2006-09-16 10:45:35

Біскуп Чэслаў Сіповіч Сьвятар і Беларус


14 студзеня 1940 году споўнілася 25 гадоў сьвятарства айца Адама Станкевіча. Празь няпэўнасьць палітычнага становішча, а таксама каб зьвярнуць увагу, што юбіляр знаходзіўся на “выгнаньні” ў Слоніме, беларусы пачалі рыхтавацца да гэтай даты вельмі рана. Першыя прывітаньні сталі прыходзіць ужо ў чэрвені 1939 году. Сярод іх былі лісты ад мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ды іншых украінскіх і летувіскіх біскупаў, ад сьвятароў (каталіцкіх і праваслаўных), ад многіх беларусаў і іншых асобаў, якія ведалі і шанавалі айца Адама. Не даслалі толькі ніводнага прывітаньня палякі, ані сьвецкія ані духоўныя, нават ягоны дыяцэзіяльны біскуп Ялбжыкоўскі. Шмат хто, ня ведаючы адрасу айца Станкевіча ў Слоніме, даслаў свае віншаваньні ў рэдакцыю віленскага часопісу Калосьсе. Польская паліцыя абшукала памяшканьне рэдакцыі і сканфіскавала многія прывітаньні, у тым ліку ад айца Язэпа Германовіча. Чэслаў Сіповіч таксама даслаў 27 жніўня сваё віншаваньне з Рыму – тэкст захаваўся сярод ягоных папераў. На жаль, яно ніколі не дайшло да адрасата, напэўна, таму, што 1 верасьня пачалася вайна.
Сіповіча вельмі ўразіла Ўкраінская калегія, у якой было блізу сотні студэнтаў-клерыкаў. Аднаго разу, калі ён там гасьцяваў, у яго спыталіся, чаму беларусы ня маюць сваёй калегіі ў Рыме. «Са стыдам – пісаў ён Цьвячкоўскаму, – я ледзь паясьніўся нястачай беларусаў сьвятароў і наагул беларусаў у Рыме». Напэўна, Сіповіч перажыў тады балючыя хвіліны. Цікава, ці адчуваў ён горкую іронію свайго становішча: адзіны беларускі клерык у Рыме рыхтаваўся “навяртаць Расею”, калі на Бацькаўшчыне не ставала сваіх сьвятароў. Можа і добра, што на той час ён нічога ня ведаў пра афэру з брыльянтавым калье княгіні Радзівіл і ролю ў ёй беларускіх айцоў марыянаў... Сіповіч моцна адчуваў адсутнасьць беларусаў у Вечным Горадзе і як мог, імкнуўся гэтую пустэчу запоўніць. Так, у вышэй згаданай карэспандэнцыі з Рыму ён апісвае ўрачыстасьць 18 траўня 1939 году, калі новы папа Пій XII як біскуп Рымскі заняў свой біскупскі пасад у Лятэранскай базыліцы сьв. Яна, “маці каталіцкіх цэркваў”: «Калі папежа ўносілі ў гэтую старынную сьвятыню, таўпа народу з розных старонак сьвету, на розных языкох вітала яго віватамі, воплескамі. Можна было пачуць і беларускае “Хай жыве Сьвяты Айцец!”». Няцяжка здагадацца, хто быў гэты беларус, які вітаў папу ў сваёй мове. Зноў, апісваючы ўсходнюю Літургію 21 траўня ў базыліцы сьв. Пятра з нагоды 950-х угодкаў хрышчэньня Русі, ён так тлумачыць адсутнасьць на сьвяткаваньні беларускіх сьвятароў: «Але ўзялі б і яны ўдзел, каб не спазьніўся прыехаць з Харбіну Я(го).Э(ксцэленцыя). Ф. Абрантовіч, каторага чакалі»63. Насамрэч Абрантовіча чакалі не як прадстаўніка беларусаў, а як галаву расейскай эпархіі ў Манчжурыі. Таму, нават калі б ён і не спазьніўся, усё роўна афіцыйна беларусаў на ўрачыстасьці не было б.
Наагул, трэба прызнаць той сумны факт, што беларусаў як асобнай нацыі для царкоўных уладаў у Рыме не існавала. Самога Чэслава Сіповіча ў пераліку студэнтаў Грэгарыянскага Ўнівэрсытэту запісалі расейцам. У лісьце за 14 студзеня 1941 году ён зьвяртаўся да сакратара ўнівэрсытэту: «У адказ на заклік прысылаць папраўкі памылак адносна імёнаў і г. д. у сьпісе студэнтаў, якія туды неяк украліся, я асьмельваюся пытацца ў Сакратарыяту, чаму ўжо трэці раз (бо гэта ўжо здарылася двойчы ў мінулыя гады) замест беларускай нацыянальнасьці, да якой я належу, я запісаны расейцам? Спадзяюся, што гэта здарылася праз памылку; калі ж аднак ёсьць нейкія прычыны на гэта, я хацеў бы іх ведаць неадкладна»64.
