2006-11-07 15:19:47

Эвангелле - гэта праўда. Цыкл, падрыхтаваны філосафам і тэолагам, спадарыняй Марі Крісцін Черуці-Сандрыё.
Аўтарка выкладала ў Сарбоне, з'яўляецца рэlfктарам французскага каталіцкага выдання "Бюлетэнь асацыяцыі Жана Карміньяка", выпусціла кнігу "Эвангелле як рэпартажы" і зараз працуе над новым творам; чытае курс у Інстытуце тэалёгіі пры Белдзяржуніверсітэце. Марі Крісцін Черуці менавіта зараз рыхтуецца да чарговых лекцый, якія распачне у Мінску ў сярэдзіне лістапада.


ГНАСТЫЦЫЗМ
Нам застаецца даследаваць, ці можа Евангелле браць свае вытокі ў гнастыцызме, як намагаюцца пераканаць нас у гэтым некаторыя эксперты, якія пры гэтым з таямнічым выглядам дадаюць, што гносіс – гэта веды, прызначаныя для невялікага кола абраных. Пачнем па парадку. Найперш варта сказаць, што гнастыцызм, незалежна ад розных школаў і кірункаў, заўсёды стаяў у апазіцыі да сапраўднай рэлігіі: спачатку – да юдаізму, потым – да хрысціянства, і на працягу ўсёй гісторыі наша рэлігія змагалася з тою ці іншаю формай гэтага вучэння. Слова «гносіс» азначае «пазнанне», але пазнанне схаванае, сакрэтнае, таемнае, прызначанае, на думку гностыкаў, толькі для абраных, якімі яны і з’яўляюцца.
Для таго, каб даць агульную характарыстыку гэтай з’явы, назавем яе асноўныя пастулаты:
· Бог Абрагама, Ісаака і Якуба – несапраўдны бог, помслівы і раўнівы, які стварыў толькі матэрыяльны свет;
· матэрыя цалкам заганная;
· існуе іншы «Бог», сапраўдны, непазнавальны, які завецца Плерома і ад якога пайшло – а значыць ён не ёсць творца – усё духоўнае;
· некаторыя з духоўных істотаў – эонаў – мелі няшчасце адпасці ў матэрыю і, стаўшы людзьмі, з’яўляюцца ў пэўнай ступені яе закладнікамі;
· людзі падзяляюцца на тры класы:
1) пнеўматыкаў, найлепшых і выключна рэдкіх, якія здолеюць вярнуцца да духоўнага пачатку, у плерому, часткай якой яны самі з’яўляюцца, г. зн., што яны самі – богі і што гэтага можна будзе дасягнуць праз гнозіс, або пазнанні, якія прасвятляць іх, і ў выніку яны зразумеюць сваю сутнасць.
2) псіхікаў, якіх вельмі шмат. Праз практыкаванні і добрыя ўчынкі яны могуць спадзявацца на тое, што дасягнуць змешанага свету (у тым ліку, паводле некаторых кірункаў вучэння, праз шэраг пераўвасабленняў, бо ідэя цыклічнага вяртання блізкая гнастыцызму). Доступ да пазнання, дадзенага пнеўматыкам, для іх закрыты, але яны могуць спасцігаць некаторыя сімвалы, праўда, не іх схаваны сапраўдны сэнс, а толькі яго тоеснасць з сімвалічнаю формаю;
3) саматыкаў, або гілікаў, якіх таксама вельмі шмат. У іх няма ніякай духоўнай іскрынкі, гэта – ганебны адстойнік; яны злыя, як злая ўся матэрыя, і асуджаныя на непазбежную пагібель;
· свет складаецца з трох частак, бо, як мы толькі што бачылі, апрача злога матэрыяльнага свету і добрага духоўнага свету, ёсць яшчэ свет змешаны, населены эонамі;
