2006-12-09 10:08:29

Сьвята Непарочнага Зачацьця ў Рыме з удзелам Папы Бэнэдыкта 16.


У пятніцу 8-га сьнежня а паўдні Папа адгаварыў з вернікамі, якія сабраліся на Плошчы Сьвятога Пятра, багародзічную малітву “Анёл Гасподні”. У сваім разважаньні Сьвяцейшы Айцец спаслаўся да ўрачыстасьці Непарочнага Зачацьця Найсьвятой Дзевы Марыі. Гэтае сьвята ўвекавечвае факт, што Марыя, ў сілу асаблівае прывілеі, была зьбярэжана ад першапачатковага граху і ад ўсялякае віны, каб такім чынам змагчы стацца жыльлём Уцелаўлённага Слова. Бог падрыхтаваў Яе да незвычайнага заданьня ў гісторыі збаўленьня. Непарочнае Зачацьце абазначае таксама асаблівую блізкасьць Марыі з Богам, поўную даверанасьць Богу, ўнутраную гармонію, поўню чалавецтва. Хаця догма аб Непарочным Зачацьці Марыі была абвешчана толькі ў 1854-м годзе самое сьвята Касьцёл адзначае прынамсі ад 7-га стагоддзя.
RealAudioMP3
Сёньняшняе Сьвята Непарочнага Зачацьця асьвятляе, як ліхтар, час Адвэнту, які зьяўляецца часам знамянальнага чаканьня прыходу Збавіцеля. Чакаючы гэтае сустрэчы ўглянемся на Марыю якая, “блішчыць, як знак трывалай надзеі ды суцяшэньня для Божага Народу”. З гэтай сьвядомасьцю запрашаю вас- зьвярнуўся Папа да прысутных вернікаў- прыбыць на Плошчу Гішпанскую, каб ужо традыцыйна там працягнуць аддаваць пашану Найсьвятой Дзеве Марыі.
І сапраўды, ў пятніцу 8-га сьнежня, пасьля абеду, як сам Папа сказаў у прамове перад адгаварэньнем Багародзічнае малітвы “Анёл Гасподні”, ён наведаў славутую плошчу Іспаніі ў Рыме. Там знаходзіцца статуя Божае Маці, якая стаіць на антычнай калоне і ўвекавечвае догму Непарочнага Зачацьця Марыі. Папа склаў ля падножжа гірлянду кветак, даручаючы Марыі асабліва сем”і і моладзь, якая адчувае місійнае пакліканьне.
Перад прыбыцьцём на Гішпанскую Плошчу Бэнэдыкт 16 наведаў Касьцёл Найсьвятой Тройцы.
Святая Тройца на Гарах над славутай іспанскай лесвіцай - парафія рымлянаў французскага паходжання з перыяду ўцёкаў ад Напалеона Банапарта.
Перад статуяй Марыі сабраліся тысячы рымлянаў і турыстаў з цэлага сьвету, з якімі Папа памаліўся разам. Затым Сьвяцейшы Айцец спаткаўся з працаўнікамі камерцыйных структур, што маюць свае магазіны блізка гэтае славутае плошчы.Дарэчы, ёсць тут не толькі найбагацейшыя буцікі, але і шмат танных магазінаў, якімі часта кіруе моладзь.
Потым Папа прыбыў да рымскае Базылікі Святой Марыі Вялікай ( Санта Марыя Маджорэ) на малітву перад іконаю ахоўніцы Рыму: “Салюс Пополі Романі”(Збаўленьне рымскаму народу), якая вельмі шануецца як католікамі , так і праваслаўнымі ў нас у Беларусі. Пасьля кароткага засяроджаньня перад гэтай іконай Сьвяцейшы Айцец вярнуўся ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.