2007-01-08 09:35:20

Сёстры з закону Мацi Тэрэзы працуюць таксама i ў Душанбэ.


Заснаваны блаславёнай Маці Тэрэзай Калькутскай закон Міласэрнасці распачаў новую праграму прафесыйнага навучання для дзяўчынак з Таджыкістану, краіны, большасць насельніцтва якой складаюць мусульмане.
Законніцы на пачатку кастрычніка адкрылі невялікае памешканне з рознымі швейнымі машынамі, на якіх задарма вучаць таджыкскіх дзяўчынак шыццю, вязанню і вышыўцы. На сёняшні дзень курсы наведваюць 11 мусульманскіх дзяўчынак ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў.
“Мы жадалі пачаць курсы для дзяўчынак з каталіцкіх семьяў, але зразумелі, што большасць з іх вучацца ў школах і не маюць дастаткова часу для нашых заняткаў”, - адзначыла кіраўнік законнай суполкі ў Таджыкістане сястра Ламола. Па яе словах, тады законніцы вырашылі даць магчымасць вучыцца дзяўчынкам-мусульманкам. Сёстры з закону Маці Тэрэзы не ведаюць таджыкскай мовы і размаўляюць з навучэнкамі на рускай мове, якую дзяўчынкі ведаюць дрэнна.
“Мусульманскім дзяўчатам падобная служба неабходна болей, чым хрысціянскім, бо бацькі звычайна не даюць ім магчымасці скончыць школу, - гаворыць сястра Ламола, місіянарка з Iндыі. – Яны выдаюць іх замуж”. У выніку, дзяўчыны рэдка атрымліваюць якую-небуць спецыяльнасць і звычайна бяруць шлюб прыблізна ў 20 гадоў, і робяцца хатнімі гаспадынямі. Па словах сёстраў, іх навучэнкі з вялікай радасцю авалодваюць прапанаванаму ім рамёству.
Курс заснаваны на практычнай дапамозе і не мае мэты прапаведвання хрысціянства. “Мы не можам маліцца ці размаўляць аб Езусе пад час заняткаў, таму што тады дзяўчынкі пакінуць нас, ці іх бацькі забароняць ім прыходзіць да нас. Але гэтай службай і прыкладам нашага жыцця мы маем магчымасць паказаць любоў Хрыста да ўсіх”, - падкрэсліла сястра Ламола.
Законніцы з Кангрэгацыі Маці Тэрэзы ўпершыню прыбылі ў Таджыкістан у 1991 годзе. Iх галоўнае служэнне – дапамога людзям сталага ўзросту, якім законніцы раздаюць задарма ежу, аказваюць медычныя паслугі і дапамагаюць у хатніх справах. Яны раздаюць таксама задарма прадукты харчавання бяздомным на вуліцах Душанбэ. Таджыкская суполка законніц складаецца з чатырох сясцёр, дзве з якіх прыехалі з Iндыі, адна з Польшчы, і яшчэ адна – з Кеніі.
Каталіцкая суполка Таджыкістана вельмі малая – яна налічвае толькі 250 вернікаў. У краіне існуе тры каталіцкіх парафіі, у якіх служаць пяць святароў.







All the contents on this site are copyrighted ©.