· у тым, што датычыць маралі, дасканалыя ад прыроды пнеўматыкі духоўныя, і для іх матэрыя – недарэчная выпадковасць, але яны не павінны падпарадкоўвацца такому прыкраму стану рэчаў, які больш пасуе псіхікам і цалкам адпавядае гілікам. Больш за тое, пнеўматыкі, асабліва ў некаторых кірунках гнастыцызму, не толькі павінны, але нават абавязаныя спазнаць і выпрабаваць усё, што мае на ўвазе практыка самага разбэшчанага лібертынізму;
· Бог Абрагама, Ісаака і Якуба (г. зн. сапраўдны Бог) вынайшаў мараль і яе забароны для таго, каб падпарадкаваць сабе людзей, але ні законаў, ні догмаў, ні граху саміх па сабе няма, як, зрэшты, няма ні праўды, ні самой чалавечай прыроды. Гэта «вынаходніцтва», якое, з аднаго боку, робіць людзей роўнымі паміж сабою, а з другога боку, змушае прызнаць іх залежнасць ад нечага, што існуе па-за іх уладаю, а значыць прымірыцца з тым, што яны не богі, асабліва дасаджае пнеўматыкам, якія, як і ўвогуле ўсе гностыкі, далучаюць сябе менавіта да гэтай катэгорыі. -----· свет, як вынікае з пералічанага вышэй, – тэатр дзвюх супрацьдзейных сілаў: дабра, увасобленага ў духоўнай сферы, плероме і яе іпастасях (эонах), і зла – біблейскага Бога і створанай ім матэрыі. Увогуле ж свет, на думку гностыкаў, трынітарны: цела, душа, дух; свет духоўны, змешаны, матэрыяльны; людзі, эоны, плерома;
· Езус Хрыстус – эон, пасланы плеромай. Яго цела было толькі прывідам, і на крыжы памёр не Ён, а нехта іншы, які заняў Яго месца.
Адзначым, што плерома, неспасцігальная і недасягальная, выступае ў ролі першапрычыны ўсяго сутнага, але гэтая роля ў яе выкананні не вельмі пераканальная – плерома занадта аморфная, нездарма антычныя гностыкі называлі яе таксама «безданню», яна – вялікае «ўсё», якое «ўсё» змяшчае, і ў гэтым адчуваецца подых пантэізму, тым больш што і эоны, і анёлы, і іпастасі, і сілы, і людзі (безумоўна, пнеўматыкі) – часцінкі гэтай плеромы.
Аднак плерому можна разглядаць і інакш, бо гэты «звышбог», нягледзячы ні на што, часам усё ж можа прыадчыняцца «звышпнеўматыкам», якія пакланяюцца плероме ў выглядзе змяі як даўцу святла, збавіцелю, што вызваліў чалавецтва ад ярма старазапаветнага Бога Творцы, які даў чалавецтву патаемнае пазнанне – пазнанне дабра і зла, што на самай справе ёсць ні што іншае як санкцыя самому вырашаць, што ёсць дабро і зло, інакш кажучы, перакройваць мараль па ўласных мерках. І няма нічога дзіўнага ў тым, што ў найвышэйшых ступенях сваёй іерархіі гностыкі практыкавалі магію.
Дык ці можа гнастыцызм ляжаць у аснове Евангелляў? Гэта не пустое пытанне, бо станоўчы адказ на яго вельмі выгодны разнашэрсным адэптам гэтай ідэалогіі, па-першае, таму, што робіць хрысціянства залежным ад іх секты, па-другое, хрысціянства перастае быць носьбітам абсалютных каштоўнасцяў і ў выніку дазваляе гностыкам пацвердзіць мілы іх сэрцу тэзіс пра тое, што Езус прапаведаваў бязлікай масе простага люду адно Евангелле (тое, што мы ведаем), у той час як іншае, таемнае, з веку ў век перадавалася толькі абраным, пасвечаным «інтэлектуалам» акультнымі шляхамі.
Пераклад з французскай мовы
Алены Ціханавай
 







All the contents on this site are copyrighted ©.