Пастырскае Слова на Сьвята Божага Нараджэньня Архімандрыта Сяргея Гайка, Апостальскага
Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
Пастырскае Слова
Апостальскага Візітатара ad nutum Sanctae Sedis для
грэка-католікаў Беларусі на сьвята Раства Хрыстовага 2006 году і на Новы 2007
Год Гасподні
Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі! Дарагія
Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Шаноўныя
Сябры! “Праўдзівае Сьвятло асьвятляе кожнага чалавека, прыходзячы ў гэты сьвет”
(пар. Ян 1,9). 1. Разам з усім хрысьціянскім сьветам у гэты сьвяточны час Раства
Хрыстовага і Новага Году прыходзім у духу да ясьляў Ісуса Хрыста, Спрадвечнага Сына
Божага, і прыносім Яму наш шчыры паклон. У сьвятле, што зьзяе з аблічча Бога-Чалавека,
хочам асэнсаваць таямніцу нашай чалавечай годнасьці і нашага пакліканьня. У гэтыя
сьвяточныя дні хочам прасьвятліць усё нашае жыцьцё сьвятлом “Слова Божага, якое сталася
целам і пасялілася паміж намі” (пар. Ян 1,14). Верым, што Нованароджаны Ісус Хрыстос
ёсьць “праўдзівае Сьвятло, Якое асьвятляе кожнага чалавека, прыходзячы ў гэты сьвет”
(пар. Ян 1,9). Гэтае Сьвятло выводзіць чалавека з цемры маны, фальшу і хлусьні ды
вядзе дарогай Праўды. Ісус Хрыстос – Праўдзівае Сьвятло, Якое “прыйшло да сваіх, і
свае Яго не прынялі. А тым, якія Яго прынялі, дало магчымасьць стацца сынамі Божымі,
тым, што вераць у імя Яго” (Ян 1,11-12). Разумеем, што вера ў Ісуса Хрыста зьяўляецца
крыніцай сьвятла, і ў сьвятле жывой веры хочам увайсьці ў Новы 2007 год. Больш таго,
увесь новы год 2007 будзе для нас, вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, “Годам
веры”. Так шчасьліва атрымліваецца, што ў 2007 годзе спаўняецца 490 гадоў ад моманту,
калі вялікі беларускі першадрукар Францішак Скарына пачаў выдаваць у Празе Біблію
ў старабеларускім перакладзе. У духу ўдзячнасьці Госпаду за каштоўны дар Слова Божага
на роднай мове пастараемся ў новым годзе штодзень чытаць і ў сэрцы разважаць над Словам
Божым, найлепш ідучы шляхам нашых Айцоў – шляхам царкоўнай трыдыцыі, гэта значыць,
карыстаючыся літургічным календаром. Такім чынам, сьвятло Слова Божага будзе нас весьці
дарогай Праўды. 2. У гэты сьвяточны час, у які з уважлівай верай сузіраем Нованароджанага
Хрыста – “Сьвятло, што прыходзіць з Усходу”, (пар. Лк 1,78) -- варта ўсім нам успомніць
словы, якія Вялікі Папа, Слуга Божы Ян Павел ІІ, запісаў у Апостальскім Пасланьні
“Сьвятло Ўсходу” (“Orientale Lumen”) больш за 11 гадоў таму. Зьвяртаючыся да вернікаў
розных літургічных традыцыяў, Ян Павел ІІ пісаў: “Мы закліканыя сёньня да таго,
каб словам і ўчынкам адкрываць людзям нязьмерныя багацьці, якія нашыя Цэрквы захоўваюць
у скарбніцах сваіх традыцый” (“Orientale Lumen”, 4). Мы, беларускія грэка-католікі,
гэта значыць католікі візантыйскай літургічнай традыцыі, прасьветленыя Сьвятлом Усходу,
пакліканыя, каб сьвятло Божай Праўды пераказваць іншым. На пытаньне, як гэта зрабіць,
Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ падказвае: “Праз нязьмернае багацьце вашай Традыцыі”. Бо
царкоўная Традыцыя -- гэта спосаб перадачы веры з пакаленьня ў пакаленьне. Досьвед
нашай Царквы і вопыт нашай асабістай веры паказвае, што нашая Традыцыя здольная захаваць
і, што вельмі істотна, перадаць веру, падзяліцца з іншымі радасьцю з асабістай сустрэчы
з Хрыстом. Гэта таксама заданьне і абавязак для ўсіх нас – спазнаць нашую ўласную
Традыцыю, каб дзейсна і пасьпяхова абвяшчаць Добрую Навіну няверуючым суграмадзянам
нашае Краіны. А рабіць гэта пасьпяхова можам толькі прыкладам нашага жыцьця паводле
