2006-09-09 10:12:53

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Раздзел: У Вечным Горадзе
Высяленьне марыянаў з Друі сталася паваротным пунктам у жыцьці Чэслава Сіповіча. Ня маючы надзеі вярнуцца ў Друю і не жадаючы заставацца ў Польшчы, ён і другі клерык, Казімер Аніськовіч, згадзіліся на прапанову Цікоты працягваць навуку ў Рыме пад умоваю, што прымуць усходні (бізантыйскі) абрад і, адвучыўшыся, паедуць у Харбін працаваць сярод расейцаў. Пазьней Сіповіч не любіў гаварыць пра гэтую апошнюю ўмову. Калі аднаго разу ў яго спыталіся, ці гэта праўда, што яго рыхтавалі ў Харбін, ён коратка адказаў, што адмовіўся б туды ехаць. Дакумэнты таго часу гавораць нешта іншае57. Так ці іначай, у 1938 годзе Харбін выглядаў нечым вельмі далёкім, а ў міжчасе вабіла магчымасьць жыць і вучыцца ў Рыме.
Такім чынам, у кастрычніку 1938 году два былыя друйскія клерыкі апынуліся ў Вечным Горадзе. Рым, сталіца наступніка сьвятога Пятра, быў таксама адным з найвялікшых цэнтраў багаслоўскай адукацыі. У горадзе існуе каля дзясятку папскіх унівэрсытэтаў і інстытутаў, найбольшы зь іх – Грэгарыянскі Ўнівэрсытэт, якім кіруюць айцы езуіты. Студэнты розных нацыянальнасьцяў звычайна жывуць у сваіх нацыянальных калегіях, a законьнікі – у сваіх законных дамох, або кляштарах.
Марыяне таксама маюць у Рыме свой дом на вуліцы Корсіка (via Corsica). Апрача студэнтаў, у ёй жывуць генэральны супэрыёр і сябры генэральнай рады. Сіповіч і Аніськовіч, аднак, прыехаўшы ў Рым, жылі не ў сваёй, а ў Расейскай калегіі, вядомай як Русікум, і навучаліся ў Грэгарыянскім Унівэрсытэце. Заснаваны ў 1929 годзе Русікум ня быў расейскай нацыянальнай калегіяй, хоць зрэдку трапляўся сярод ягоных студэнтаў і чыстакроўны расеец. У гэтай установе маладыя людзі розных нацыянальнасьцяў пад кіраўніцтвам айцоў езуітаў рыхтаваліся да місіянерскай працы сярод расейцаў. Вось што піша пра Русікум Сіповіч Антону Цьвячкоўскаму 28 ліпеня 1939 году: «Жыву ў калегіі, гдзе расейцы, немцы, французы, булгар, літовец, славакі, эстонцы і г. д. твораць даволі згодную грамадку, каторай мэта праца для цяперашняй Расеі заграніцай і падгатоўка да прышлай, ужо небальшавіцкай». Пра Грэгарыянскі Ўнівэрсытэт ён кажа так: «Грэгарыянум наагул не падвяло. Думаў аб ім горна і цяпер толькі пакрапчэла перакананьне... Ёсьць прафэсары сусьветнай славы, але часам такіх вельмі маркотна слухаць. Праз цэлы год не было ў нас ніякіх паўторак. 50 мінут выкарыстана як вадой наліць. Лаціна асобных труднасьцяў для нас ня дзеіць, кроме таго, што трэба ўсёжтакі прывычкі да выгавару францускага, ці англійскага. Эгзаміны здалі лепш чым сярэдня на бакаляўрэат».
