2006-12-21 15:32:21

"Царкоўны кубак (Сlericorinis poculum)"-так назвалі аматарскае першынство па футболе, якое правядуць у Рыме святары і семінарысты.


Плануецца шэраг незвычайных спартыўных сустрэч на наступны год і, калі спадабаецца, яны стануцца традыцыйнымі. Пройдуць сустрэчы лігі ад лютага да чэрвеня. Хаця завадатарам спартыўнага настрою і самую ідэю правядзення чэмпіянату сярод каманд семінарыстаў і царкоўных дзеячаў прыпісваюць Дзяржаўнаму сакратару Ватыкана кардыналу Тарчізіо Бертоне, ён пакуль кажа, што гэта толькі мроя,якую стварылі СМІ.
Ёсць аматарскія каманды ў Ватыкане, у тымліку і у нас, на радыё. Але ў новым чэмпіянаце будуць выступаць не журналісты, а падрыхтаваныя атлеты, напрыклад, швейцарскія гвардзейцы, археолагі і, натуральна, моладзь - студэнты, якіх тысячы ў Рыме з розных куткоў свету. Многія сістэматычна трэніраваліся з дзяцінства і могуць паказаць нават прафесійныя якасці. Сам Кардынал Бертоне, як большасць італьянскіх мужчын, вялікі аматар і знаўца футболу. Будучы арцыбіскупам Генуі, ён выступаў радыёкаментатарам гульняў і ўсяго нацыянальнага чэмпіянату. А ў дзяцінстве і сам ганяў мяч.
Першы розыгрыш новага кубка ўключыць 16 каманд, пройдзе ў Вечным горадзе. У ім прымуць удзел семінарысты італьянскай сталіцы розных нацыянальнасцей і дыяканы, якія служаць у храмах Рыма. Сярод удзельнікаў будзе і аматарская каманда Святога Пасаду.
У першым туры будзе падзел на 2 групы, каб ад чвэрцьфіналу весці прамыя сустрэчы. Матчы будуць праходзіць у буднія дні і грацца ў 2 таймы па 30 мінут, каб спартсмены старэйшыя маглі вытрымаць рытм гульні. Найбольшыя надзеі трэнеры ўскладаюць на семінарыстаў з Афрыкі, сярод якіх шмат прафесійных футбалістаў. Яны найлепш падрыхтаваныя як атлеты. Самымі тэхнічнымі, па ацэнках рэлігійных дзеячаў, з'яўляюцца бразільцы і аргентынцы, якія вучацца ў семінарыях, каталіцкіх універсітэтах і працуюць у парафіях Рыма і прадмесцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.