2006-10-31 13:33:11

Эвангелле - гэта праўда. Цыкл, падрыхтаваны філосафам і тэолагам, спадарыняй Марі Крісцін Черуці-Сандрыё.
Аўтарка выкладала ў Сарбоне, з'яўляецца рэlfктарам французскага каталіцкага выдання "Бюлетэнь асацыяцыі Жана Карміньяка", выпусціла кнігу "Эвангелле як рэпартажы" і зараз працуе над новым творам; чытае курс у Інстытуце тэалёгіі пры Белдзяржуніверсітэце.


«ПАЗНЕЙШЫЯ ДАДАТКІ» ДА ЕВАНГЕЛЛЯЎ Дарэчы, гэтая думка таксама даволі позняя. Яна выглядае такім чынам: калі евангельскую гісторыю, не ўсялякую, а толькі тую, у якой ёсць элементы звышнатуральнага, нельга «вытлумачыць» ні законамі «літаратурнага жанру», ні «пазычаннямі са Старога Запавету», ні чым-небудзь іншым, тады можна абвясціць, што ўрывак быў «дададзены пазней». У якасці аргументаў могуць выступаць наступныя: гэты ўрывак не адпавядае структуры тэксту па стылістыцы; гэтае слова паўтараецца некалькі разоў, што шкодзіць стылю, і г. д. і да т. п. У такім выпадку нашы апаненты зноў намагаюцца звесці Евангеллі да ўзроўню простых літаратурных твораў або стылістычных практыкаванняў. Аднак на самай справе евангелісты не былі простымі пісьменнікамі; яны былі захопленыя водаваротам падзей, ім было неабходна хутчэй данесці галоўнае пра гэтыя падзеі як мага большай колькасці людзей. Іх чатыры кніжачкі маглі быць значна даўжэйшымі, пра што сведчыць апостал Ян: «Многае і іншае стварыў Езус; але каб пісаць пра гэта падрабязна, то, думаю, і самому свету не змясціць напісанага» (пар. Ян 21–25). Аднак евангелістам нельга было марудзіць; дык ці варта здзіўляцца таму, што часам мы сустракаем тыя самыя словы, не вельмі вытанчаныя пераходы, стылёвую недасканаласць – ім так шмат трэба было сказаць...
Прыкладам «пазнейшых дадаткаў» можа служыць эпізод з вартай каля Гроба Панскага, які ёсць толькі ў Евангеллі ад Мацвея. У ім усё прынята лічыць выдумкай: словы варты першасвятарам, згадку пра чуткі аб украдзеным целе Збаўцы, якія ходзяць «да сённяшняга дня». Нашы апаненты мяркуюць, што ўсё гэта было выдумана першымі хрысціянамі або з жадання змясціць у шэрагі сведкаў Змёртвыхпаўстання няверуючых людзей, або для таго, каб быць у бяспецы, калі раптам пачнуцца абвінавачванні ў выкраданні цела Езуса. Але ўявіце, што зусім нядаўна праф. Гржыбек (пратэстант) з універсітэта Лазаны і праф. Сордзі (католік) з Міланскага універсітэта даказалі, што Назарэцкі эдыкт (камень з Назарэту або з яго ваколіцаў; захоўваецца ў археалагічным музеі ў Парыжы; на камені змешчаны тэкст загаду пра смяротнае пакаранне таго, хто выкрадае або перамяшчае трупы з магілаў) быў, відаць, зроблены самім Неронам і скіраваны супраць яшчэ жывых вучняў Хрыста. Навукоўцы датуюць гэты эдыкт 62–63 гадамі. Такім чынам, няма прычыны сумнявацца ў тым, што сапраўды «пранеслася слова гэтае паміж Юдэямі да ... дня», калі пісаў евангеліст Мацвей, раз пра гэтую гісторыю ў 62–63 гадах стала вядома імператару Нерону, які мусіў пакласці канец гэтым чуткам. Незалежна ад даты напісання Евангелля ад Мацвея навіна дасягнула пункту яе прызначэння.
