2006-11-20 14:31:18

Семінарысты Беларускай Міждэацызальнай вышэйшай духоўнай семінарыі атрымалі з рук кардынала Казіміра Свёнтка хабіты.


Сутана — сімвал прысвячэння сябе Богу -16 лістапада 2006 г., у дзень успаміну Маці Божай Вастрабрамскай, у Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага адбылося ўрачыстастае пасвячэнне сутанаў і аблачэнне ў духоўны строй семінарыстаў ІІІ курса. Сутану як бачны знак прысвячэння сябе Богу атрымалі восем семінарыстаў. Напярэдадні гэтай падзеі для семінарыстаў адбыўся дзень духоўных разважанняў, які праводзіў Мінскі дзекан кс. Антоні Клімантовіч. Абрад пасвячэння здзейсніў Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк падчас св. Імшы, якую ён целебраваў у семінарскай капіцы. У літургіі бралі ўдзел супрацоўнікі семінарыі, бацькі і родныя, а таксама запрошаныя госці. Пасля казання, у якім кс. магістр ліцэнцыят Андрэй Зайчык нагадаў пра значэнне духоўнага строю, рэктар семінарыі кс. доктар Ян Саламон папрасіў кардынала Казіміра Свёнтка асвяціць сутаны і даць права іх насіць васьмі семінарыстам ІІІ курса. Кандыдаты, адказваючы на пытанні кардынала, выказалі сваю гатоўнасць прыняць сутану, каб даваць седчанне пра Хрыста, які іх паклікаў. Кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў сутаны, пасля чаго кандыдаты на некалькі хвілін пакінулі капліцу, каб змяніць свецкую вопратку, якую яны насілі да гэтага дня, на духоўны строй.
Удзельнікі св. Імшы маліліся ў розных інтэнцыях як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла, а таксама за семінарыстаў, якія ўпершыню ўсклалі сутаны, каб яны сваім жыццём давалі хрысціянскае сведчанне. Словы радасці і кветкі, падараваныя семінарыстамі кардыналу Казіміру Свёнтку і рэктару семінарыі, сталі выразам удзячнасці за атрыманы дар.
На заканчэнне св. Імшы кардынал Казімір Свёнтэк пажадаў семінарыстам, каб яны на ўсё сваё жыццё запамяталі гэты святочны дзень, таксама як і ён сам дагэтуль памятае пра тое, як 73 гады таму ў гэтай самай семінарскай капліцы атрымаў духоўны строй. Гэты строй кардынал насіў на працягу ўсяго свайго вялікага жыцця, за выключэннем тых гадоў, калі быў вымушаны змяніць гэтае адзенне на робу вязня ГУЛАГу. Патрыярх Касцёла ў Беларусі таксама падараваў семінарыстам, якія атрымалі сутаны, абразкі Маці Божай Вострабрамскай з яго подпісам. Падчас святочнага абеда, які адбыўся ў сталоўцы семінарыі, ад бацькоў гучалі словы настаўлення да сыноў-семінарыстаў, словы ўдзячнасці кіраўніцтву семінарыі, сведчанні пробашчаў пра тое, як сучасныя людзі ўспрымаюць чалавека ў сутане. Малітва завершыла супольнае святкаванне, пасля чаго семінарысты разам з бацькамі маглі наведаць прыгожыя мясціны старажытнага Пінска.








All the contents on this site are copyrighted ©.