2006-09-07 14:11:46

Аляксандар Мілінкевіч кандыдат да ўзнагароды імя Сахарава


Лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч зьяўляецца кандыдатам Хрысьціянскіх дэмакратаў, найбуйнейшай палітычнай фракцыі ў Эўрапейскім парлямэнце, да сёлетняй узнагароды імя Андрэя Сахарава, якую Эўрапейскі парлямэнт прызнае ў сьнежні. Яцак Сарыюш-Вольскі з партыі Грамадзянская плятформа (PО) рашэньне Хрысьціянскіх дэмакратаў тлумачыць наступным чынам: "Адзначэньне Мілінкевіча было б сыгналам для ўлады ў Менску, што Эўрапейскі парлямэнт і Эўразьвяз не забыліся пра дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі." Кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча падтрымала таксама адна зь меншых фракцый – Зьвяз на карысьць Эўропы народаў.



Кандыдатам сацыялістаў да ўзнагароды імя Сахарава зьяўляецца лібанскі журналіст Хасан Туэні, рэдактар газэты "Ан-Нагар", бацька забітага ў 2005 годзе антысырыйскага дэпутата й журналіста Гэбрана Туэні. Неафіцыйна ў Эўрапейскім парлямэнце кажуць, што гэта менавіта ён мае шанец атрымаць узнагароду, паколькі сытуацыя ў Лібане зьяўляецца вельмі актуальнай. Гэтага кандыдата падтрымліваюць таксама камуністы.

Лібэралы й дэмакраты запрапанавалі кандыдатуру Мам Самалі, якая змагаецца зь дзіцячай прастытуцыяй у Камбоджы й паўднёва-ўсходняй Азіі.



Узнагарода імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі прызнаецца штогод у сьнежні Эўрапейскім парлямэнтам тым асобам, якія, так як Андрэй Сахараў, абараняюць правы й свабоды чалавека. Узнагарода прызнаецца ад 1988 году. Ляўрэат атрымоўвае 50 тысячаў эўра.



У мінулым годзе ўзнагарода была прызнаная тром ляўрэатам: міжнароднай арганізацыі „Рэпартэры бязь межаў”, арганізацыі "Жанчыны ў белым" з Кубы й Хуаве Ібрагім зь Нігерыі.



У 2004 гадзе ўзнагароду атрымала незалежная Беларуская асацыяцыя журналістаў. Польскія дэпутаты кажуць, што гэта можа быць найбольшаю перашкодаю для адзначэньня сёлета Аляксандра Мілінкевіча.












All the contents on this site are copyrighted ©.