 ТАК ЗВАНЫЯ «НЕАДПАВЕДНАСЦІ» Ў ЕВАНГЕЛЛЯХ У Евангеллях уражвае якраз іх надзіва гарманічнае спалучэнне аднаго з адным, як і з дадзенымі гістарычных, геаграфічных, сацыяльных і іншых навук. Спашлемся на шаноўную Жэно-Бісмунт, прафесара старажытнага юдаізму ў Новай Сарбоне і агностыка. З уласцівай ёй палымянасцю яна сцвярджае, што аўтар Евангелля ад Яна быў не толькі відавочцам, але і жыў у асяродку, блізкім да першасвятароў і законнікаў, бо прыведзеныя ім дэталі вельмі дакладныя і праўдзівыя. І гэта пры тым, што Евангелле ад Яна лічыцца самым сімвалічным... Безумоўна, у Евангеллях ёсць некаторыя разыходжанні, як, напрыклад, колькасць анёлаў каля Гроба Панскага, імёны ў генеалогіі Езуса, тэкст таблічкі на крыжы, словы, прамоўленыя Езусам падчас устанаўлення Эўхарыстыі... Заўважым, што ніводны з гэтых выпадкаў не застаўся без увагі – яны для экспертаў усё роўна што чырвоная ануча для быка. Аднак кожны чалавек, знаёмы з юрыспрудэнцыяй, ведае, што ў сведчаннях відавочцаў разыходжанні падобнага кшталту цалкам натуральныя, больш за тое, гэта своеасаблівы гарант незалежнасці крыніцаў, а значыць – гарант праўдзівасці выкладзеных фактаў.
Прыкладам «пярэчання» дадзеным, якія дайшлі да нас, апрача Евангелляў, з’яўляецца пытанне, якое ўжо нагнала аскому: гэта пытанне пра дату нараджэння Езуса, бо перапіс, падчас якога Ён прыйшоў на свет, нібыта не супадае з гадамі ўладарання цара Ірада.
Звернемся па дапамогу да Джуліо Фірпо і яго кнігі «Праблема храналогіі ў Нараджэнні Хрыстовым», дзе аўтар прааналізаваў сотні тэкстаў і дакументаў і даказаў, што ў час, калі нарадзіўся Хрыстус, быў не адзін перапіс, а нават мноства, і цалкам магчыма, што ў Евангеллі гаворка ішла не пра той перапіс, які згадваў Юзаф Флавій (7 год пасля Н. Х.) і за які нас увесь час дакараюць, быццам ён быў адзіным (заўважым, што евангеліст Лука гаворыць: «Гэта перапіс, першы»). Апрача таго, вельмі верагодна, што Квірыній уладарыў Сірыяй «у два заходы», што стала яшчэ верагодней пасля знаходжання стэлы з тэкстам пра дзеяча, які два разы ўладарыў Сірыяй у адну і тую ж эпоху. Фірпо падае мноства дэталяў, якія пераконваюць нас у мізэрных ведах пра тое, што сапраўды адбывалася ў той час, але гэта не азначае, што напісанае евангелістам Лукою можна было лічыць няпраўдаю. Нават калі б было даказана, што евангеліст Лука і Юзаф Флавій супярэчаць адзін аднаму, то чаму трэба больш верыць Юзафу Флавію, а не евангелісту Луку? Не паглыбляючыся ў дэталі, спашлемся на той агульнавядомы факт, што Юзаф Флавій не такі ўжо бездакорны ў апісанні згаданых падзей.
Аўтар - Марі Крісцін Черуці менавіта зараз рыхтуецца да чарговых лекцый, якія распачне у Мінску ў сярэдзіне лістапада.
(Пераклад з французскай мовы Алены Ціханавай.)
 
 







All the contents on this site are copyrighted ©.