2006-10-06 14:58:52

Інаўгурацыя навучальнага года ў сэмінарыі ў Пінску


2 кастрычніка 2006 г. адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. Урачыстасць распачалася а 12-й гадзіне супольнай малітваю ў семінарскай капліцы.
Пасля Св. Імшы, якую целебраваў кардынал Казімір Свёнтэк, традыцыйным студэнцкім спевам Gaudeamus у актавай зале распачалася сустрэча з нагоды інаўгурацыі новага 2006/2007 навучальнага года. Прэфект семінарыі кс. магістр ліцэнцыят Аляксей Раманчук прывітаў усіх прысутных, а затым са справаздачаю за 2005/2006 навучальны год звярнуўся да прысутных віцэ-рэктар кс. доктар Ян Крэміс, які храналагічна прадставіў асноўныя падзеі жыцця семінарыі за мінулы год, а такасма нагадаў пра яе сённяшні стан: колькасць семінарыстаў, выкладчыкаў і т.п. Кс. магістр ліцэнцыят Андрэй Зайчык, выкладчык Святога Пісання, прачытаў удзельнікам інаўгурацыі рэферат на тэму «Біблейскія аспекты беларускай літаратуры Сярэднявечча».
Кардынал Казімір Свёнтэк у свёй прамове нагадаў пра новую гісторыю Касцёла на Беларусі (г. зн. з 1989 г.), пачатак якой даў Слуга Божы Ян Павел ІІ, адраджаючы касцёльныя структуры і мянуючы на нашых землях біскупаў. Кардынал Казімір Свёнтэк таксама ўручыў дэкрэты новым выкладчыкам семінарыі, якія разам прачыталі прадпісанае кананічным правам вызнанне веры і падпісалі яго.
Рэктар семінарыі кс. доктар Ян Саламон урачыста аб’вясціў 2006/2007 навучальны год адкрытым і заклікаў семінарыстаў не затрымлівацца на шляху семінарскай фармацыі, а нястомна ісці да мэты. Ён таксама пажадаў семінарыстам, выкладчыкам, адміністрацыі і супрацоўнікам семінарыі поспехаў у новым навучальным годзе і ўручыў 8-мі семінарыстам-першакурснікам студэнцкія білеты.
Кс. пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які нядаўна быў прызначаны адказным за фармацыю семінарыстаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, перадаў пажаданні ўсім прысутным ад Апостальскага Адміністратара архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі, а таксама выказаў падзяку кіраўніцтву семінарыі за сумленную працу, перададзеныя семінарыстам веды і веру. Звяртаючыся да семінарыстаў, ён заахвоціў іх цаніць і развіваць у сабе ласку паклікання.








All the contents on this site are copyrighted ©.