Але айцец Сіповіч нядоўга заставаўся адзін. У канцы траўня прыйшоў жыць у Марыян Гаўз
адзін беларускі студэнт. За ім пацягнуліся іншыя. У ліпені зьявіўся кандыдат у марыянскі
закон. Увосень 1948 году Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі купіла свой
уласны дом, які стаўся цэнтрам беларускай палітычнай i грамадзкай дзейнасьці. Марыян
Гаўз застаўся рэлігійным i ў вялікай меры культурным асяродкам. Штонядзелі i на сьвяты
на Літургію прыходзіла даволі шмат людзей, сьпяваў невялікі, але добры царкоўны хор.
Звычайна людзі заставаліся пасьля Літургіі, асабліва ўлетку, калі можна было пасядзець
у садзе або згуляць у валейбол. Усе адчувалі сябе добра ў прысутнасьці айца Сіповіча,
які ўносіў жыцьцё ў кожную кампанію. Аднак што б ён ні рабіў, Сіповіч ніколі не забываўся,
што ён – сьвятар i што ягоны абавязак – дапамагаць іншым асэнсаваць сваё хрысьціянскае
пакліканьне. Вельмі папулярныя былі дні рэкалекцыяў (духоўных практыкаваньняў. – А.Н.),
звычайна ў Вялікі Пост. У іх маглі браць удзел усе – каталікі i праваслаўныя. Шмат
хто рос у вайну ў атмасфэры, далёкай ад усякай рэлігіі. Таму рэкалекцыі пакідалі ў
ix душах глыбокае ўражаньне. Айцец Сіповіч нястомна заахвочваў моладзь працягваць
навуку. У Лёнданскім Унівэрсытэце вучыліся некалькі беларускіх студэнтаў, былых жаўнераў,
якія мелі дзяржаўныя стыпэндыі. Для большасьці ахвотных да навукі атрымаць стыпэндыю
заставалася недасяжнай марай. У 1949 годзе дзякуючы ініцыятыве некалькіх беларускіх
студэнтаў зь Нямеччыны, перадусім Барыса Рагулі, зьявілася магчымасьць атрымліваць
адукацыю ў Каталіцкім Ўнівэрсытэце ў Лювэне, ці Лёвэне (Louvain), у Бэльгіі. Асабліва
шмат намаганьняў дзеля гэтага прыклаў незвычайны чалавек, бэнэдыктынскі манах, айцец
Рабэрт ван Каўвэляэрт (Robert van Cauvelaert), які стаўся вялікім прыяцелем i апекуном
беларускіх студэнтаў. У кастрычніку 1949 году ў Лювэне адбыўся зьезд прадстаўнікоў
беларускіх студэнтаў з Бэльгіі, Нямеччыны, Францыі i Англіі. Прысутныя там каталікі
разам з айцом Сіповічам скарысталі з нагоды, каб заснаваць Беларускае Акадэмічнае
Каталіцкае Аб’яднаньне (коратка БАКА) “Рунь”. Царкоўныя ўлады прызначылі айца Сіповіча
духоўным кіраўніком новай арганізацыі з цэнтрам у Марыян Гаўз у Лёндане. У наступныя
гады айцец Сіповіч дапамог многім маладым беларусам з Англіі ўладкавацца на навуку
ў Лювэне. Каталікі бізантыйскага абраду на той час яшчэ рэдка трапляліся ў Заходняй
Эўропе. Таму ўсходняя капліца ў Марыян Гаўз адразу прыцягнула ўвагу многіх ангельцаў,
якія цікавіліся Ўсходнім Хрысьціянствам i пытаньнямі царкоўнай еднасьці. Айца Сіповіча
пачалі запрашаць служыць сьвятую Літургію або рабіць даклады для розных суполак i
арганізацыяў. На Літургію ў Марыян Гаўз прыходзіла даволі шмат ангельцаў. Некаторыя
расчароўваліся, калі даведваліся, што айцец Сіповіч – не расеец, але былі i такія,
што рабіліся сталымі “парафіянамі”. У жніўні 1949 году Бучыс праводзіў кананічную
візытацыю марыянскіх кляштараў у Англіі. 21 жніўня ён меў служыць сьвятую Літургію
ў Марыян Гаўз. Гэты “ўсходні дастойнік” ня меў з сабою нават усходніх літургічных
біскупскіх шатаў: было відаць, што ён звычайна служыў у рымскім абрадзе. Добра, што
айцец Сіповіч меў запасны камплект сьвятарскіх літургічных шатаў, у якіх i служыў
Бучыс. У гэты дзень на просьбу Сіповіча ў Марыян Гаўз прыйшло шмат беларусаў, каталікоў
i праваслаўных. Вось як апісвае айцец Сіповіч той выпадак у лісьце да айца Татарыновіча
за 20 верасьня: «Быў тут Я. Э. Бучыс. Мы зь ім саслужылі i ён меў казаньне па-расейску...
