2006-09-07 15:24:43

Прымас Польшчы даў інтерв'ю аб дзейнасці спецслужбаў супраць Каталіцкай Царквы.


За Свяцейшым Айцом Янам Паўлам II сачылі ў Ватыкане, сцвердзіў Прымас Польшчы кардынал Юзэф Глемп.
“За Папай шпіёнілі, яшчэ як шпіёнілі”, бо “у Ватыкане знаходзіліся шпіёны” – заявіў польскі царкоўны ерарх пад час свайго знаходжання ў італьянскім горадзе Ассізі.
“Масква сапраўды выяўляла вялікі інтэрэс да таго, што адбывалася ў Рыме, калі на Пасадзе Святога Пятра знаходзіўся Папа-паляк”, - адзначыў кардынал Глемп.
Кардынал прызнаў таксама, што прыкладна 15% польскіх каталіцкіх святароў супрацоўнічалі з сакрэтнымі службамі ПНР. У прыватнасці, на спецслужбы працаваў блізкі да Святога Пасада святар Конрад Хеймо, які пад час пантыфіката Кароля Вайтылы нязменна займаўся прыёмам шматлікіх польскіх пілігрымаў, якія прыязджалі на аудыенцыі да Папы.
“Безумоўна, ён быў шпіёнам. Аб гэтым сведчаць дакументы, абнародваныя ў мінулым годзе. Асабіста я ўпэўнены, што айцец Хеймо пісаў даклады”, - сказаў Прымас Польшчы.
Адказваючы на пытанне аб тым, ці ж стане калі-небуць вядомай праўда аб арганізатарах замаха на Яна Паўла II 13 траўня 1981 года, кардынал сказаў: “Трэба яшчэ пачакаць. Праўда прыйдзе, я ў гэтым упэўнены”.
“Не ўсё ясна з гэтым замахам, - працягнуў сваю думку монсіньор Глемп. – Няма верагодных слядоў, якія магчыма было б спраўдзіць. Заўсёды казалі, што за гэтым стаяў КДБ, але няма яўных слядоў, якія б вялі туды, а таму немагчыма гэта сцвердзіць. У справе схаваць сляды яны былі майстрамі. Але праўда заўсёды выходзіць на паверхню. Толькі трэба мець цярпенне”.







All the contents on this site are copyrighted ©.