2006-12-15 10:43:30

Праваслаўная Царква Грэцыi атрымала каштоўны падарунак.


15 снежня вечарам у славутай рымскай базылiцы св. Паўла па-за Мурамi адбылася цэрымонiя ўручэння Яго Блажэнству Хрыстадуласу, арцыбiскупу Афiнскаму i ўсёй Грэцыi, часткi ад ланцуга, якiм быў пракаваны св. Апостал Павел. Два кольца з гэтага ланцуга (па царкоўна-славянску “верыгаў”) перададзены Грэцкай Праваслаўнай Царкве ад iмя Свяцейшага Айца кардыналам Андрэа Кордэра Ланца, якi з’яўляецца настаяцелям базылiкi св. Паўла па-за Мурамi.
Наша даведка: па гiстарычных дадзеных ланцуг (вярыгi) св.Паўла знаходзяцца ў Рыме з IV стагоддзя. Вядома, што св.Ян Залатавусны у 407 годзе выказаў жаданне далучыцца да шматлiкiх пiлiгрымаў, якiя накiроўвалiся ў Вечны горад, каб малiтоўна ўшанаваць ланцуг, якiм быў звязаны Апостал. У 461 годзе аб згаданай рэлiквii ў адным з iснуючых дакументаў прыпамiнае св. Леў Вялiкi.
У адным з iнвентарнух дакументаў базылiкi св.Паўла па-за Мурамi, якi датуецца 1639 годам, напiсана: “Срэбная статуя св. Паўла з ланцугом, якiм ён быў прывязаны, мае трынаццаць кольцаў”. На сёняшнi дзень iх захавалася дзевяць.
Па традыцыi гэта рэлiквiя выстаўлялася для ўшанавання вернiкамi 25 студзеня (на свята Навярнення св.Паўла) i 30 чэрвеня (у дзень, калi Каталiцкая Царква асаблiвым чынам прыпамiнае Апостала). У апошнi перыяд з’явiлася традыцыя выносiць рэлiквiю пад час Крыжовай дарогi 29 чэрвеня, якая адбываецца каля базылiкi.
Ланцуг св.Паўла з’яўляецца матэрыяльным сiмвалам яго знаходжання ў вязнiцы, нагадваючы нам аб яго пакутах у iмя Езуса; сымвалам любовi, якi злучае Апостала народаў з яго Настаўнiкам. Гэта таксама сiмвал мiласэрнасцi, якi аб’ядноўвае тых, што прызнаюць Езуса – памёрлага i ўваскрослага Пана.







All the contents on this site are copyrighted ©.