2006-12-16 09:58:55

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Варта прыгадаць, што гарачы абаронца праваслаўя Апанас Берасьцейскі (Піліповіч) прыняў сьмерць у 1648 годзе не за праваслаўную веру, а таму, што яго абвінавацілі ў дзейнай дапамозе казакам Багдана Хмяльніцкага. Вельмі магчыма, што абвінавачаньне было беспадстаўным. Але ня ў тым рэч. Для хрысьціяніна, які сур’ёзна ставіцца да свайго пакліканьня, i адно, i другое забойства (як i кожнае іншае) – непрымальнае. Таму апраўдальны, каб не сказаць “ухвальны”, тон у дачыненьні да забойства “найміта польскіх паноў” гучыць дзіўна ў вуснах людзей, што ўважалі сябе духоўнымі правадырамі народу i пераймальнікамі Настаўніка, які вучыў: “Любеце ворагаў вашых, малецеся за тых, што перасьледуюць вас” (Мц 5:44). Зрабіўшы гістарычны агляд, аўтары пераходзяць да сучасных ім падзеяў: «У надыходзячым 1948 годзе Рым зьбіраецца ўрачыста адсьвяткаваць 350-тыя ўгодкі Берасьцейскай вуніі i робіць вялікую падрыхтоўку да гэтай урачыстасьці, заклікаючы праз сваіх агентаў, якіх нямала працуе сярод нашых беларусаў, i наш беларускі народ пайсьці па дарозе вуніі, абяцаючы вялікія выгады i малюючы ў самых прыгожых колерах тыя часы, калі на беларускіх землях вунія рабіла свае цёмныя справы». Пасьля такога ўступу біскупы працягвалі: «Хітрыя ворагі праваслаўя на Беларусі для посьпехаў сваёй дзейнасьці праз сваіх агентаў імкнуцца пасеяць падзел паміж беларускім праваслаўным народам i выклікаць недавер да вышэйшага духоўнага кіраўніцтва – да Беларускага епіскапату, высьвятляючы яго перад беларускай праваслаўнай эміграцыяй як здраднікаў беларускага народу i ворагаў беларускай дзяржаўнасьці i аўтакефальнасьці Беларускай Праваслаўнай Царквы». Як быццам гэтага было мала, «ворагі Сьвятога Праваслаўя імкнуцца ўбіць яшчэ другі клін падзелу ў масу беларускага народу. Яны ўмаўляюць яму, што праўдзівае імя беларуса i Беларусі ёсьць “крывіч” i “Крывія”». Даказаўшы такім чынам пераканаўча (прынамсі для сябе), хто сапраўды вінаваты ў закалоце сярод праваслаўных беларусаў на эміграцыі, аўтары “Адозвы” далей намагаліся патлумачыць вернікам прычыны іхнага пераходу да Расейскай Зарубежнай Царквы i апраўдаць неабходнасьць гэтага кроку. Іхныя аргумэнты нагадвалі прыказку “Я – ня я, i хата не мая”, але гэта, відаць, ix не бянтэжыла. Галоўная ўправа Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі атрымала “Адозву” ўлетку 1947 rоду i пастанавіла падаць да ведама сяброў яе зьмест разам з сваімі заўвагамі ў адмысловым артыкуле ў бюлетэні Згуртаваньня На шляху. Артыкул зьявіўся ў верасьнёўскім нумары86. Заўвагі апрацаваў айцец Сіповіч. У іх захоўваецца памяркоўны тон, каб не абразіць нічыіх рэлігійных пачуцьцяў. У прыватнасьці, а. Чэслаў пісаў: «Адозва гаворыць аб нейкіх агентах Ватыкану i іхнай варожай для беларускага народу працы. Для дабра агульнага беларускай справы мы жадалі б ведаць, гдзе гэтыя агенты? i чаму ix варожая праца?.. Сяньня, калі хістаюцца фундаманты хрысьціянства; калі бязбожны камунізм пагражае вялізарнай частцы людзкіх душ... нашы ўладыкі “бьют в набат” супраць ім толькі ведамых агентаў Ватыкану...» У канцы ён згадвае, што ў “Адозве” аддаецца столькі месца дробязнай спрэчцы пра назоў “Крывія” ці “Беларусь”, між тым як «амаль нічога няма проціў бязбожнага камунізму, няма такжа заахвоты да сужыцьця беларусаў каталікоў i праваслаўных i наадаварот, што з пункту гледжаньня грамадзкага, культуральнага i палітычнага ёсьць для нас неабходным».
