2006-12-29 15:13:05

Paslanie biskupa Blina na Kalady 2006


Умілаваныя
Браты і Сёстры ў Хрысце Пану!
 Прагну павіншаваць усіх вас са Святам Божага Нараджэння. Няхай мае пажаданні абудзяць у вашых сэрцах адказнасць за другога чалавека, каб кожны хрысціянін адчуў сябе апосталам, абвяшчаючым вялікую радасць, людзям спрагнёным дабрыні, любові і супакою.
Езус – гэта сапраўднае Святло. Таму звяртаюся да кожнага з вас: прымі радасную навіну аб Божым Нараджэнні да свайго жыцця і дзяліся гэтым Святлом са сваімі блізкімі і знаёмымі, на працы і ў школе, з тымі, хто патрабуе тваёй дапамогі.
“Вось абвяшчаю вам вялікую радасць. Дзіця нам нарадзілася! Эмануэль. Князь супакою”.
Хрыстус прынёс свету і кожнаму чалавеку супакой і радасць, моц і збаўленне. Таму набліжаючыся ў гэтым Годзе да Езусавых ясляў у нашых малітвах будзем памятаць пра наш народ, людзей хворых і самотных, пра нашу моладзь і дзяцей, пра тых, якія нясуць вайсковую службу, пра вязняў пазбаўленных свабоды, пра людзей працуючых на карысць нашай краіны, пра людзей веруючых у Хрыста і не спазнаўшых Яго любові, і пра тых, якія з розных прычын у гэты дзень не змаглі прыйсці ў Касцёл.
Божае Нараджэнне дало пачатак эры хрысціянства – эры любові і прабачэння. Езус узяў на сябе нашыя грахі, штодзённа нам прабачае і запрашае нас да ўдзелу ў таямніцы Свайго адкуплення.
Станем жа перад Ім у праўдзе, у духу нязломнай веры, братэрскай любові і надзеі на вечнае прабыванне ў небе, перапрашаючы і прабачаючы нашым бліжнім.
Радасных і бласлаўленых свят Божага Нараджэння і
шчаслівага Новага 2007 года
 ад усяго сэрца вам жадаю
Біскуп Віцебскі







All the contents on this site are copyrighted ©.