2006-12-14 14:10:10

У гэтым годзе ў Ватыкан прывезлi калядную елку з Калабрыi.


Самая вялiкая з калi-небуць пастаўленых на плошчы св.Пятра калядных елак была прывезена в Ватыкан 12 снежня з iтальянскай вобласцi Калабрыя. Больш чым 33-метровае дрэва павiнна было прыбыць у Рым на тыдзень раней, але з-за дрэннага надвор’я i iншых перашкодаў елка затрымалася з прыбыццём. Першая цяжкасць – яе было цяжка ссячы з-за моцнага ветра. Потым былi пэўныя цяжкасцi з пагрузкай дрэва на верталёт.
“Сёння ранiцай я ўбачыў елку са свайго акна”, - сказаў Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI°, звяртаючыся да тых, што прыйшлi на аўдыенцыю да Папы ў сераду, 13 снежня.
Як ужо паведамлялася, традыцыя ўпрыгожваць каляднай елкай плошчу Святога Пятра ў Ватыкане параўнальна новая. Упершыню яна з’явiлася на плошчы перад галоўнай ватыканскай базылiкай па жаданню Яна Паўла II° у 1982 годзе. Кожны год дрэва прывозiцца ў Ватыкан з розных еўрапейскiх краiнаў цi з розных рэгiёнаў Iталii. У гэтым годзе калабрыйцы накiравалi ў якасцi падарунка ўсяго 30 елак для ўпрыгожвання Вечнага горада, сярод якiх i елка для асабiстых апартаментаў Папы.
У блiжэйшыя днi галоўную елку Каталiцкай Царквы будуць упрыгожваць, але святочныя агенчыкi на ёй запаляцца толькi 24 снежня.







All the contents on this site are copyrighted ©.