2006-09-30 10:13:34

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Праз чатыры дні, 22 чэрвеня 1941 году, пачалася нямецка-савецкая вайна. А яшчэ праз паўгоду, 7 сьнежня, японцы разбурылі амэрыканскую марскую базу Пэрл Гарбар (Pearl Harbor). Вайна сталася сапраўды сусьветнай, і пра падарожжа ў Харбін не магло быць гутаркі. Узьніклі таксама перашкоды і асабістага характару: Сіповіч “праваліў” экзамэны на ліцэнцыят з багаслоўя. Паўторныя экзамэны ўвосень пайшлі ня лепш. 18 кастрычніка Сіповіч запісаў у “Хроніцы”: «А. Ч. Сіповіч другі раз здае ў Грэгорыянум экзамэны на ліцэнцыят і другі раз яго зрэзалі (Ленэрц S.J.). Што будзе далей – супэрыёры скажуць».
Пасьля такой няўдачы будучыня Сіповіча выглядала даволі няпэўнай. Сярод ягоных нататак з рэкалекцыяў ёсьць наступная за 19 кастрычніка 1941 году: «Пастанова на ўсё жыцьцё. Калі атрымаю згодна з воляй Божай (= у зьвязку з дальшай навукай), то гэта дзякуя толькі Матачцы Божай і яе слузе а. Станіславу Папчынскаму68. Пасьля атрыманьня тэй ласкі – у што моцна веру – абяцаю: праз усё жыцьцё без патрэбы (у самым срогім значэньні гэтага слова) ня толькі не хваліцца стопнем навуковым, але яго і ня ўспамінаць перад нікім. Правініўшыся – пакутаваць. Аднак жа, калі Ты, Божа Ўсёведаючы, ведаеш і відзіш маю будучыню і мой тэмпэрамэнт і мой характар, і ведаеш, што для мяне і ліцэнцыят і гэты лішні год навукі непатрэбныя – то вядзі маё неразуменьне сваімі шляхамі. Тое, аб чым а. Енэрал мне сяньня сказаў: transeat a me, sed non mea voluntas sed Tua fiat» (хай пройдзе міма мяне, але хай будзе не мая воля, а Твая).
За гэтым запісам ідзе другі, за 3 лістапада: «Выслухаў Бог мяне, нягодніка, праз заступніцтва Добрай Маці Божай і Яе слугі а. Ст. Папчынскага. Усё злажылася проціў маім жаданьням: ня здаў эгзамінаў, не хацеў а. Енэрал, вайна – а ўсётакі ў імя Божае іду і далей буду вучыцца. А тое, што пастанавіў, пры помачы гэтай жа Матачкі Божай і Яе слугі а. Станіслава Папчынскага, выканаю».
У чэрвені 1942 году шчасьце ўсьміхнулася айцу Сіповічу, і ён нарэшце здаў экзамэн на ліцэнцыят. Пра Харбін ужо ніхто ня згадваў, і ўвосень таго году ён распачаў навуку ў Папскім Усходнім Інстытуце, які скончыў у 1946 годзе, абараніўшы дактарат пра аднаго з апошніх беларускіх вуніяцкіх мітрапалітаў Ясона Смагажэўскага (1780–1788).
Ад 1941 году Сіповіч жыў ужо ня ў Русікуме, а ў Марыянскай калегіі на вія Корсіка. Вайна амаль не кранула ані яго самога, ані іншых марыянаў, якія толькі назіралі разьвіцьцё падзеяў. У гэтым сэнсе цікавы запіс у “Хроніцы” пад датаю 30 жніўня 1943 году: «Айцец Я. Вайткевіч і Ч. Сіповіч едуць на мора ў Фрэджэнэ (Fregene). Будучы на пляжы, бачуць над сваімі галовамі лятуны амэрыканскія, каторыя ляцяць бамбардаваць Чывітавэкія. Іншая група на чале з а. Мрочкам ідзе ў вільлю Дорыя-Памфілі. У Рыме сяньня тры алярмы».
Зрэдку ў Рым даходзілі весткі зь Беларусі ці Польшчы. 7 лютага 1942 году Сіповіч зрабіў наступны запіс у “Хроніцы”: «Я. Э. Айцец Енэрал (Бучыс. – А.Н.) атрымаў ад Беларускага Камітэту ў Генэралгубэрнатарстве (Варшава, Княжая 4) просьбу і ўмесьці з тым быццам скаргу на правінцыяла польскай марыянскай правінцыі, каторы, паміма таго, што Курыя Мэтрапаліт(альная) у Варшаве дала беларусам касьцёл сьв. Марціна (вул. Піўная), ня даў туды беларуса ксяндза, а навет з беларускай дэлегацыяй на гэту тэму не хацеў гутарыць. Дакумэнт гэты напісаны 2 студня пад № 15/42-К/ІІІ. Падпісаўшыся як старшыня Др М. Шчорс».
