2006-09-12 14:17:16

"Эвангелле - гэта праўда."(ЦЫКЛ)
У наш век татальнага сумніву, "газетных качак", пераблытаных паняццяў дабра і зла неабходна мець трывалы пункт адліку жыццёва важнага. Так лічыць прафесар філасофіі і тэалогіі, у тым ліку і ў Белдзяржуніверсітэце, Марі-Крісцін Черуці-Сандрыё.


Скажоныя факты падрабляюцца скажонымі сэрцамі. Не паддавацца! - вось духоўная задача кожнага чалавека добрае волі ў сённяшнім свеце . Дапаможа гэтаму ВЕРА, НАДЗЕЯ
І ЛЮБОЎ. А таксама веды.
Спадарыня Маrie-Cristinne распачала супрацоўніцтва з тэалагічным факультэтам ў Мінску па волі лёсу - яе муж 4 гады быў Амбасадарам Італіі ў Беларусі. Ужо праляцела шмат год з моманту, як дыпламатычныя маршруты праляглі па дарогах Заходняе Еўропы. Але кожны год прафесарка Черуці прылятае ў Мінск чытаць лекцыі. А зараз у мужа новае прызначэнне - прадстаўляць Італію ў Замбіі. Аднак сп. Марі-Крісцін пэўная, што знойдзе магчымаць і з Афрыкі далятаць да Беларусі на лекцыі.(Голас сп. Черуці)
Эвангелле - гэта праўда.(Марі-Крісцін Черуці)
Што дае нам падставу сцвярджаць, што падзеі, пра якія гаворыцца ў Евангеллі, сапраўды адбыліся ў пэўны гістарычны час, у канкрэтнай краіне, што людзі, апісаныя ў Евангеллі, – не выдуманыя персанажы, а рэальныя, жывыя ўдзельнікі тых далёкіх падзеяў? Пытанне, відаць, не ў тым, каб узнавіць з большай ці меншай дакладнасцю верагоднасць даты, геаграфічныя назвы ці імёны ўдзельнікаў падзеяў, а ў тым, каб само іх існаванне не выклікала сумненняў, бо калі ставіцца пад пытанне гістарычнасць Евангелляў, з’яўляецца шырокае поле для ўзрошчвання здагадак аб прысутнасці ў евангельскіх аповедах міфаў, выдумкі або гульні ўяўлення...
Першы доказ сапраўднасці гэтага дакумента – яго здольнасць супрацьстаяць самым жахлівым нападкам, якія, здаецца, сёння дасягнулі ў нас на Захадзе свайго апагею.
Другім доказам сапраўднасці Евангелляў з’яўляецца тое, што яны цалкам супярэчаць таму, што ўсялякі разумны заснавальнік рэлігіі мог бы прапанаваць сваім паслядоўнікам. Любоў да ворагаў немагчымая нідзе, апрача хрысціянства, а ўвайсці ў Валадарства Божае дадзена кожнаму, нават злачынцу, абы толькі ён пакаяўся. Партрэты вершых вучняў Хрыста – стаўпоў новай веры – вельмі часта здзіўляюць: яны не заўсёды разумеюць таго, што адбываецца, здараецца, што яны здраджваюць свайму Настаўніку, не вераць Яму або страчваюць веру ў Яго. І ў дадатку да ўсяго – сам Хрыстус з Яго жахлівай, бясслаўнай, ганебнай смерцю: вось ужо чыя роля не вытрымлівае ніякай крытыкі...
