2006-09-11 14:15:51

Наступныя старонкі з Кампендіума сацыяльнай навукі Каталіцкай Царквы.


В) Свабода асобы
а) Вартасць і межы свабоды
135 Чалавек можа звяртацца да дабра толькі ў свабодзе, якую Бог яму даў як вышейшы знак Уласнага вобраза: “Бог пажадаў пакінуць чалавека “у руцэ дазвалення яго” (Сір 15, 14), каб той дабрахвотна шукаў свайго Творцу і, трымаючыся Яго, свабодна прыйшоў да поўнай і блаславёнай дасканаласці. Такім чынам, годнасць чалавека патрабуе, каб ён дзейнічаў па свядомаму і свабоднаму выбару, значыць рухомым і заахвочаным з сярэдзіны як асоба, а не па сляпому ўнутранаму імпульсу ці чыста знешняму ўзрушанню”.
Чалавек абгрунтавана цэніць свабоду і імкліва шукае яе; чалавек хоча і павінен фарміраваць і накіроўваць, па сваёй свабоднай ініцыятыве, ўласнае прыватнае і грамадскае жыццё, асабіста бярэ на сябе адказнасць за яго. Бо свабода не толькі дазваляе чалавеку змяняць знешні ў адносінах да яго стан рэчаў дзеля ўласнай зручнасці, але і акрэслівае рост яго асабістага быцця пры пасрэдніцтве выбараў, накіраваных на сапраўднае дабро: такім чынам чалавек нараджае самога сябе, з’яўляецца айцом уласнага быцця, будуе сацыяльны парадак.
136 Свабода не супярэчыць створанай залежнасці ад Бога. Адкрыццё вучыць, што ўлада акрэсліваць дабро і зло не належыць чалавеку, але аднаму Богу (пар. Быц 2, 16-17): “Чалавек, безумоўна, свабодны – бо здольны зразумець і прыняць прыказанні Бога. Ён карыстаецца надзвычай шырокай свабодай – мець магчымасць “ад усялякага дрэва ў садзе” есці. Але гэта свабода не бязмежная: яна павінна затрымацца перад “дрэвам пазнання дабра і зла”, бо заклікана прыняць маральны закон, які дае чалавеку Бог. У сапраўднасці, менавіта праз гэта прыняцце свабода чалавека рэалізуецца сапраўды і ў поўні”.
137 Правільнае здзяйсненне асабістай свабоды патрабуе пэўных высілкаў эканамічнага, сацыяльнага, юрыдычнага, палітычнага і культурнага плана, якія “занадта часта ігнаруюцца ці парушаюцца… Сітуацыі асляплення і несправядлівасці абцяжарваюць маральнае жыццё і ўводзяць як сільных, так і слабых у спакусу грашыць супраць любові. Адыходзяцы ад маральнага закона, чалавек шкодзіць уласнай свабодзе, ён сам сябе прыкоўвае да ланцуга, руйнуе братэрства сабе падобных і паўстае супраць Боскай праўды”. Вызваленне ад нясправядлівасці ўмацоўвае свабоду і чалавечую годнасць; ня гледзячы на гэта, “трэба перад усім звярнуцца да духоўных і маральных здольнасцей асобы і да трывалага патрабавання унутранага навярнення, калі мы жадаем асягнуць эканамічных і сацыяльных зменаў, якія сапраўды ідуць на карысць чалавека”.
б) Сувязь свабоды з ісцінай і натуральным законам
138 Рэалізуючы сваю свабоду, чалавек здзяйсняе маральна добрыя ўчынкі, стваральныя ў адносінах да яго асобы і да грамадства, калі падпарадкоўваецца праўдзе, гэта значыць не аб’яўляе сябе творцай і абсалютным панам праўды ды этычных нормаў. Бо свабода “паходзіць абсалютна і безумоўна не з сябе самой, а з існавання, у якім яна заключана і якое для яе ёсць адначасова мяжа і магчымасць. Гэта свабода створанай істоты, значыць свабода атрыманая ў дар, якую трэба прыняць як раслінку і ўзрошчваць з адказнасцю”. Iнакш яна перастае быць свабодай, руйнуе чалавека і грамадства.
139 Праўда аб дабрэ і зле прызнаецца на практыцы меркаваннем сумлення, якое заахвочвае чалавека ўзяць на сябе адказнасць за здзейсненае дабро і зло: “практычнае меркаванне сумлення, якое забавязвае чалавека здзяйсняць пэўны ўчынак, раскрывае сувязь свабоды з праўдай.
Менавіта таму сумленне выяўляе сябе ў “меркаваннях”, якія адлюстроўваюць праўду аб дабрэ, а не ў нейкіх адвольных рашэннях. Мера зрэласці і адказнасці суджэнняў (а значыць, і чалавека, як іх суб’екта) – не вызваленне сумлення ад аб’ектыўнай праўды, дзеля магчымай аўтаноміі ўласных рашэнняў, а, наадварот, настойлівы пошук параўды і падрыхтаванасць падпарадкоўваць ёй свае дзеянні”.







All the contents on this site are copyrighted ©.