2006-11-30 10:30:28

Свяцейшы Айцец сустрэўся з Патрыярхам Барталамеям I° у царкве Святога Георгія.


“З гарачымі абдымкамі мы вітаем Папу, які ўпершыню наведвае наш горад, таксама як і мае папярэднікі Афінагор і Дзімітрый, якія прыймалі вашых папярэднікаў – Рымскіх Папаў Паўла VI° і Яна Паўла II°”, - гэтымі словамі Сусветны Патрыярх Барталамей I° сустрэў у сераду вечарам Бенедыкта XVI° у царкве Святога Георгія, галоўным храме Канстантынопальскага патрыярхата. “Гэтыя годныя пашаны члены Царквы, - зазначыў праваслаўны Патрыярх, - успрынялі бясцэнную важнасць і вострую неабходнасць падобных спатканняў на шляху да пагаднення, які павінен быць заснаваны на дыялогу любові і ісціны. Таму, - працягнуў сваю думку Барталамей I° звяртаючыся да Свяцейшага Айца, - мы зараз знаходзімся тут у якасці паслядоўнікаў тых, што займалі катэдры Рыма і Другога Рыма, будучы ў раўнай ступені адказнымі за крокі, зробленыя на згаданым шляху і, натуральна, за тое, што было на ім здзейснена”.
У далейшай частцы сваёй прывітальнай прамовы Патрыярх Барталамей I° звярнуў увагу на супольны абавязак падпарадкоўвацца прыказанню Пана каб усе Яго паслядоўнікі “былі адным”.
У сваім адказе на прывітальную прамову Сусветнага Патрыярха Папа сказаў: ”Гэта наша сустрэча павінна ўзмацніць нашу ўзаемную прыязнасць і аднавіць нашы агульныя высілкі ў падарожжы да прымірэння і міра Цэркваў”. Гэтымі словамі Свяцейшы Айцец скончыў сваю прамову ў сядзібе Сусветнага Патрыярха ў Канстантынопалі, вітаючы Барталамея I°.
У вельмі прыгожай царкве Святога Георгія Бенедыкт XVI° падзякаваў за “братэрскае запрашэнне”, атрыманае ім ад кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы, сцвердзіўшы, што ніколі не забудзіцца аб гэтым. Папа акрэсліў гэту сустрэчу як “поўную сапраўднай добрай волі” і вельмі значную ў царкоўным плане.







All the contents on this site are copyrighted ©.