На наступны дзень Сіповіч атрымаў адказ ад сакратара: «Прычынай, чаму В(аша) Д(астойнасьць) запісаны расейцам, ёсьць той просты факт, што няма палітычнай дзяржавы “Беларусь”, а толькі Расея, а мы афармляем нашыя рэгістрацыйныя лісты не паводле расавай, а паводле дзяржаўнай прыналежнасьці. Гэтаксама напр. шкоты запісаныя як ангельцы»65. Гэты адказ ня робіць гонару ані сакратару, ані той установе, якую ён рэпрэзэнтаваў. Слова “нацыянальнасьць” (nationality, nationalité, nazionalitа) y многіх заходнеэўрапейскіх мовах ужываецца ў значэньні “грамадзянства” або “дзяржаўная прыналежнасьць”. На той час не было ня толькі незалежнай Беларусі, але й Расеі: абедзьве ўваходзілі ў склад Савецкага Саюзу. Таму, згодна зь лёгікай сакратара, “нацыянальнасьць” студэнтаў з гэтых краінаў мусіла пазначацца як “савецкая”. Што да Сіповіча, дык ён ніколі ў жыцьці ня быў нават блізка Расеі. Ня жыў ён і ў СССР, бо пакінуў Заходнюю Беларусь год перад яе далучэньнем да Савецкай Беларусі, выехаўшы ў Італію з польскім пашпартам. Дык да якой ён належаў нацыянальнасьці? У выпадку Шкоцыі і Англіі абедзьве гэтыя краіны ўваходзяць у склад Вялікай Брытаніі, таму “нацыянальнасьць” (y заходнім сэнсе) іхных грамадзянаў акрэсьліваецца як “брытанская” (British), a не “ангельская”. Цікава было б пабачыць таго, хто б адважыўся назваць шкота ангельцам!
Думка пра Беларусь не пакідала Сіповіча ў Рыме, і ён міжволі параўноўваў свой новы досьвед з тым, што бачыў і ведаў на Бацькаўшчыне. Напрыклад, у Вялікую Пятніцу, 11 красавіка 1941 году, ён запісаў у “Хроніцы”: «Часьць з нас ідзе пакланіцца сьв. Крыжу ў касьцёл сьв. Крыжа, часьць у базыліку Лятэранскую, гдзе адбываліся сумна-прыгожыя набажэнствы. Трэба сказаць, што пішучы гэты словы нічога іншага не ўбачыў ад таго, што калісь было ў гэтым дню ў Друйскім марыянскім касьцеле (Беларусь). Зразумела, што там не было ані хору Casimiri, ані гэтулькі канонікаў і пралатаў...»
“Хроніку” прывёз зь Вільні ў Рым айцец Германовіч, які на нейкі час затрымаўся ў Русікуме, каб лепш пазнаёміцца з расейскай літургічнай традыцыяй. Сіповіч працягваў запісы ў “Хроніцы” да 1943 году.
10 лютага 1939 году памёр папа Пій XI. На ягонае месца быў абраны Пій XII, якому выпала кіраваць Каталіцкай Царквою ў Другую сусьветную вайну і ў паваенны пэрыяд супрацьстаяньня паміж камуністычным сьветам на чале з Савецкім Саюзам, з аднаго боку, і Захадам – з другога.
Каранацыя новага папы адбылася 12 сакавіка 1939 году. У той дзень у Марыянскай калегіі разьвітваліся з айцом Германовічам, які зьбіраўся ў Манчжурыю. Сіповіч так апісаў у “Хроніцы” гэтую падзею: «У гэты самы дзень па каранацыі ў нашай Марыянскай калегіі (Rym, via Corsica 1) разьвітальны абед y чэсьць а. Я. Германовіча М.І.С, перад яго ад’ездам у Харбін. На абедзе былі прысутны: біскуп Евреинов (расеец), а. Піліп де Рэжыс, S.J. (француз). Айцец Енэрал А. Цікота па-расейску падзякаваў біскупу за ласкава ветлівае ўчасьце ў марыянскай сямейнай урачыстасьці; падзякаваў такжа айцу Рэктару Піліпу за яго працу над узгадаваньнем марыянскіх клерыкаў, каторыя гатовяцца ў “Русікум” на працаўнікоў злучэньня Касьцёлаў. Адзначыў такжа, што на цяперашніх двох марыянскіх “русікамцах” ня скончыцца ўсходняе напраўленьне. У адказ на слова а. Енэрала Ўладыка Аляксандар са сваёй стараны падзякаваў цэлай нашай Кангрэгацыі за працу, якую мы ложым для яго землякоў. Усім, чым можа, a перадусім малітвамі, абяцаў памагаць у прышласьці марыянам».










All the contents on this site are copyrighted ©.