Сёння мы маем дастаткова вялікія дадзеныя археалогіі, філалогіі, гісторыі на карысць сапраўднасці фактаў, пра якія гаворыцца ў Евангеллі. Але калі б можна было даказаць, што евангельскія прыпавесці былі вядомыя яшчэ пры жыцці саміх сучаснікаў Хрыста, нам удалося б пахіснуць тэзіс пра ролю выдумкі ў стварэнні Евангелляў. Як жа гэта даказаць? Ёсць некалькі спосабаў. Перш за ўсё вельмі важны той гістарычны факт, што ў 70 г. пасля Нараджэння Хрыстовага (г. зн. праз 70 гадоў пасля мяркуемай даты нараджэння Езуса і, самае большае, праз 40 гадоў пасля Унебаўшэсця) Ерузалем быў цалкам разбураны рымлянамі, яўрэі выгнаныя або высланыя на чужыну, Ерузалемскі Храм разбураны і спалены. Гэты Храм, выключна важны для юдэйскай рэлігійнай практыкі і культуры, увасабляў усё самае святое, што было ў габрэйскага народа, і ў гэтым сэнсе яму няма роўнага ў нашай цывілізацыі. Гэтая трагедыя павяла за сабою пагібель культуры, мовы, краіны. Варта асабліва падкрэсліць, што ў Евангеллях пра яе гаворыцца толькі ў парадку прароцтва, хоць нашы сучасныя экзэгеты мяркуюць, што евангелісты пісалі ўжо па слядах здзейсненых фактаў і ў вусны Хрыста пост-фактум былі ўкладзены прароцтвы, якія Ён на самай справе ніколі не прамаўляў. У гэтым выпадку, па логіцы, евангелістам нішто не перашкаджала прызнаць, што прароцтвы ўжо здзейсніліся. Аднак ні ў адным з Евангелляў няма ніякай згадкі ні пра жудасны генацыд, ні пра трагедыю, якую перажывалі габрэі, ні пра спаленне Храма як пра здзейснены факт. Выснова відавочная – усе яны былі напісаныя да 70 года.
Апрача гэтага, вядома, што самыя старажытныя спіскі Евангелляў дайшлі да нас на грэцкай мове, бездакорнай у граматыцы, але з вялікай колькасцю выслоўяў, характэрных для тагачасных прастамоўных юдэяў. Гэтыя выслоўі на грэцкай мове даволі складаныя для разумення. Што, напрыклад, азначае такая фраза па-грэцку: «Езус накіраваў твар ісці ў Ерузалем»? Абсалютна нічога, як, між іншым, і па-руску. Але калі яе перакласці на старажытнагабрэйскую мову, то сэнс будзе такі: «Езус цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем». Падобныя да гэтага выслоўі сустракаюцца ў Евангеллі тысячамі, і на гэта звярнулі ўвагу два вядомыя вучоныя, якія працавалі незалежна адзін ад аднаго: Клод Трэсмантан, які доўгі час выкладаў у Сарбоне, член-карэспандэнт Французскай Акадэміі, складальнік слоўніка старажытнагабрэйскай мовы і мовы Септуагінты, і абат Жан Карміньяк, адзін з найбуйнейшых біблістаў і, відаць, самы вялікі знаўца старажытнагабрэйскай мовы кумранскіх рукапісаў (г. зн., мовы эпохі Езуса Хрыста). Трэці вучоны, Франсіс Мар’ён, які ведае мноства моваў, і старажытных, і сучасных, шляхам цалкам незалежных даследаванняў прыйшоў да той жа высновы, што і згаданыя вышэй навукоўцы: у Евангеллі цалкам, а не толькі (як гэта прынята лічыць сёння), «умантаваныя» пазней фрагменты былі напісаныя на семіцкай мове: старажытнагабрэйскай ці арамейскай. Гэта дае нам падставы меркаваць, што Евангеллі, якія дайшлі да нас на грэцкай мове, з’яўляюцца перакладамі са страчаных арыгіналаў, і з гэтага можна зрабіць выснову, што евангельскія тэксты былі напісаныя да 70 года пасля Н. Х., бо пасля гэтай даты гаварыць на старажытнагабрэйскай або арамейскай мовах было справаю марнай і нават небяспечнай. Калі Евангеллі былі напісаныя да 70 года, то і сведкі апісаных у іх ашаламляльных і незабыўных падзеяў былі яшчэ жывыя.
Як пацвярджэнне гэтай гіпотэзы ў знакамітых цяпер пячорах Кумрана ў Мёртвым моры цалкам выпадкова было знойдзена нешта ашаламляльнае, а дакладней, невялікі фрагмент Евангелля ад Марка, запісаны на папірусе, вядомым пад умоўным пазначэннем 7Q5. Гэты ўрывак адметны тым, што кумранскія пячоры былі «занадта рана», у 68 годзе пасля Н. Х., закрыты з прычыны наступу рымскіх войскаў, якія ішлі на Ерузалем. Самыя вядомыя папіролагі свету пагаджаюцца ў меркаванні, што гаворка ідзе пра евангельскі тэкст, але экзэгеты (заўважце, не спецыялісты ў папіралогіі) цалкам адмаўляюць гэта. І што асабліва важна, знойдзены ўрывак – гэта ўжо завершаны евангельскі тэкст, а не які-небудзь сціслы пераказ гісторыі, што існавала ў зачаткавым стане, як намагаюцца нас пераканаць модныя экзэгеты. Працытуем яго дакладна: «Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было акамянелае. І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу» (Мк 6, 52–53).
