2006-12-09 10:40:07

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Наагул айцец Сіповіч падтрымліваў з расейцамі вельмі абмежаваныя кантакты. Тым ня менш i сярод ix ён знайшоў добрых прыяцеляў. Адным зь ix быў граф Георгі Бэнінгсэн, расейскі арыстакрат швэдзкага паходжаньня, сьціплы i добры чалавек i шчыры каталік. Ён пакінуў Расею пасьля рэвалюцыі 1917 году, а ў 1926 годзе стаў сузаснавальнікам Таварыства сьвятога Яна Залатавуснага. Яно мела мэтаю пашыраць веды пра Ўсходняе Хрысьціянства сярод англамоўных каталікоў. Бэнінгсэн шмат дапамог айцу Сіповічу разумнымі парадамі i веданьнем ангельскіх парадкаў.
Варта прыгадаць таксама Аньні Крысьціч, сэрбскую каталічку (ейная маці была ірляндкай), якая вельмі шмат рабіла ў справе зьяднаньня хрысьціянаў. Дачка дыплямата, Крысьціч мела шырокія знаёмствы i дапамагла айцу Сіповічу ўсталяваць патрэбныя i карысныя кантакты.
Але на небасхіле пачалі зьбірацца хмары. Яны плылі зь Нямеччыны, дзе большасьць беларускіх эмігрантаў усё яшчэ знаходзіліся ў лягерох для ўцекачоў. Сярод ix былі таксама біскупы Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія ўцяклі перад наступам савецкіх войскаў. У 1942 годзе, у часе нямецкай акупацыі, у Менску адбыўся Сынод, які абвясьціў аўтакефалію (незалежнасьць) Беларускай Праваслаўнай Царквы. Біскупы, у сваёй большасьці расейцы або зрусыфікаваныя беларусы, згадзіліся на аўтакефалію неахвотна, пад ціскам нацыянальна сьведамых вернікаў. На эміграцыі, пачуўшыся вольнымі, у 1946 годзе яны далучыліся да Расейскай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы. Праваслаўныя беларусы, разгубіўшыся, падзяліліся на два лягеры: тых, што засталіся вернымі біскупам, i тых, што адмовіліся ісьці за імі. Весткі пра гэта даходзілі да айца Сіповіча яшчэ ў Італіі. Мікола Абрамчык пісаў яму 6 чэрвеня 1946 году: «Вельмі цікавыя справы адбываюцца ў нас у Нямеччыне. Атрымалі надовечы весткі, што наш праваслаўны сынод хочыць зьліквідаваць Беларускую Аўтакефалію i прылучыцца да Маскоўскай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы (Сяргея Жэнеўскага). Беларуская ўся інтэлігенцыя ў Ням(еччыне) алярмуе. Мая ж думка – хай сабе коцяцца – пагнаць толькі затым ix з беларускіх прыходаў i на ix мейсца пусьціць беларускіх вуніятаў, бо гэтыя панкі ўсёроўна рана ці позна пацягнуцца за Масквой. Некаторыя ж з нашых стаяць за тым, каб хоць пару знайсьці добрых беларускіх прав(аслаўных) сьвятароў i за ix помаччу выгнаць масквафіляў, але бяда, што такіх няма». Айцу Сіповічу трагічнае становішча, у якім апынуліся праваслаўныя беларусы, не прыносіла радасьці. Ён усім сэрцам жадаў еднасьці хрысьціянаў, але ніколі ня мог згадзіцца на тое, што прапанаваў Абрамчык. Такі ўчынак, апрача свайго непрымальнага маральнага аспэкту, на практыцы замест еднасьці мог толькі выклікаць варожасьць між праваслаўнымі i каталікамі.
Адбыўся i яшчэ адзін раскол – палітычны. Адразу пасьля вайны на эміграцыі існавала адно беларускае палітычнае прадстаўніцтва – Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Яна лічыла сябе пераемніцай Рады БНР, якая 25 сакавіка 1918 году абвясьціла незалежнасьць Беларусі. Цэнтар Рады БНР месьціўся ў Парыжы, дзе жыў ейны старшыня Мікола Абрамчык. Права Рады БНР на палітычную рэпрэзэнтацыю ўсёй беларускай эміграцыі аспрэчвала Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР), якая ўзьнікла ў канцы 1943 году ў Менску пад нямецкай акупацыяй i пакінула Беларусь разам зь немцамі ўлетку наступнага году. Прэзыдэнтам БЦР быў Радаслаў Астроўскі. Празь некаторы час пасьля вайны БЦР быццам спыніла сваю дзейнасьць, але недзе ў 1947 годзе, калі “халодная вайна” між Савецкім Саюзам i Захадам ледзь не перайшла ў “гарачую”, яна зноў выплыла на паверхню.
