Зварот біскупа Дзямянкі да вернікаў Менска-Магілёўскай архідыяцэзыі
Апошнім часам закранаецца праблема дзяцей, пазбаўленых апекі бацькоў. Дзякуй Богу,
у нашай краіне няма дзяцей пакінутых, дзяцей, якія б заставаліся на вуліцах нашых
гарадоў без ніякай апекі. Дзяржава спяшаецца дапамагчы гэтым дзецям, стварае для іх
інтэрнаты і дзіцячыя дамы. Асаблівай пашаны заслугоўваюць тыя асобы, якія працуюць
выхавацелямі ў дзіцячых дамах, служаць дзецям, памяншаючы такім чынам іх цярпенні,
выкліканыя стратай сям’і. Неабходна таксама ўзгадаць пра розныя грамадскія арганізацыі,
прыватных спонсараў са свету бізнесу, якія для сіротаў арганізоўваюць адпачынак у
нашай краіне і за мяжой. Іх самаадданую працу Слуга Божы Ян Павел ІІ назваў супрацоўніцтвам
у справе стварэння цывілізацыі любові. На жаль, нават найлепш упарадкаваныя дзіцячыя
дамы не заменяць сямейнай атмасферы. Нішто і ніхто не дасць столькі цяпла дзецям,
колькі можа даць штодзённае жыццё ў поўнай і любячай сям’і. Касцёл заклікае сужэнствы
і хрысціянскія сем’і прыйсці на дапамогу дзецям-сіротам. Найлепшая дапамога — гэта
падзяліцца атмасферай сямейнага цяпла і ўзяць такое дзіця на выхаванне. Такім чынам
можна дзейсна перадаць дзецям традыцыі нашых продкаў і бясцэнны дар веры. Дзеці
— гэта будучыня грамадства, будучыня нацыі і Касцёла. Усыноўленае дзіця, выхаванае
ў сям’і веруючых, сустракаецца ў штодзённым жыцці са сведчаннем дабрыні Бога, адчувальна
перажывае благаслаўленне, якое нараджаецца тады, калі чалавек становіцца на шлях веры.
Таму я вельмі прашу сужэнствы і сем’і, якія маюць адпаведныя хатнія і матэрыяльныя
ўмовы, адкрыць свае сэрцы і прыняць на выхаванне адно ці некалькіх дзяцей-сіротаў.
Са шматгадовай душпастырскай практыкі я ведаю, што такое дзіця часта становіцца
падтрымкай для бацькоў у старасці. Будзем таксама памятаць пра заслугу перад Богам:
«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых, тое Мне зрабілі». Прыкладам для нас
з’яўляюцца сем’і з нашай краіны і з-за мяжы, якія чакаюць сваёй чаргі, каб усынавіць
дзяцей-сіротаў, часта хворых або калекіх. Нават калі сем’і не маюць адпаведных
матэрыяльных умоваў для таго, каб узяць назаўсёды да сябе дзіця-сірату, я заклікаю
не зачыняць сваіх дамоў для сіротаў. Можна дапамагаць такім дзецям, запрашаючы іх
да сябе з нагоды розных святаў, значных датаў у жыцці дзіцяці, напрыклад, з нагоды
дзён нараджэння ці імянінаў, на час школьных канікулаў. Дзяржаўны закон прадугледжвае
і такія кантакты сем’яў з сіротамі. Гэтым законам ужо карыстаюцца і прадстаўнікі іншых
хрысціянскіх веравызнанняў. Важнай і вострай праблемай з’яўляецца праблема дапамогі
хворым дзецям, пазбаўленых сем’яў, дзецям, якія жывуць у спецыяльных установах. Нават
тады, калі мы не ў стане матэрыяльна дапамагчы дзецям-сіротам, мы можам дапамагаць
ім духоўна. Мы можам памятаць пра іх у нашых малітвах, прасіць добрага Бога, каб на
іх жыццёвым шляху Ён паставіў людзей, якія адкрыюць свае сэрцы на іх патрэбы. Усіх
тых, хто клапоціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне і выхаванне дзяцей-сіротаў і інвалідаў,
усіх, хто распрацоўвае законы на карысць сіротаў, усіх, хто прыняў у свае сем’і гэтых
дзяцей, я шчыра благаслаўляю. Апостальскі Адміністратар