2006-11-04 16:17:36

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( 04 11 06)


Апошні – восьмы – нумар Беларускіх навінаў выйшаў 28 чэрвеня 1947 году дзякуючы айцу Гарошку, які тады ўжо знаходзіўся ў Парыжы. Ён пісаў айцу Сіповічу 22 жніўня 1947 году: «Маё палажэньне... вельмі паганае, бо... калі згадзіўся выдаць адзін нумар “Б. Н.”, які з усімі выдаткамі каштуе каля 18 тысяч (франкаў. – А.Н.), дык мне давялося пакрыць іхнія старыя даўгі, i 30 тысяч як i не было, а цяпер ліха ведае, як разрахавацца з сваімі ўладамі».
Хоць Беларускія навіны праіснавалі зусім нядоўга, але газэта адыграла істотную ролю ў кансалідаваньні беларускай эміграцыі ў першы пасьляваенны пэрыяд. У прыватнасьці, рэдакцыя зрабіла добрую паслугу айцом Гарошку i Сіповічу, даючы абвесткі пра прыезд аднаго ў Парыж, а другога ў Лёндан і іхныя новыя адрасы.
У 1943 годзе Савецкі Саюз падпісаў у Ялце дамову з заходнімі хаўрусьнікамі. Згодна зь ёю, Брытанія і ЗША канчаткова пагадзіліся на далучэньне да Беларускай і Ўкраінскай ССР заходнебеларускіх і ўкраінскіх земляў. Да 1939 году тыя знаходзіліся пад польскай уладай. Палякі на эміграцыі заснавалі г. зв. Związek ziem wschodnich (Саюз усходніх земляў), каб бараніць правы Польшчы на “Ўсходнія крэсы”, як яны называлі Заходнюю Беларусь i Ўкраіну. Аддзелы “Звёнзку” паўсталі амаль ва ўсіх польскіх вайсковых адзінках. Беларускія жаўнеры, нягледзячы на часта моцны маральны ціск з боку вайсковых уладаў, звычайна адмаўляліся ўваходзіць у гэтую арганізацыю. Яны разумелі, што такім чынам прызнавалі б правы Польшчы на беларускія землі. Некаторыя зь ix раіліся ў гэтай справе зь іншымі. Так, напрыклад, Яўген Андрушкевіч пісаў 9 красавіка 1946 году айцу Сіповічу: «Ветліва прашу павядоміць мне, чы ёсьць магчымым належыць да арганізацыі, каторая робіцца між войскам, так званай Арганізацыі ўсходніх Зямель, прашу паведаміць мне дакладна, каб у разе чаго не зашкодзіць сваёй справе для Бацькаўшчыны».
Для польскіх вайсковых уладаў дзейнасьць айца Сіповіча не была сакрэтам, i хоць яны не маглі яе забараніць, але часта чынілі розныя перашкоды. Сам айцец Сіповіч пісаў 24 красавіка 1946 году Міколу Абрамчыку ў Парыж: «Прашу зьвярнуць увагу на лік жаўнераў у польскай 2-й Арміі, якога сьпіс перасылаю. Напэўна ix ёсьць больш, але не маглі мы да гэтага часу навязаць з імі зносінаў. (Чуваць, што ўжо на ўрлёпы (водпускі. – А.Н.) у Рым нашым жаўнерам ня хочаць даваць дазволу!)»
Праявы неталеранцыі да беларусаў здараліся перадусім на роўні паасобных вайсковых адзінак (ротаў, батальёнаў). Вышэйшае ваеннае камандаваньне i польскія палітычныя эміграцыйныя вярхі добра разумелі, што Ялтаўская дамова перакрэсьліла іхныя мары вярнуць Польшчу ў яе даваенных межах, i трэба шукаць іншых шляхоў суіснаваньня з суседзямі, сярод якіх яны раптам заўважылі i беларусаў. Як спроба знайсьці шляхі да такога суіснаваньня паўстала й ідэя г. зв. Intermarium (Міжмора), або фэдэрацыйнай дзяржавы народаў Сярэдняй Эўропы між Расеяй i Нямеччынай ад Балтыцкага да Чорнага мора. Яе высунулі сябры Сярэднеэўрапейскіх фэдэрацыйных клюбаў, створаных пад канец вайны ў Рыме i Лёндане. Зразумела, рэй у гэтых клюбах вялі