Нямецкі папіролаг пратэстант Пітэр Тыд дадае да гэтага адкрыцця дакументы Магдален Каледжа: тры невялікія ўрыўкі аднаго і таго ж папіруса з двухбаковым размяшчэннем тэксту Евангелля ад Мацвея. Безумоўна, у гэтым выпадку можна аспрэчваць дату напісання, але прафесар Тыд непахісны: паводле дадзеных эпіграфікі ён лічыць, што дакумент быў напісаны яшчэ пры жыцці відавочцаў, да падзення Ерузалема.
У палеміцы і абароне гістарычнасці Евангелляў неабходна адзначыць, што шматлікія аргументы нашых апанентаў маюць адну агульную рысу: звышнатуральнае аб’ектыўна не можа выяўляць сябе ў нашым свеце, не гаворачы ўжо пра тое, што для многіх нашых дактароў тэалогіі яго ўвогуле няма. Але па злым року цуды, прароцтвы і адкрыцці здараюцца амаль на кожнай старонцы Евангелля, і таму існуе мноства аргументаў і хітрасцяў, з дапамогаю якіх тлумачыцца гэты непрыемны казус. Разгледзім некаторыя з іх.

ЕВАНГЕЛЛЕ АД МАРКА ЯК УЗОР ДЛЯ НАПІСАННЯ ІНШЫХ ЕВАНГЕЛЛЯЎ
Агульнавядома, што Евангелле ад Мацвея заўсёды лічылася самым раннім. Нашы ж апаненты прапануюць смелую гіпотэзу пра тое, што з трох сінаптычных Евангелляў Евангелле ад Марка самае ранняе, і аўтары двух іншых Евангелляў былі з ім знаёмыя і ім кіраваліся. Прычына, па якой Евангелле ад Марка было вырашана лічыць самым раннім, амаль смехатворная – яно самае кароткае, але гэта дазваляе кваліфікаваць усё, што было «дадзена» да яго ў іншых Евангеллях, як сфабрыкаваныя пазней міфы. Але ёсць яшчэ адна прыкрая акалічнасць: і Евангелле ад Мацвея, і Евангелле ад Лукі маюць некаторыя агульныя дэталі, якіх няма ў Евангеллі ад Марка. У такім выпадку не застаецца нічога іншага як толькі прыдумаць нейкую гіпатэтычную агульную крыніцу, якую, натуральна, ніхто і ніколі не бачыў і не ўбачыць, і ўпарта настойваць на яе існаванні, аддаючы ёй на адкупленне ўсе магчымыя і немагчымыя паданні і таямнічыя раннія дакументы, пра якія нікому нічога невядома. Гэтая таямнічая крыніца вядомая ў літаратуры як крыніца Q (ад нямецкага слова Quelle, што ў перакладзе значыць «крыніца»). Гэта своеасаблівы неіснуючы «банк дадзеных», якім карысталіся абодва аўтары Евангелляў ад Мацвея і ад Лукі і з якога яны нібыта пачэрпнулі тое, чаго не знайшлі ў Евангеллі ад Марка. Крыніца Q, пры ўсёй няпэўнасці свайго існавання, вельмі папулярная ў нашых апанентаў, бо з’яўляецца пацверджаннем тэорыі пра міфалагічнае паходжанне Евангелляў. Трэба сказаць, што ёсць яшчэ адзін «аргумент» на карысць больш ранняга датавання Евангелля ад Марка адносна іншых сінаптычных Евангелляў, і ён такі: чым больш у тэксце звышнатуральнага, тым больш ён старажытны. Такім чынам, можна было б сцвярджаць, што казкі Шарля Перо напісаныя раней за творы Тацыта і Юлія Цэзара...
( Пераклад з французскай Алены Ціханавай)







All the contents on this site are copyrighted ©.