбітыя на саркафагах, іх прысутнасць побач з целам памёрлага азначала той жа сэнс, што быў у пахавальнай малітве. Гэта быў звычай старажытных габрэяў. Там пералічваліся папярэднія ўмяшальніцтва Божай Сілы дзеля спасення верніка, а таксама была просьба, каб Бог явіў міласць да мёртвага чалавека. Былі там і такія словы: «Божа мой, збавіцель, як ты выратаваў Ноя, Ісака, Давіда, Данііла і іншых, так выратуй і мяне».
Мінула больш за паўтары тысячы гадоў, а словы тых старажытных хрысціян і цяпер блізкія кожнаму іх аднаверцу. Хрысціянства прыцягвала да сябе людзей тым, што дазваляла ім жыць па іншаму ў тым суровым і жорсткім свеце. Сакрэт шырокага распаўсюджвання Хрысціянства быў у тым, што яно дазваляла сваім паслядоўнікам жыць па-свойму сярод язычнікаў, у поўным адрыве ад іх света і жарсцяў.
Але, на сёння час нашай гутаркі скончыўся. Таму, ўсім каму было цікава, мы прапануем паслухаць працяг, які будзе праз тыдзень. 







All the contents on this site are copyrighted ©.