2007-01-02 13:42:04

Сьвет першых хрысьціянаў


У сёняшняй нашай гутарке мы раскажам аб самых старажытных хрысціянскіх сведчаннях, якія больш за ўсё былі знойдзены ў знакамітых рымскіх катакомбах. Аб гэтых сведчаннях Папа Ян Павел ІІ казаў, што яны з’яўляюцца падмуркам святасці Рымскай Каталіцкай Царквы.
Старажытныя хрысціянскія скульптары і разьбяры выяўлялі на каштоўных камянях Царкву Хрыстову ў выглядзе марскога карабля, што стаіць на спіне плывучай рыбы. Пад выявай рыбы меўся на ўвазе Хрыстос, заснавальнік Царквы. Супольнасць, у якую новапасвечаны ўступаў праз патаемства хросту, мела назву “царква” (ад грэцкага слова “ekklesia” – збор пасвечаных). Хаця кожная з іх у той час мела свае асаблівасці, усе яны былі Царквою Божай. Першыя хрысціяне выяўлялі таксама Еўхарыстыю і пад выглядам хлеба і рыбы, і ў выглядзе малака ў пасудзіне, або на алтары, або ў руцэ Добрага Пастыра, або на спіне ягняці. У рымскай пахавальніцы Люцыны на сцяне, насупраць рыбы, што трымае на спіне кошык з хлебам і віном ёсць такі малюнак. Збан з малаком стаіць на простым каменным алтары, паміж двума рыбакамі. Маецца на ўвазе, што гэтыя рыбакі ёсць вернікі ў Хрыста, а малако і ёсць сам Хрыстос, які пітае іх сабою. Такі ж самы збан з малаком у суседнім пакоі пахавальніцы бачны ў правай руцэ Добрага Пастыра, які нясе на плячах сваіх ягня.
Яшчэ ў адной катакомбе, а менавіта ў магільным склепе Даміцылы на сцяне намаляванае ягня з прывязаным да яго посахам Добрага Пастыра, на тым посахе вісіць жбанок з малаком. А ў пахавальніцы Святых Пятра і Марцэліна такая пасудзіна намалявана на спіне ягняці і абкружана німбам у знак святасці патаемства. Усе гэтыя выявы вельмі старажытныя і могуць датавацца ІІ-м ІІІ-м стагоддзем. Яны разумна былі прыдуманы яшчэ тады, калі хрысціянам трэба было хаваць сваё прычашчэнне Целам і Крывёю Хрыста ад язычнікаў, якія выдумлялі і пускалі чуткі аб тым, што паслядоўнікі Хрыста ядзяць цела і пьюць кроў сваіх дзяцей. Нават у старажытнейшых казаннях і хрысціянскіх кнігах прычашчэнне называлі піццём малака.
У апісанні мучаніцтва Святой Перпетуі, напісаным ў ІІІ-м стагоддзі, гаворыцца, што яна, седзячы ў цямніцы, мела частыя бàчанні, і пад час аднаго з іх убачыла Добрага Пастыра так, што Ён падаіўшы сваіх авечак і, напоўніўшы адну пасудзіну іхнім малаком, прычасціў яе ім. «Яна прыняла гэта прычасце, склаўшы рукі на грудзях і сказала: Амэн, – і ўвесь народ паўтарыў за ёй: Амэн». Гэтае слова прамаўлялі пасля прыняцця сакрамэнтаў Цела і Крыві Хрыста. Такім чынам у паданні аб прычашчэнні Святой Перпетуі малаком з рук Добрага Пастыра мелася на ўвазе еўхарыстычнае прычашчэнне, аб якім яна чула ад прапаведнікаў, што яно пітае і само дае жыццё так, як малако пітае дзіцятка.

Блаславёны Аўгусцін – біскуп Іпанійскі, вельмі добра растлумачыў еўхарыстычны сэнс малака. Вось яго словы: «Гасподзь наш Ісус Хрыстос захацеў, каб ратавалі нас Яго цела і кроў. Але як смяротнаму чалавеку падыйсці да гэтай ежы? Трэба было ёй зрабіцца малаком і так увайсці ўнутр нас – дзіцятак. Але як цела можа ператварыцца ў малако? Так жа, як гэта адбываецца ў маладзіцы. Тое што есць яна, тым самым пітаецца і дзіцятка яе; але так як дзіцятка яшчэ не можа есці хлеба, то маці яго ператварае хлеб у сваё цела і ў сваё малако, якім і корміць дзіцятка, як сваім целам». Прачытаўшы гэтае навучанне Аўгусціна, разумееш, які сэнс надавалі першыя хрысціяне пасудзіне з малаком, што былі намаляваны на сценах іх пахавальніц.
Адметна, што ў старажытнейшых пахавальніцах, да дней імператара Канстанціна Вялікага і нават да ІV-га стагоддзя, не відаць выявы крыжа з укрыжаваным на ім Ісусам Хрыстом. Знаходзяцца толькі манаграмы, якія нагадваюць Яго імя і крыжовую смерць. На тое былі свае прычыны. Тады крыж Хрыста для юдэяў быў спакусай, а для элінаў – шаленствам. Гэта ведалі першыя хрысціянскія біскупы, ведалі ад гісторыка Светонія, як рымскі імператар Каракàлла, будучы яшчэ хлопчыкам, загадаў укрыжаваць аднаго са сваіх сяброў за тое, што той быў хрысціянінам. Ведалі, а магчыма і бачылі ганебнае ўкрыжаванне з аслінай галавой, нацарапанае на сцяне аднаго імператарскага палаца ў насмешку над хрысціянамі. Ведалі ўсё гэта, і шкадуючы неакрэплую веру паслядоўнікаў сваіх з юдэяў і язычнікаў, не дазвалялі хрысціянскім жывапісцам выяўляць крыж і Укрыжаванага на ім, а пастанавілі пісаць на сценах і іконах, выразаць на каменях крыжовыя манаграмы, або крыжы ў выглядзе якара, або грэцкай літары Т.
Нават імператар Канстанцін, стаўшы хрысціянінам, загадаў сваім салдатам выяўляць на шчытах не поўны крыж, а перакрыжаваныя літары Х і Р – манаграма, складзеная з дзвух першых літарах грэцкага слова Хрыстос. У 335-м годзе імператар Канстанцін і яго маці Алена знайшлі Сапраўдны Крыж Хрыстовы, але пасля Канстанціна не хутка з’явіліся ў касцёлах выявы поўнага крыжа з укрыжаваным Збавіцелем. Італьянскія хрысціяне пачалі выяўляць яго аж у V-м стагоддзі, трохі раней за іх гэта рабілі афрыканскія хрысціяне. На землях сучаснай Францыі – у VІ-м стагоддзі, а на Ўсходзе, напрыклад у Канстанцінопалі, раней Х-га стагоддзя Укрыжаванне не выяўлялі. Негледзячы на тое, што ўсё больш і больш людзей навярталіся ў Хрысціянства, патрабаваўся час, каб змяніць вобраз мышлення не толькі ў грамадзтве, але перш за ўсё сярод вернікаў.
Навука аб Уваскрэсенні Хрыста і уваскрэсенні ўсіх хрысціянаў ўпершыню была выяўлена на мармуровых скрыжалях у многіх рымскіх катакомбах. Хрыстос пакутваў, памёр і ўваскрэс. Уваскрэснуць і тыя хто вераць у яго. А праз тыдзень, у гэты ж час, мы працягнем расказ аб культуры старажытных хрысціянаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.