2006-10-18 15:07:14

Мусульмане звярнуліся да Папы.


38 мусульманскіх лідэраў выказалі задавальненне тлумачэннямі Папы ягоных слоў у Регенсбургу, і прынялі яго запэўненне ў тым, што прамоўленае ім не адлюстроўвала ягонага асабістага пункту гледжання. Заява пададзена ў форме ліста, накіраванага Бенедыкту XVI° мусульманскімі кіраўнікамі, як шыітамі, так і сунітамі.
Свае подпісы пад дакументам паставілі Вярхоўныя муфтіі Стамбула, Расіі, Босніі, Харватыі, Косава, Узбекістана, Амана, а таксама аятала Мухаммад Алі Ташкіры з Iрана, і шэраг багасловаў са Злучаных Штатаў Амерыкі.
Мусульманскія лідэры адзначылі, што “у пераважнасці іслам распаўсюджваўся менавіта пры пасрэдніцтве малітвы і місіянарскай дзейнасці”. “У гісторыі былі асобныя моманты, калі мусульмане парушалі словы ўласных духоўных настаўнікаў у тым, што тычыцца гвалтоўнага навярнення і адносінаў з іншымі рэлігійнымі суполкамі, але гэтыя выпадкі былі толькі выключэннем з агульнага правіла”, - адзначаецца ў накіраваным Папе лісце.
У пасланні падкрэсліваюцца станоўчыя аспекты навукі сучаснага Свяцейшага Айца, у тым ліку “ягонае імкненне наладзіць шчыры дыялог”.
У лісце мусульманскія лідэры асаблівым чынам адзначаюць той факт, што хрысціяне і мусульмане складаюць больш за палову насельніцтва планеты, і іх задачай павінна быць спрыянне стварэнню міра ва ўсё больш узаемназлучаным свеце. Менавіта таму трэба пакінуць гнеў і абразы і перайсці да сапраўднага дыялогу, мэтай якога з’яўляецца развіццё ўзаемнага паразумення і павагі паміж двума рэлігіямі.
Iсламскія кіраўнікі таксама выказалі сваю падзяку Папе за тое, што перад спатканнем з пасламі з мусульманскіх краінаў ён запэўніў мусульманаў у сваёй глыбокай павазе да іх.







All the contents on this site are copyrighted ©.