2006-09-21 12:01:14

Пераследаванні Царквы ў Кітаі.


У кітайскай правінцыі Фуцьзянь, па загаду мясцовых уладаў, быў зруйнаваны бульдозерам каталіцкі касцёл.
Раніцай 1 верасня мясцовыя чыноўнікі ў суправаджэнні 500 паліцыянтаў прыбылі ў вёску і назіралі за зруйнаваннем храма, што належаў каталіцкай парафіі вёскі Ютачань, католікі якой не прызнаюць афіцыйную Каталіцкую Царкву Кітая, але знаходзяцца ў лучнасці са Святым Пасадам. На будаўніцтва касцёла, якое было завершана толькі ў ліпені 2006 года, было выдана 40 000 еўра.
Некаторыя вернікі, якія паспрабавалі перашкодзіць разбурэнню храма, былі жёрстка пабітыя. Зруйнаванне касцёла ўлады вытлумачылі тым, што ён быў пабудаваны незаконна і ў’яўляў сабой пагрозу грамадскай бяспецы.
Акрамя таго, мясцовыя бюракраты пагражаюць знішчыць яшчэ адзін касцёл, які цяпер будуецца ў суседняй вёсцы Ао Кьян. У гэтай вёсцы таксама існуе непадпарадкаваная ўладам каталіцкая суполка з, прыкладна, 400 асобаў, пераважна рыбакоў. На ўласныя сродкі яны спрабуюць пабудаваць касцёл. “Нашы людзі ахвяруць, часам нават эканомячы на ежы, каб пабудаваць гэты касцёл. Але цяпер урад руйнуе ўсё, ігнаруючы пот і кроў гэтых людзей. Усё гэта не мае сэнсу. Мы незадаволены і адчуваем сябе пакрыўджанымі”, - сказаў адзін з мясцовых католікаў.
Наша даведка: У КНР дазволена праводзіць Богаслужбы толькі ў храмах, зарэгістраваных у Камітэте да спраў рэлігій. Iншыя культавыя будынкі разглядаюцца, як пагроза грамадскай бяспецы. Такім чынам, у адрозненне ад падпарадкаванай ураду Каталіцкай Царквы, вернікі-кітайцы, як і іншыя католікі ва ўсім свеце, што захавалі вернасць Апостальскай сталіцы, не маюць права на нармальнае літургічнае жыццё.







All the contents on this site are copyrighted ©.