У Рыме Сіповіч узяўся вывучаць мовы, асабліва расейскую, нямецкую і італійскую. І ўжо ў сьнежні 1938 году ў Хрысьціянскай думцы зьявіўся ягоны пераклад вядомага верша Гётэ “Mignon”58. А італійскай Чэслаў займаўся пад час заняткаў – прапускаючы некаторыя лекцыі. Гэта было супраць правілаў, але дало жаданыя вынікі. Не забываўся Сіповіч і на родную мову і літаратуру. Ён прывёз з сабою Граматыку Тарашкевіча, Хрэстаматыю Дварчаніна ды іншыя кніжкі, якія чытаў у вольны час. Сіповіч зразумеў, як мала ён ведаў пра сваю Бацькаўшчыну пасьля таго, як разам з айцом Германовічам схадзіў ва Ўкраінскую калегію. Там яго пачалі пытацца пра Беларусь, ейную гісторыю, культуру і цяперашні стан, а ён, да свайго сораму, ня мог адказаць. Пачаў больш інтэнсіўна займацца беларускай гісторыяй. Неўзабаве зрабіў даклад пра Францішка Скарыну для студэнтаў і кіраўнікоў Русікуму. Тэкст дакладу не захаваўся, але Сіповіч сам апісаў яго ў “Лісьце з Рыму”, надрукаваным у Хрысьціянскай думцы 25 траўня 1939 году: «Я нядаўна ў кругу мяшаным нацыянальна меў даклад аб Др. Фр. Скарыне. Многія зацікавіліся асобай нашага вучонага. Адзін нямецкі праф(эсар) зьвярнуўся да мяне з просьбай, каб сколькі мага памагаць яму ў працы. Працуе ён навукова над гісторыяй даўнай Расеі і ў кожных дакумэнтах спатыкаецца з беларускім языком і з беларускімі асобамі. У архівах ватыканскіх многа нявыкарыстаных вестак знаходзіцца з нашай мінуўшчыны. Дасьць Бог, можа дабяромся»59. “Нацыянальна мяшаны круг” – гэта былі студэнты Русікуму і, магчыма, некалькі выкладчыкаў Папскага Ўсходняга Інстытуту, што месьціўся побач з Расейскай калегіяй. Сіповіч ня мог устрымацца, каб не пахваліцца сваімі “акадэмічнымі посьпехамі”, палічыўшы некалькі прыхільных словаў, сказаных на ягоны адрас прафэсарам Альбэртам Аманам (які “зубы зьеў” на чытаньні старых дакумэнтаў), за просьбу дапамагаць у навуковай працы. Пасьля яму дорага давялося заплаціць за сваю інтэлектуальную самаўпэўненасьць, “праваліўшы” два разы выніковыя экзамэны з багаслоўя. Затое абяцаньне “дабрацца” да ватыканскіх архіваў ён у свой час выканаў.
Даклад “Др. Ф. Скорина и его труд” Сіповіч прачытаў у рамках г. зв. “акадэмічнага сэмінару” – на яго паседжаньнях студэнты Русікуму рабілі спавешчаньні на абраныя імі тэмы. Пасьля кожнага дакладу, які трываў ня больш за 45 хвілінаў, прыкладна чвэрць гадзіны адводзілася на пытаньні і спрэчкі. Згодна з справаздачай, Сіповіч у сваім дакладзе «асьвятліў дзейнасьць гэтага цікавага і зусім незвычайнага беларускага вучонага Скарыны (этого интересного и совсем незаурядного белорусского ученого Скорины), які жыў у ХVІ стагодзьдзі. Была пададзеная вялікая бібліяграфія, апісаны гістарычна-геаграфічны фон, асьветленая дзейнасьць Скарыны ў галіне перакладаў сьвятых кніг. Цікава было пачуць пра мову Скарыны; гэтая частка была дапоўненая чытаньнем урыўкаў зь ягоных твораў»60.
Між іншага, у наступным 1939/40 навучальным годзе тэматыка дакладаў на сэмінарах звузілася, «беручы пад увагу некалькі разоў ужо выказаную думку, згодна зь якою дзеля сыстэматычнага азнаямленьня з расейскай культурай трэба выбіраць тэмы больш аднародныя»61. У тым самым годзе «характэрнай зьявай... былі г. зв. гутаркі з праф. В. I. Івановым. Яны мелі на мэце прыйсьці з дапамогаю навучэнцам у іхніх прыватных занятках і асабліва даць ім магчымасьць чэрпаць свае веды аб расейскай культуры з добрай крыніцы»62. Расеец Іваноў прыняў каталіцтва і жыў нейкі час у Русікуме. Відаць, ён спэцыялізаваўся ў расейскай літаратуры, бо чытаў там лекцыі пра Дастаеўскага. Сіповіч пакінуў апісаньне прыватнай гутаркі з прафэсарам на тэму беларускай мовы, што адбылася 21 лістапада 1939 году. Прафэсар глыбакадумна патлумачыў яму, што ўсходнеславянская галіна моваў «мае тры нарэччы (гаворкі. – А.Н.): вялікарускае, маларускае і беларускае. Вось жа са сваёй натуры яны ёсьць языком рускім, усе гэты тры нарэччы, і пакуль што ні нарэчча ўкраінскае ні беларускае ня могуць звацца языкамі асобнымі, аддзельнымі. У кірунку асобнага языка больш права мае сяньня ўкраінскі, а саўсім такога права ня мае беларускае нарэчча, каторага зрэшты я добра ня ведаю». Велікадушна ён не забараняе паэтам карыстацца беларускай ці ўкраінскай мовамі: «Па-моему, у паэзіі, у лірыцы, хай кожны так піша, як яму дыктуе натхненьне. А яно выбірае дарогу языка ці нарэчча найбольш натуральнага чалавеку; дзеля таго не адкідаю зусім беларускага нарэчча ці маларускага ў паэзіі. Але даю раду: калі будзеце пісаць штось навуковага, пішыце на мове больш вырабленай і знанай». Калі Сіповіч спытаўся, чаму нельга пісаць на мовах, якія маюць свайго Шаўчэнку, Скарыну і Купалу, «на гэта праф. Іваноў мне нічога не адказаў проста». Гэтулькі розуму ўдалося зачэрпнуць Сіповічу “з добрай крыніцы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.