Слова Божага. У згаданым ужо Апостальскім Пасланьні “Сьвятло Ўсходу” (“Orientale
Lumen”), Ян Павел ІІ напісаў: “Да ўсіх Цэркваў Усходу і Захаду дасягае гуканьне
людзей нашага часу, што пытаюцца пра сэнс свайго жыцьця. Мы чуем у ім мольбы тых,
хто шукае страчанага і забытага Айца. Сучасны чалавек просіць нас указаць яму Хрыста,
Які ведае Айца і зьявіў Яго нам” (“Orientale Lumen”, 4). 3. Сьвята Божага Нараджэньня
штогод нагадвае нам, што Бог Айцец у Сваёй любові паслаў Свайго Адзінароднага Сына
на сьвет, каб Ён адкупіў чалавека. Той жа Адзінародны Сын, як перадае нам гэта Традыцыя
ў Сымбалі веры, “прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы” ды -- ва ўлоньні Царквы
-- пасылае таго ж Духа веруючым і робіць іх здольнымі любіць братоў і сёстраў, а нават
ворагаў сваіх. Першапастыр Паўсюднай Царквы, Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI, у сваёй
першай энцыкліцы “Deus caritas est”, абвешчанай год таму, сярод іншага адзначыў: “Дух
зьяўляецца таксама сілай, якая зьмяняе сэрца царкоўнай супольнасьці, каб яна была
ў сьвеце сьведкам любові Айца, Які хоча зрабіць чалавецтва адной сям’ёй у Сваім Сыне.
Уся дзейнасьць Царквы зьяўляецца праяўленьнем любові, якая прагне поўнага дабра для
чалавека: прагне яго евангелізацыі праз Слова і Сакраманты, што ў гісторыі часта зьяўляецца
гераізмам; прагне яго рэкламаваньня ў розных вымярэньнях жыцьця і чалавечай дзейнасьці.
Таму любоў зьяўляецца служэньнем, якое выконвае Царква, каб няспынна выходзіць насустрач
цярпеньням і патрэбам людзей” (“Deus caritas est”, 19). Паводле Традыцыі Царквы,
у тым ліку і навучаньня Другога Ватыканскага Сабору, хочам няспынна і нястомна “выходзіць
насустрач цярпеньням і патрэбам людзей”. І ў гэты калядны час хочам несьці духовую
падтрымку ўсім, хто яе патрабуе, асабліва “хворым, тым, што церпяць, зьняволеным”
ды ўсім вымушаным жыць далёка ад сваіх блізкіх і сяброў. Да іх і да ўсіх суграмадзянаў
нашае Айчыны Беларусі хочам з нязломнай верай данесьці Евангельле надзеі ды любові.
Таму, малітвам і высілкам усіх вас давяраем наш супольны абавязак аднаўленьня нашых
старадаўніх парафіяў ды храмаў – сьведкаў нашай царкоўнай Традыцыі і беларускай духовай
культуры. 4. Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры, шаноўныя Сябры! У гэты сьвяточны
час Раства Хрыстовага хочам памятаць таксама, што ў 2007 годзе хрысьціяне Еўропы рыхтуюцца
да III Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі, якая адбудзецца ў горадзе Сібію ў Румыніі
4-9 верасьня. Яе тэма -- “Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсіх. Надзея на абнаўленьне й
еднасьць у Еўропе”. На шляху падрыхтоўкі да гэтай Асамблеі запланаваны духовы прыпынак
і ў Беларусі. Усе мы шчыра ўсьцешаны з Экуменічнай канферэнцыі, якая адбудзецца ў
Менску 20 студзеня 2007 году, гэта значыць падчас экуменічнага Тыдня малітваў за еднасьць
хрысьціянаў. Молімся, каб гэтая Канферэнцыя была блаславёнай нагодай разам з братамі
праваслаўнымі і пратэстантамі асэнсоўваць праўду, што Ісус нясе ўсім сьвятло няспыннай
надзеі. У блаславёны час Раства Хрыстовага ды ў новым 2007 годзе няхай Госпад
моцай Свайго Духа робіць усіх нас здольнымі нястомна любіць нашых братоў і сёстраў,
нашую Бацькаўшчыну і ўсіх яе жыхароў, каб з нязломнай верай дзяліць з імі Евангельле
надзеі ды любові. З пастырскім блаславеньнем і калядным вітаньнем: “Хрыстос
нарадзіўся – Славім Яго!”
Менск, Раство Хрыстова 2006 году. +Архімандрыт
СЯРГЕЙ (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі