2006-11-25 10:03:03

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Раздзел: Лёндан
Летувісы маюць сваю парафію ў Лёндане з царквой сьв. Казімера, заснаванай яшчэ перад Першай сусьветнай вайною. Яна знаходзіцца на вулачцы Оваль у квартале Гакней (The Oval, Hackney), адным з найбяднейшых у ангельскай сталіцы. Ад 1934 году царкву абслугоўвалі летувіскія айцы марыяне. Там у першы год свайго лёнданскага жыцьця запыніўся i айцец Сіповіч. Рэктарам летувіскай царквы быў тады айцец Ян Сакявічус, якога Сіповіч ведаў з Рыму.
Большую частку беларусаў у Вялікай Брытаніі тады складалі былыя жаўнеры польскай арміі. Некаторыя зь ix служылі ў Першым польскім Корпусе, які пад час вайны знаходзіўся ў Вялікай Брытаніі. Пераважная большасьць, аднак, належала да Другога Корпусу, які ваяваў у Італіі. Неўзабаве беларусаў пабольшала коштам г. зв. “перамешчаных асобаў” (displaced persons), што ў вайну апынуліся з розных прычынаў у Нямеччыне (былыя вязьні, прымусовыя работнікі, уцекачы перад наступам савецкай арміі) i дзеля палітычнага становішча на Бацькаўшчыне не маглі або не жадалі вярнуцца дамоў. Ім не было як і заставацца ў Нямеччыне зь яе разбуранай пасьляваеннай эканомікай. У канцы 1946 году яны пачалі масава эміграваць, пераважна за акіян (у ЗША, Канаду, Аўстралію, Аргентыну). У Эўропе найбольш перамешчаных асобаў прынялі Францыя i Вялікая Брытанія. У апошняй іх называлі “эўрапейскія добраахвотныя работнікі” (European Volunteer Workers, або ў скароце EVW). Перад выездам зь Нямеччыны яны падпісвалі кантракт, які абавязваў ix першыя тры гады працаваць толькі там, куды ix накіроўвала брытанскае міністэрства працы. Пасьля гэтага пэрыяду (пазьней скарочанага да двох гадоў) яны атрымлівалі права на сталае жыхарства i былі вольныя шукаць якую хочуць працу. Шмат хто з “добраахвотных работнікаў”, прынамсі спачатку, жыў у інтэрнатах (“гастэлях”), звычайна ў казармах былых вайсковых лягероў, што цяпер пуставалі.
У Лёндане айцец Сіповіч знайшоў шмат старых знаёмых з Італіі. Амаль адразу па прыезьдзе ён стаў сябрам Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі (у скароце ЗБВБ), на той час ужо даволі вялікай і моцнай арганізацыі. 18–19 студзеня 1947 году адбыўся першы агульны зьезд Згуртаваньня. На ім абралі Галоўную ўправу з старшынёй Вінцэнтам Жук-Грышкевічам i сакратаром Віктарам Сянкевічам. Ад лістапада 1946 году Згуртаваньне выдавала свой бюлетэнь На шляху. Распачалі таксама збор грошай, каб набыць уласны дом. А покуль Згуртаваньне карыстала з гасьціннасьці Саюзу Ўкраінцаў у Вялікай Брытаніі, што ўжо меў свой дом на 49 Ліндэн Гардэнз (Linden Gardens) у лёнданскім квартале Нотынг Гіл (Notting Hill).
Першай справай айцец Сіповіч – пасьля афіцыйных візытаў апостальскаму дэлегату архібіскупу Годфрэю (Godfrey) i архібіскупу Ўэстмінстэрскаму кардыналу Грыфіну (Griffin), каб атрымаць патрэбныя дазволы на пастырскую працу, – мусіў шукаць адпаведнае месца для богаслужэньняў. Летувіская царква знаходзілася задалёка ад тых раёнаў Лёндану, дзе жыла бальшыня беларусаў, дый цяжка было даехаць да яе грамадзкім транспартам. Украінскі сьвятар айцец Жан сутыкнуўся з падобнымі цяжкасьцямі. У нядзелю 13 красавіка, на Вялікдзень паводле старога календара, абодва сьвятары адслужылі Літургію ў залі Ўкраінскага дому. У наступны дзень айцец Сіповіч служыў адзін i прамаўляў казань па-беларуску. Разьвязка праблемы з памяшканьнем знайшлася прыблізна праз два месяцы. Айцы аратарыянцы далі айцу Сіповічу ў карыстаньне капліцу пры іхнай царкве, вядомай ва ўсім Лёндане як Brompton Oratory. Яна знаходзілася ў вельмі выгодным месцы ў квартале Саўт Кэнзiнгтан (South Kensington). Так атрымалася, што амаль побач быў інтэрнат, дзе жыло шмат беларусаў, пераважна праваслаўных, нядаўна звольненых з польскай арміі. За некалькі дзён перад першай Літургіяй Сіповіч адведаў ix. Вось што ён напісаў у сваім дзёньніку: «12.6.47. Гадзіна 12.15 ночы. Толькі што вярнуўся з інтэрнату на 50 Onslow Square, South Kensington. Там гаварыў з хлопцамі аб патрэбнай для беларусаў еднасьці. Пару праціўных маёй місіі на зборку не прышлі. Дзякуй Богу за ўсё. Надзея на распачацьце службаў ёсьць, але трэба вельмі асьцярожна i растаропна зачынаць працу. Сьв. Апостале Пётра, памагай!»
Праз тры дні ў дзёньніку зьявіўся такі запіс: «15.6.47. Адбылася мая служба першая ў Brompton Oratory з беларускім хорам i для беларусаў. Было ўсяго прысутных ок. 15 чалавек... Казаньне гаварыў на тэму “Аб патрэбе малітвы”. Гэта ўсё ўдалося, дзякуючы выразнай помачы сьв. Ап. Пётры, якога постаць разам ca сьв. Паўлам упрыгожвае аўтар капліцы... Пасьля абеду адбылася сходка беларусаў на Ліндэн Гардэнс 49... Спадар Буляк (намесьнік старшыні ЗБВБ. – А.Н.) канфідэнцыяльна паведамляе аб нездавальненьні праваслаўных сьвятароў маёй дзейнасьцю».
Тыя сьвятары належалі да Польскай Праваслаўнай Царквы. Некаторыя зь ix служылі капэлянамі ў польскай арміі, іншыя прыехалі зь Нямеччыны як “добраахвотныя работнікі”. Сярод ix былі таксама беларусы, але яны ня бралі ўдзелу ў беларускім нацыянальным i грамадзкім жыцьці. На чале ix стаяў біскуп Сава (Советов), былы афіцэр расейскай царскай арміі, які пасьля Першай сусьветнай вайны пайшоў у манастыр i стаў біскупам Польскай Праваслаўнай Царквы. У часе Другой сусьветнай вайны ён служыў галоўным праваслаўным капэлянам у Польскай арміі ў чыне генэрала. Намінальна ён i ягоныя сьвятары лічыліся пастырамі праваслаўных вернікаў з Заходняй Беларусі i Ўкраіны. Нацыянальных i палітычных поглядаў сваёй паствы яны не падзялялі, і таму, зразумела, з падазрэньнем глядзелі на маладога i энэргічнага “вуніяцкага” сьвятара, якога беларусы зь першага дня прынялі за свайго.
Дарэчы, айцец Сіповіч неўзабаве пасьля свайго прыезду, 3 траўня 1947 году, адведаў Саву.
Той, зазначыў у сваім дзёньніку а. Чэслаў, прыняў яго вельмі ветліва.
Пасьпяхова палагодзіўшы справу багаслужбаў у Лёндане, айцец Сіповіч пачаў сыстэматычна наведваць лягеры, дзе жылі “добраахвотныя работнікі”. Першая паездка адбылася 5–6 ліпеня 1947 году ў Бэдгамптан-Гавант на паўднёвым узьбярэжжы Англіі. Там сярод работнікаў розных нацыянальнасьцяў знайшліся каля 20 беларусаў. 13–14 жніўня Сіповіч адведаў Маркэт Гарбара ў цэнтральнай Англіі, дзе на ягоную багаслужбу прыйшло каля сотні людзей, беларусаў i ўкраінцаў. Потым былі Ньюўарк, Горсфард, Лідс ды іншыя мясцовасьці. Звычайна пасьля багаслужбы праходзіла зборка, на якой айцец Сіповіч расказваў пра беларускае жыцьцё ў Лёндане i прапаноўваў стаць сябрамі ЗБВБ. Між іншага, праз апостальскага дэлегата ён спрабаваў атрымаць ад міністэрства працы інфармацыю пра беларускіх работнікаў i афіцыйны дазвол наведваць працоўныя лягеры i інтэрнаты. 21 ліпеня 1947 году прыйшоў афіцыйны адказ, згодна зь якім беларусаў у сьпісах міністэрства не было зусім... Відаць, беларусы, баючыся прымусовай дэпартацыі ў Савецкі Саюз, які лічыў ix сваімі грамадзянамі, падавалі сябе за палякаў ці летувісаў i такім чынам выяжджалі зь Нямеччыны.








All the contents on this site are copyrighted ©.