2006-10-10 14:16:58

Пастырскі зварот ( першая частка)


 
Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
з нагоды 410-годдзя Берасьцейскай Царкоўнай Уніі
З найвялікшай руплівасьцю захоўвайце сьвятую спадчыну
сьведчання Ісуса (пар. Адк 12, 17), якое было вам перададзена
і якое вы маеце ў Сулучнасьці ўсёй Царквы –
адзінай, сьвятой, каталіцкай і апостальскай”.
(Апостальскі Нунцый Архібіскуп Марцін Відавіч,
Гамілія ў Полацку, 16 ліпеня 2006 г .) Вялебныя Айцы: Сьвятары і Дыяканы,
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты,
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры, Шаноўныя Сябры!
1. 410 гадоў таму, у дні 6-10 кастрычніка 1596 году, у Берасьці адбыўся Памесны Царкоўны Сабор, на якім законны праваслаўны Мітрапаліт Кіеўскі Міхаіл ІІІ (Рагаза), 5 біскупаў і 3 архімандрыты, - гэта значыць абсалютная большасьць беларуска-украінскае ерархіі, у прысутнасьці Папскага Легата і пры падтрымцы некаторых біскупаў Лацінскай Царквы, падпісалі і абвясьцілі акт Берасьцейскай Уніі, якім аднаўлялася еднасьць Усходняе Царквы на беларускіх і ўкраінскіх землях, што ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і Польскае Кароны, з Рымскай Апостальскай Сталіцай. У адзін час з унійным саборам праходзіў і антысабор, які сабраў праціўнікаў Уніі. Гэта сьведчыць пра поўную рэлігійную свабоду і што не было ў той час ніякага прымусу ў справе паяднаньня Цэркваў, прыхільнікі і праціўнікі Уніі мелі вольны выбар. Унія была аднаўленьнем еднасьці з Рымам, еднасьці, у якой знаходзіліся хрысьціяне ў Полацку і Кіеве ў той час, калі гэтыя землі прымалі сьвяты Хрост паводле візантыйскай традыцыі, але ў яшчэ непадзеленай Царкве.
410-тыя угодкі Берасьцейскага Сабору 1596 году зьяўляюцца добрай нагодай, каб аддаць падзяку Госпаду за вялікую ласку адзінства Усяленскай Царквы. Зразумела, што асабліва мы, грэка-католікі Беларусі, разам з нашымі братамі – украінскімі грэка-католікамі, адчуваем сёньня ўдзячнасьць да нашых духоўных Бацькоў за падпісаньне Берасьцейскай Уніі. Іх вернасьць Слову Божаму “каб усе былі адно” (Ян 17,11) і дзеяньне Сьвятога Духа далі магчымасьць ерархам і вернікам Паўсюднай Царквы пабачыць і адчуць радасьць рэальнага адзінства хрысьціянаў. Такім чынам споўнілася першасьвятарская малітва Госпада нашага Ісуса Хрыста, а Царква вярнулася да Евангельскага ідэалу.

2. На працягу стагоддзяў хрысьціяне на Беларускіх Землях жылі ва ўнікальных умовах блізкага суседства розных традыцыяў, культураў, нацыянальнасьцяў. Па большасьці прыняўшы сьвяты Хрост ва ўсходняй (грэцкай) літургічнай традыцыі ў 988 годзе – значыць яшчэ да разьдзяленьня Цэркваў - адначасна яны фармаваліся ў духу дыялогу з традыцыяй Лацінскага Касьцёла, з ідэямі гуманізму і лацінскага правадаўства. Яны здолелі захавацца ад шляхоў рэлігійнай неталеранцыіі. Таму не выпадкова, што справа вяртаньня да царкоўнага адзінства, якая асабліва насьпела пасьля ўнійнага Сабору ў Фларэнцыі ў 1445 годзе, атрымала на нашых землях жывы водгук у біскупах, сьвятарах, а таксама руплівых асобах сьвецкіх. Менавіта вынікам іх намаганьняў і Божага блаславеньня сталіся берасьцейскія пастановы і падпісаньне Уніі Кіеўскай Мітраполіі з Апостальскім Пасадам у 1596 годзе.
Падпісанне Уніі прынесла багаты плён сьвятасьці і духовага ўплыву на культуру і сьвядомасьць народу, які, далучыўшыся да Каталіцкай Сулучнасьці (Communio), ўзбагаціў яе сваёю вернасьцю традыцыі ды ўпрыгожыў усходнім набажэнствам.
Узгадваючы гады памыснага разьвіцьця і пашырэньня ідэй Берасцейскага пагадненьня і гарманічнага суіснаваньня католікаў розных абрадаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, памятаем і пра балесныя гадзіны канфрантацыі з братамі праваслаўнымі, якія не далучыліся да радасьці паяднаньня. Міласэрнага Госпада і Збаўцу нашага просім, каб у духу любові і ўзаемнага прабачэньня мы змаглі пераадольваць непаразуменьні на шляху дыялогу ды ў згодзе “абвяшчалі Евангельле збаўленьня на гэтай дарагой зямлі, што зьяўляецца нашай Айчынай” (пар. Гамілія Апостальскага Нунцыя ў Полацку, 16 ліпеня 2006 г.).
 
3. Дастаткова хутка пасьля Берасьцейскай Уніі, на тэрыторыі тагачаснай Беларусі амаль 80% вернікаў належала да Царквы зьяднанай з Рымам, якую ў нас называлі Ўніяцкай. Але ў наступных стагоддзях лёс беларускіх уніятаў быў вельмі складаны. Былі прадпрынятыя акцыі нішчэньня ўсіх і ўсяго, што магло нагадваць сьвету пра берасьцейскія падзеі 1596 г. Няспынныя жорсткія ганеньні, прымус і дыскрымінацыя працягласьцю больш чым 200 гадоў зьнішчылі царкоўныя структуры беларускіх уніатаў. Тым больш цудоўным у вачах нашых ёсьць адраджэньне грэка-каталіцкіх Супольнасьцяў у Беларусі за апошніх 16 гадоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.