2006-09-28 14:55:59

Італія: віцэ-сакратар Міністэрства правасуддзя спадарыня Даніэла Мельхіоре у сувязі з выпадкам з беларускай дзяўчынкай Вікай Мароз заклікае бакі заставацца ў прававым полі і кранае наогул праблему руху ўсынаўлення і аздараўлення дзяцей Чарнобыля. Яна выказвае спадзяванне, што гэты трагічны выпадак прарве блакаду на ўсынаўленні з беларускага боку.


"Неабходна пашкадаваць няшчасных дзетак, якія ўжо мучацца з таго, што былі пакінутыя бацькамі, дык трэба гаварыць аб наступствах , якія могуць здарыцца ад таго, што дзеці чакаюць і чакаюць у надзеі, што іх прывязуць у Італію."(канец цытаты)
А ваш карэспандэнт, паважаныя слухачы, я, Алена Мартэцкая, у сваю чаргу лічу, што Віка Мароз - нацыянальная гераіня Беларусі, бо зрабіла ў Італіі больш для ведання нашай краіны, чым усе паслы за нашу маладую гісторыю. Мае права гэтае дзіця адкрыць новы спіс усыноуленых у Італіі нашых сірот - сораму нашых часоў (бо ў большасці яны маюць жывых бацькоў, Віка,аднак, анікога не мае, нават сваякоў) Дзяўчынка, на маю думку, выпакутавала права мець сям'ю, якую любіць, і застацца ганаровай і рэальнай грамадзянкай Беларусі. А каб дапамагаць такім людзям з такім цяжкім лёсам не губляць сваёй тоеснасці, трэба вучыцца ў больш сталых цывілізаваных народаў. Значыцца, не забараняць, але прапаноўваць: напрыклад, пуцёўкі ў летнікі - для дзяцей і санаторыі ці дамы адпачынку - для замежных бацькоў. Бо з кім, як не з італьянцамі, вучыцца развіваць даходную турыстычную галіну? І, хто ведае - ці не папросяцца яны на старасці да нас, на квітнеючую Беларусь? Калі сапраўды ўсе мы, дарослыя, на чале з нашым урадам жадаем менавіта гэтага нашым дзецям і нашай Бацькаўшчыне - Беларусі!







All the contents on this site are copyrighted ©.