Ha казаньні ён разгаварыўся аб праўдзівай еднасьці, аб брацтве беларусаў з маларосамі
(sic! i былі ўкраінцы прысутныя) i вялікаросамі (!). Мае праваслаўныя абурыліся...
Цяпер гэта ўсё я праглынуў i шум крыху абціхся. Служу надалей, пакрысе прыходзяць
да мяне i тыя i другія». Насамрэч казань Бучыса абурыла ўсіх беларусаў – і каталікоў,
i праваслаўных. Многія не захацелі застацца на спатканьне зь ім i пайшлі дамоў адразу
пасьля багаслужбы. Для айца Сіповіча гэта быў найбольшы ўдар пасьля сумнавядомага
артыкулу ў Catholic Herald. Татарыновіч у тым часе адпраўляў рэкалекцыі,а пасьля рыхтаваўся да доктарскай абароны (яна з посьпехам прайшла 1 сьнежня).
Таму адказаў ён толькі 8 сьнежня: «Вестка твая аб казнадзейскім інцыдэнце ў вас падчас
візытацыі мяне ўстрасянула неабыяк; яна, бачыш, пацьвердзіла тое, што я табе калісь,
пры іншых сымптоматах закабаленасьці чужынцамі гэтага дастойніка, пісаў i за што ты
на мяне крывіўся. Не наруку мне была тая вестка, бо якраз мяне ў вельмі важнай хвіліне
здэзарыентавала: я, бач, падчас рэкалекцыяў думаў і гадаў над сваім далейшым кірункам
жыцьця, над уступленьнем у манастыр; i да цяжкіх рацыяў контра гэтага намеру ўвальваецца
мне, як камень праз вакно, яшчэ i гэная твая “навіна”...» Такім чынам, хоць а. Сіповіч
усяляк намаўляў айца Пётру ўступіць у марыянскі закон, няўдалы выступ Бучыса ў Лёндане
стаўся для айца Татарыновіча адным з аргумэнтаў супраць. Безумоўна, былі i іншыя прычыны.
20 сьнежня ён пісаў айцу Сіповічу: «Прызнаюся, мяне гутарка Эксцэленцыі (г. зн. Бучыса.
– А.Н.)са мною ў гэтай справе не надта пацягнула, сьведчыць яна аб
дробязнасьці дэвацыйнай, замест аб шырэйшых ідэалах i пэрспэктывах: замест разгарнуць
перада мною тую нашу каталіцка-беларускую пэрспэктыву, ён мне на першы плян ставіць:
ня піць, не курыць, у карты ня граць. Гэта я магу i ў сьвеце жывучы, не канечне ў
манастыры, асягнуць, калі ўжо збаўленьне сьвету ад гэтага залежыцьме... Слухай – я
хачу бачыць перад сабою нешта іншае, я хачу аддаць жыцьцё не за чатыры сьцяны i patate
(бульбіны. – А.Н.), закрашаныя сухім formaggio (сырам. – А.Н.),
а за здавальненьне маіх сьвятых ідэйных лятуценьняў, за выкіраваньне мяне на таго,
каго сяньня чакае Бацькаўшчына...»