2006-12-11 14:19:02

Чарговыя старонкi з Сацыяльнай дактрыны Царквы.


VII. Фундаментальныя каштоўнасцi сацыяльнага жыцця
а) Зносiны памiж прынцыпамi i каштоўнасцямi.
197 Акрамя прынцыпаў, на аснове якiх павiнна будавацца грамадства, годнае чалавека, сацыяльная навука Царквы ўказвае i на фундаментальныя каштоўнасцi. Прынцыпы i каштоўнасцi, без сумнiву, спалучаны, бо сацыяльныя вартасцi выяўляюць павагу, з якой трэба ставiцца да тых аспектаў маральнага дабра, на якiя накiраваныя прынцыпы-арыенцiры для належнага структуравання i нармальнага жыцця ў грамадстве. Таму каштоўнасцi патрабуюць як здзяйснення асноўных прынцыпаў сацыяльнага жыцця, так i асабiстай практыкi дабрадзейнасцяў i, такiм чынам, прыняцця маральных нормаў, якiя адпавядаюць гэтым каштоўнасцям. Усе сацыяльныя каштоўнасцi злучаны з годнасцю чалавечай асобы, сапраўднаму развiццю якой яны спрыяюць. Вось гэтыя асноўныя каштоўнасцi: iсцiна, свабода, справядлiвасць, любоў. Прыхiльнасць да iх – надзейны i неабходны шлях асабiстага ўдасканалення i гуманiзацыi супольнага жыцця людзей у грамадстве; гэтыя каштоўнасцi служаць арыенцiрам для для тых, хто мае адказнасць за грамадскiя справы i заклiканы здзяйсняць “важныя рэформы эканамiчных, палiтычных, культурных i тэхналагiчных структураў i неабходныя змены грамадскiх iнстытутаў”. Павага да законнай аўтаномii зямных спраў заахвочвае Царкву не аб’яўляць сябе кампятэнтнай у спецыфiчных галiнах тэхнiчнага i часовага тыпа, але не перашкаджае ёй уздымаць свій голас, каб паказаць, як у розных рашэннях, якiя прыймаюцца чалавекам, гэтыя вартасцi сцвярджаюцца цi, наадварот, адмаўляюцца.
б) Iсцiна
198 Асаблiвы абавязак людзей складаецца ў тым, каб трывала iмкнуцца да iсцiны, паважаць яе i адказна сведчыць аб ёй. Патрабаванне жыць у iсцiне мае надзвычай важнае значэнне ў сацыяльных адносiнах: бо суiснаванне людзей у грамадстве бывае ўладкаваным, плённым i адпавядае iх асабiстай годнасцi, калi заснавана на iсцiне. Чым болей высiлкаў надаюць людзi i сацыяльныя групы да вырашэння грамадскiх праблемаў згодна з iсцiнай, тым далей адыходзяць ад самавольства i тым болей адаптуюцца да аб’ектыўных патрабаванняў маралi.
У наш час неабходна iнтэнсiўная выхаваўчая дзейнасць; усе людзi павiнны ўзяць на сябе адпаведныя абавязкi, каб пошук iсцiны, якая не зводзiцца да сукупнасцi розных меркаванняў цi да аднаго з iх, заахвочвалася б у любых асяродках i пераўзыходзiла б любыя спробы зрабiць адноснымi яе патрабаваннi i зрабiць ёй шкоду. Гэта праблема асаблiва актуальная для света грамадскiх камунiкацый i для света эканомiкi: беспрынцыпнае выкарыстанне сродкаў у гэтых галiнах нараджае ўсё болей пытанняў, якiя настойлiва патрабуюць празрыстасцi i шчырасцi ў iндывiдуальнай i сацыяльнай дзейнасцi.
в) Свабода.
199 Свабода – найвышэйшы знак боскага вобраза ў чалавеку i, такiм чынам, знак найвышэйшай годнасцi кожнай чалавечай асобы: “Свабода здзяйсняецца ў узаемных адносiнах людзей памiж людзьмi. Кожны чалавек, створаны на ўзор Бога, мае натуральнае права на прызнанне за iм свабоды i адказнасцi. Усе павiнны аддаваць кожнаму гэты доўг павагi. Права на карыстанне свабодай – патрабаванне, неадрыўнае ад годнасцi чалавечай асобы”.
Не трэба абмяжоўваць значэнне свабоды, разглядаючы яе ў чыста iндывiлiдуаiстычнай перспектыве i зводзячы яе да адвольнага i бескантрольнага здзяйснення ўласнай асабiстай эканомii: “Свабоды няма ў татальнай аўтаркii чалавечага “я” i там, дзе адсутнiчаюць адносiны; свабода сапраўды iснуе толькi там, дзе людзей аб’ядноўваюць узаемныя сувязi, якiя рэгулююцца iсцiнай i справядлiвасцю”. Зразуменне свабоды паглыбляецца i пашыраецца, калi людзi захоўваюць яе – у тым лiку i на сацыяльным узроўнi – як нейкае цэлае, ва ўсёй поўнi яе вымярэнняў.
200 Аб павазе да каштоўнасцi свабоды – а свабода выяўляе выключнасць кожнай чалавечай асобы – магчыма размаўляць тады, калi кожнаму члену грамадства дазволена рэалiзаваць уласнае асабiстае паклiканне; шукаць iсцiну i наследаваць на практыцы ўласным рэлiгiйным, культурным i палiтычным iдэям; выказваць асабiстае меркаванне; прыймаць рашэннi адносна свайго жыцця i, па магчымасцi, адносна сваёй працы; браць на сябе iнiцыятыву ў эканамiчнай, сацыяльнай i палiтычнай галiнах. Гэта павiнна адбывацца “у надзейным юрыдычным кантэксце”, у рамках агульнага дабра i агульнага парадка i, у кожным выпадку, пад эгiдай адказнасцi.
З iншага боку, свабоду трэба разумець i як здольнасць адмовiцца ад усяго маральна дрэннага, у якiх бы аблiччах яно б не з’яўлялася б, як здольнасць сапраўды аддзялiцца ад усяго, што можа супярэчыць развiццю асобы, сямьi i грамадства. Поўня свабоды – гэта здольнасць кiраваць сабой, iмкнучыся да сапраўднага дабра, у межах унiверсальнага агульнага дабра.







All the contents on this site are copyrighted ©.