Гэты запіс у “Хроніцы” даволі дакладна перадае зьмест ліста Варшаўскага Беларускага Камітэту да Бучыса, у якім гаворыцца: «Урад Камітэту, на шматлікія просьбы сяброў-каталікоў і наагул беларускага каталіцкага насельніцтва Варшавы, зьвярнуўся да Мітрапалічай Курыі ў Варшаве з просьбаю дэлегаваць каторага небудзь з ксяндзоў беларусаў, ці прынамсі знаючых беларускую мову, дзеля абслужэньня рэлігійных патрэбаў беларускага насельніцтва, згрупаванага пры Камітэце. Як кандыдатаў падалі нашы сябры кс. Мар’янаў з Друі, выгнаных польскім урадам з нашых этнічных тэрэнаў... Кс. Канцлер Курыі прыхільна аднёсься да нашае просьбы... але дарадзіў зьвярнуцца да кс. Правінцыяла Закону Мар’янаў. На жаль, у кс. Правінцыяла не спаткала дэлегацыя беларускага каталіцкага насельніцтва зразуменьня справы, ён не здаючы справы з таго, што тут бяруцца пад увагу кіраўніцтва душамі і абарона верных ад шкодных, антырэлігійных уплываў, на столькі збагатэлізаваў справу, што нават не захацеў у гэтай матэрыі гутарыць з дэлегацыяй. На паноўленую інтэрвэнцыю ў Курыі кс. Канцлер адказаў, што ў той справе ён, на жаль, ня можа інгэраваць (умешвацца. – А.Н.) дзеля таго, што закон кс. Мар’янаў не падлягае юрысдыкцыі Курыі. Такім чынам, усе спробы... разьбіліся ці то аб незразуменьне павагі справы, ці злую волю касьцельнае гіерархіі. А тым часам у манастыры кс. кс. Мар’янаў ёсьць, а фактычна марнуюцца, ксяндзы Беларусы, каторыя... гадзіліся ахвотна адпраўляць набажэнствы ў беларускім касьцеле і прыняць на сябе рэлігійную апеку над беларусамі... Яны... гадзіліся ў імя Хрыста і Яго Ідэалаў прыняць на сябе адказны і цяжкі абавязак – але, на жаль, гіерархія стала на іншым пункце гледзішча – дабро і ідэалы рэлігійныя ёй былі далёкія і чужыя»69.
На той час у Польшчы былі тры беларускія сьвятары з Друі: Казімер Смулька, Язэп Дашута і Віталіс Хамёнак. Пры добрай волі чаму б не даручыць аднаму зь іх пастырскую працу сярод беларусаў? Але, відаць, добрай волі не хапіла ня толькі ў Варшаве, але і ў Рыме. 8 лютага Сіповіч запісаў у “Хроніцы”: «На гэту просьбу паслана ўжо добрая рада, каб зьвярнуўся Бел. Камітэт з такой самай просьбай да Ўсходняй Кангрэгацыі». Сапраўды, Бучыс, не адкладаючы, на наступны дзень даў свой адказ Беларускаму Камітэту. У сваім лісьце на нямецкай мове ён пісаў: «Прыходжу вам на дапамогу з добрай радай: напішыце, калі ласка, магчыма як найхутчэй у гэтай справе... у Рым на наступны адрас: Яго Эмін. Кард. Тысэран, прэфэкт Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў, Рым, вія дэльля Канчыліяцыёнэ 127-129»70. Незразумела, як можна назваць гэтую параду “добрай”. Беларусы каталікі ў Варшаве ўсе належалі да рымскага (лацінскага) абраду, і таму іхныя справы не ўваходзілі ў кампэтэнцыю Ўсходняй Кангрэгацыі. Але нават калі б яны і былі ў ейнай кампэтэнцыі, што мог зрабіць Рым у ваенны час у Польшчы? Сваім адказам Бучыс быццам хацеў сказаць беларусам, каб яны пакінулі марыянаў у спакоі. Між іншага, старшыня Беларускага камітэту Др Мікола Шчорс быў праваслаўным. Цікава, якое ўражаньне зрабіў на яго адказ марыянаў, якія рваліся “навяртаць Расею”, а для беларусаў каталікоў адмовіліся даць нават аднаго сьвятара-беларуса.
Пытаньне духоўнай апекі беларускай каталіцкай грамадой у Варшаве разьвязалася, калі на пачатку лютага туды прыехаў айцец Пётра Татарыновіч, вядомы беларускі сьвятар, пісьменьнік і дзеяч, якому давялося выехаць зь Беларусі пад пагрозай арышту. Ён хутка зарганізаваў парафіяльнае жыцьцё, а ў верасьні таго самага году быў прызначаны настаўнікам рэлігіі ў беларускай школе. Як зазначыў Сіповіч у сваёй “Хроніцы” 21 сакавіка 1942 году, польскі марыянскі правінцыял а. Собчык – той самы, які не хацеў гаварыць зь беларусамі, – напісаў у Рым пра прыезд Татарыновіча ў Варшаву. У сваім лісьце ён таксама пісаў пра беларускіх марыянаў у Польшчы, асабліва пра а. Дашуту, які рваўся ў Друю, але правінцыял Собчык ня даў дазволу, бо ў Друі ўжо хапала польскіх марыянаў, a Дашута быў патрэбны ў Польшчы. 22 красавіка Сіповіч атрымаў з Варшавы ліст ад другога беларускага марыяніна, а. Віталіса Хамёнка, у якім той пісаў: «Магчымасьць можна было б вырабіць на паварот з выгнаньня ў Друю і ўсе б мы хацелі як птушкі паляцець, але мусемо свае пажаданьня ўзалежніць з воляй Божай і пшэложоных (старэйшых)».








All the contents on this site are copyrighted ©.