Бюлетэнь выдаваўся рататарным спосабам. “Друкарамі” былі сябры Лёнданскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў, пераважна праваслаўныя. I тут здарылася нечаканае. Вось што піша айцец Сіповіч 2 кастрычніка айцу Гарошку: «Атрымаеш хутка № 7 “На Шляху”, i то ў двох выданьнях. Вінцук (Жук-Грышкевіч. – А.Н.) і я пастанавілі адказаць на адозву, i вось я напісаў. Хлопцы, якія адбівалі яе на цыклястылю, прачытаўшы яе, г. зн. “Адозву” пададзенаю i нашы заўвагі, пачалі дамагацца, каб гэта з “На Шл(яху)” было выкінута i то не дзеля таго, што “каталіцкае”, але каб не пачынаць непатрэбных сварак. Доўга мы разважалі i самі, i разам з хлопцамі, каторым абсалютна нічога не магу закінуць, i ўканцы вырашылі ўсё выкінуць i даць нешта новае». Айцец Сіповіч быў гатовы не надаваць вялікага значэньня гэтаму здарэньню i нават імкнуўся апраўдаць акт самавольнай цэнзуры з боку “хлопцаў”. Але ўсё было дарэмна. Выпадак з артыкулам стаўся не прычынай, a сымптомам канфлікту. Хоць паўстаў ён у Нямеччыне, ад некаторага часу нарастаў i набіраў моцы сярод сяброў Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Айца Сіповіча чакалі ў будучыні цяжкасьці. Ён балюча перажываў, калі бачыў, як людзі разьвітваліся ўвечары сябрамі, а наступнага дня сустракаліся ворагамі. Прыгноблены, ён пісаў айцу Гарошку 3 лістапада: «Цяпер я перамучаны i вельмі заняты, тым больш, што ідзе ў нас змаганьне i то паважнае, a іскрай мог быць “Божым шл(яхам)”, а можа проста папоўская рука ці што іншае. Учора першы раз маніфэстацыйна ні адзін з праваслаўных (ня быў) на службе. Ня ведаю, чым гэта скончыцца... Можа ўсё гэта сталася, каб я ў пыху ня ўбіўся, бо вось надовечы атрымаў ад Дэлегата Апостальскага адказ Усходняй Кангрэгацыі, якая згаджаецца, каб афіцыяльна мая місія называлася “Mission to the Catholic Whiteruthenians of the Byzantine Rite in England”. Апрача тытулу прызначаецца мне 150 фунтаў у год на ўтрыманьне і місійную працу. Гэта ўсё для нас сапраўды пацеха, Але – як успомніў, – i чорт ня сьпіць... Цярністы наш сьвятарскі шлях i камяністая дарога сьвятой вуніі. Аднак стойка будзем па ёй ісьці».
Айцец Гарошка адказаў 7 лістапада: «Буры няма чаго баяцца, на яе трэба быць заўсёды падрыхтаваным. Твая думка аб тым, што нашы часовыя няўдачы Бог нам дае, каб не траплялі ў гордасьць, мне ўжо прыходзіла ня раз; бо, сапраўды, пры найменшых удачах мы зашмат сабе прыпісваем, мы, людзі, у справах Божых. Да таго, на маю думку, наша заданьне цяпер сеяць Божае насеньне; калі яно прарасьце i закрасуе, аб гэтым падбае сам Бог, таму за ўсякую цану не перарывай багаслужэньняў, не зважаючы на мінімальны лік прысутных. Кінутае зерне ўсёроўна прарасьце, пэўна ж да яго i куколь далучыцца, бяз гэтага нельга».
Канчатковы падзел адбыўся 2 траўня 1948 году на другім Агульным Зьезьдзе ЗБВБ, калі частка сяброў – прыхільнікаў БЦР – пакінула залю паседжаньняў. Гэта быў моцны ўдар для арганізацыі, аднак яна з часам акрыяла i працягнула сваю працу. Некаторыя зь сяброў, што пакінулі залю ў 1948 годзе, вярнуліся пасьля назад. Тым ня менш беларуская грамада ў Англіі страціла сваю ранейшую еднасьць.








All the contents on this site are copyrighted ©.