Сярод прыхільнікаў БНР сустракаліся людзі розных рэлігійных перакананьняў: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, нават мусульмане (беларускія татары). У 1948 годзе праваслаўныя, якія падтрымлівалі БНР, пры дапамозе ўкраінцаў здолелі аднавіць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (у скароце БАПЦ). Прыхільнікі БЦР, у сваёй абсалютнай бальшыні праваслаўныя, не прызналі БАПЦ. Фактычна яны самі зрабілі тое ж, што i тыя беларускія біскупы, якія пайшлі ў Расейскую Зарубежную Царкву. Таму іхныя праціўнікі пачалі называць ix “зарубежнікамі”. З другога боку, сярод прыхільнікаў БНР знайшліся такія, хто прапанаваў замяніць назоў “Беларусь” на “Крывію”. Такая ідэя ў найлепшым разе магла быць прадметам акадэмічных спрэчак, i таму большасьць беларусаў не паставіліся да яе сур’ёзна. Тым ня менш гэта дало нагоду прыхільнікам БЦР назваць сваіх праціўнікаў “крывічамі”. У сувязі з гэтым 15 жніўня 1947 году айцец Сіповіч напісаў Міколу Абрамчыку пра адно камічнае здарэньне: «А “Крывія” крыху шуму нарабіла. Нпр. у лягеры, гдзе я быў, паважныя ўкраінцы пыталі, ці сапраўды вялікі ў нас раскол дзеля назову? Ці крывічы падобную ролю спраўляюць, як у ix “бандэраўцы”?»
Расколіны сярод беларусаў у Англіі зьявіліся ў сярэдзіне 1947 году. Першы істотны інцыдэнт здарыўся ў сувязі з г. зв. “Адозваю Беларускіх Праваслаўных Епіскапаў да Беларускай Праваслаўнай Эміграцыі”. “Адозву” напісалі на беларускай мове, але не пазначыўшы месца i даты напісаньня, беларускія праваслаўныя біскупы, што далучыліся да Расейскай Зарубежнай Царквы. Пачынаецца “дакумэнт” цытатай на царкоўнаславянскай мове зь ліста сьв. Паўла да эфэсцаў (Эф 5:15–16), якая мела надаць тон усяму далей сказанаму: «Блюдите, како опасно ходите, будьте не яко немудрии, но яко премудрии, искушающе время, яко дне лукави суть» (Глядзіце, паступайце асьцярожна, не як неразумныя, але як разумныя, выкарыстоўвайце час, бо дні цяпер ліхія). Далей на дзьвюх першых машынапісных старонках (зь пяцёх) аўтары спрабавалі коратка апісаць змаганьне праваслаўных беларусаў за сваю веру, як яны яго бачылі, пачынаючы ад Берасьцейскай Вуніі 1596 году, у выніку якой «пад націскам рыма-каталіцкай Польшчы, адбіраўшай грамадзкія правы i ўсялякія вольнасьці ад праваслаўных на беларускай зямлі, большасьць беларусаў з вышэйшых клясаў, г. л. амаль уся беларуская інтэлігенцыя тагачасная паступова прымушалася да пераходу ў вунію ці проста ў рыма-каталіцтва i з беларусаў рабіліся палякамі. Ахвярай гэтага змаганьня быў прэпадобны Афанасіі, ігумен Берасьцейскі, закатаваны палякамі. Толькі шырокія масы беларускага народу ды ніжэйшае духавенства баранілі сваю веру i не зьмянілі сваёй нацыянальнасьці, ды адбівалі націск бяз меры зазнаўшыхся польскіх паноў ды ix прыслужнікаў, як гэта было, напрыклад, 12 лістапада 1623 году, калі беларускі народ у Віцебску, нацярпеўшыся досыць зьдзекаў найміта польскіх паноў, вуніяцкага біскупа Езафата Кунцэвіча, ня вытрываў больш гэтых зьдзекаў i зрабіў над ім самасуд, утапіўшы яго ў рацэ Дзьвіне».








All the contents on this site are copyrighted ©.