2006-09-02 10:24:56

Візіт Папы Бэнэдыкта 16 да Санктуарыя Хрыстовага Аблічча


Менавіта, як мы ужо паведамлялі, Сьвяцейшы Айцец наведаў гэты Санктуарый, які знаходзіцца ў Манопэльлё, і дзе знаходзіцца незвычайная рэліквія: хустка з выяваю аблічча Хрыста. Традыцыйна, яна была прызнаваная за “хустку Сьвятой Вэронікі”. Найнавейшыя дасьледаваньні паказваюць нязвычайнае падабенства аблічча Збавіцеля з адбіцьцём з Турынскае Плашчаніцы, аднак хустка з Манопэльлё паказвае аблічча жывога чалавека.
Пасьля малітвы ў Санктуарыі Папа Бэнэдыкт 16 сказаў слова да прысутных там вернікаў, галоўным чынам да духоўных. Разважаньне Папы было прысьвечанае біблійнаму “шуканьню аблічча Бога”, якое знайшло сваю вяршыню ў распазнаньні Апосталамі Божага Мэсыі ў Ісусе. Каб убачыць Бога- сказаў Сьвяцейшы Айцец- трэба прызнаць Хрыста і дазволіць фармаваць сябе Ягоным Духам, які вядзе вернікаў “да поўнае праўды”. Да гэтага патрэбнымі ёсьць- як кажа Псальміст- “чыстыя рукі і беззаганнае сэрца”, значыць свабода ад хлусьні і эгаізму ды унутраная адкрытасьць на прыняцьце своеасаблівае Божае прысутнасьці, якую сімвалізуе Ягонае Аблічча.
Дарагія сьвятары- сказаў далей Папа- калі ёсьць ў вас, Пастырах Хрыстовага Стада, адціснутая сьвятасьць Ягонага Аблічча, то не бойцеся: таксама верныя даручаныя вашай апецы будуць ёю заражаныя і пераменяцца. А вы, сэмінарысты, якія падрыхтоўваецеся да прыняцьця адказнасьці за хрысьціянскі народ, не падвяргайцеся нічому іншаму, як толькі жаданьню служэньня Касьцёлу. Гэтае самае хачу сказаць вам- зьвярнуўся Папа да прысутных законніц і законнікаў- каб вашая дзейнасьць была бачным адбіцьцём Божае дабраты і міласэрнасьці.”
На заканчэньне сваёй прамовы Сьвяцейшы Айцец спаслаўся таксама да Нацыянальнага Дня Аховы Стварэньня, які 1-га верасьня ўшаноўваўся ў Італіі. Маліўся за большую сьвядомасьць адказнасьці, якая ў гэтай галіне спачывае таксама на верніках.
Пасьля гэтае сустрэчы Папы Бэнэдыкт 16 вярнуўся на вэрталёце да сваёй летняй рэзыдэнцыі ў КастэльГандольфо.








All the contents on this site are copyrighted ©.