2006-08-17 12:11:07

У Тэзэ адзначылі першую гадавіну з моманту смерці брата Рожэ.


16 жніўня моладзь з 60 краінаў свету малілася ў Тэзэ ў першую гадавіну трагічнай смерці заснавальніка экуменічнай суполкі брата Рожэ. Богаслужба адбылася ў 20.30 – брат Рожэ быў забіты троху пазней, у тым самым храме Прымірэння, з яго характэрнымі ўсходнімі купаламі.
Згаданая суполка цяпер рыхтуецца да міжнароднага спаткання ў Калькутте, якое пройдзе з 5 да 9 кастрычніка, і да штогадовай “Пілігрымкі даверу на зямлі”, якая сёлета пройдзе з 28 снежня да 1 студзеня 2007 года ў Загребе (Харватыя), дзе законнікі з Тэзэ арганізоўвывалі спатканні яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя.
Iтальянская каталіцкая газета “Аввенірэ” змесціла на сваіх старонках інтерв’ю з сучасным галавой экуменічнай суполкі – братам Алаізам, які зазначыў, што члены суполкі глыбока перажылі гадавіну смерці свайго заснавальніка. Але ў той жа час яны востра адчуваюць прысутнасць Езуса сярод іх.
Гаворачы аб падзеях мінулага года, брат Алаіз прыпомніў яго падарожжа з двума іншымі братамі ў Маскву напярэдадні Пяцідзясятніцы, дзе яны былі сардэчна прынятыя галавой РПЦ МП Алексіям II, які выказаў пажаданне працягваць плённае супрацоўніцтва з суполкай, членамі якой з’яўляюцца многія маладыя праваслаўныя вернікі.
Сучасны кіраўнік суполкі Тэзэ падкрэсліў, што пошукі шляхоў да еднасці хрысціян працягваюць быць адной з галоўных мэтаў членаў яго арганізацыі. Яны тры разы на дзень збіраюцца на супольныя малітвы з чытаннем псалмоў і малітоўных разважанняў. Удзел у іх прыймаюць вернікі самых розных хрысціянскіх канфесій.
Спадчына брата Рожэ застаецца вялікай і актуальнай і пасля яго смерці. Перад усім – гэта штодзённы зварот да поўні даверу да Бога. “Зыходзячы ад гэтага, многае робіцца магчымым, і Езус пакажа нам наш шлях”, - зазначыў брат Алаіз.







All the contents on this site are copyrighted ©.