палякі. Беларусаў там спачатку зусім не было. Адзіны беларус у Рыме айцец Сіповіч, як сьвятар, трымаўся збоку ад палітычнай дзейнасьці. Як беларус, ён асьцярожна ставіўся да розных “фэдэрацыйных” i падобных прапановаў, бо ўважаў, што Беларусь павінна найперш здабыць незалежнасьць, і толькі пасьля вызначаць дачыненьні з суседзямі. Апрача таго, насьцярожвала, што палякі пазьбягалі адкрытых размоваў пра будучыя межы між Беларусьсю i Польшчай. Іншыя беларусы думалі прыблізна гэтаксама. Айцец Сіповіч пісаў Абрамчыку 27 сакавіка 1946 году: «Мушу... заўважыць, што ўсе тутэйшыя беларусы з вялікай рэзэрвай адносяцца да самой канцэпцыі Міжмора – проста ня вераць. Тымбольш – яны паўтараюць, – што іншая справа камунізм, якога ніхто ня хоча, a іншая – лінія Керзана, каторая для нас важная i без таго, ці быў камунізм ці не»76. Адначасова зьмена (прынамсі вонкавая) у стаўленьні польскіх вярхоў да беларусаў давала магчымасьць зрабіць нешта карыснае для беларускай справы. Айцец Сіповіч быў ня з тых, хто б мог прапусьціць такую нагоду. I вось у ліпеньскім нумары 1945 году часопісу Na szlaku Kresowej (Ha шляху Крэсавай дывізіі) (як вядома, “Крэсамі”, або памежнымі землямі, палякі называлі Заходнюю Беларусь i Ўкраіну. – А.Н.), што выходзіў у 5-й, г. зв. “Крэсовай”, дывізіі польскага Другога Корпусу, зьявіўся артыкул “O literaturze białoruskiej XVI wieku” (Пра беларускую літаратуру ХVІ стагодзьдзя) айца Сіповіча, падпісаны ягоным традыцыйным псэўданімам “Васіль Крывічанін”77. Галоўныя крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, – Гісторыя беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага i беларускі часопіс Калосьсе, што выходзіў у Вільні ў 1935–1939 гадох. Нягледзячы на свой кампіляцыйны характар, артыкул, напісаны жыва i цікава, стаўся якраз тым, што патрабавалася ў той час. Многім палякам ён расплюшчыў вочы на існаваньне народу, пра які яны нічога ня ведалі, народу з сваёй старажытнай i багатай культурай. Для сьведамых беларусаў у польскай арміі артыкул стаўся радаснай неспадзеўкай, якая падтрымала ix i дапамагла ў “зьбіраньні калосься ў адзін сноп”, як казаў Віктар Сянкевіч. Артыкул змусіў таксама задумацца тых беларусаў, якія з розных прычынаў не прызнаваліся ў сваёй нацыянальнасьці. Віктар Сянкевіч у згаданым вышэй лісьце пісаў: «Шмат падзейнічала i адкрыла вочы беларусам маласьведамым гэта “Літаратура ХVІ ст.”, якую Айцец падаў у “На шляку Крэсовай”. Выходзіць гэты часапіс у 5 дывізіі, дзе знаходзіцца маса беларусаў. I тым, хто праводзіць, як выражуся, місію (г. зн. працу над усьведамленьнем i гуртаваньнем беларусаў. – А.Н.), гэта ёсьць найлепшаю дапамогаю. Гэта ёсьць вядро халоднае вады на “іхнія” гарачыя галовы (польскія. – А.Н.). I наагул, суадносіны між палякамі i іншымі нацыянальнасьцямі палепшылі. Дзеля гэтага трэба як найбольш падаваць у газэты i часапісы». Чэславу Сіповічу ў ягоным жыцьці даводзілася не адзін раз, як ён сам любіў казаць, “гнаць першую баразну”. Адной з самых раньніх барознаў быў без сумневу згаданы артыкул, які пабачыў сьвет празь менш як два месяцы па заканчэньні ваенных дзеяньняў у Эўропе78.










All the contents on this site are copyrighted ©.