2006-08-16 12:31:04

16 жніўня адбылася аўдыенцыя са Свяцейшым Айцом у яго загараднай рэзідэнцыі Кастэльгандольфо.


У сераду, 16 жніўня, Свяцейшы Айцец правёў агульную аудыенцыю ў сваёй летняй рэзідэнцыі Кастэльгандольфо. Сустрэцца з Папам і разам з ім памаліцца прыбылі каля 4.000 чалавек з Францыі, Швейцарыі, Польшчы, Венгрыі, Украіны, Вялікабрытаніі, Iрландыі, Мальты, Канады, ЗША, Германіі, Гішпаніі, Партугаліі, Бразіліі і Iталіі.
Пад час свайго казання Бенедыкт XVI° сказаў: “Дарагія, браты і сёстры! Наша традыцыйнае штотыднёвае спатканне, якое адбываецца кожную сераду, сёння праходзіць у атмасферы ўрачыстасці свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды хацеў бы, - зазначыў Свяцейшы Айцец, - запрасіць вас яшчэ раз засяродзіць увагу на нашай Нябеснай Маці, аб асобе Якой учора пад час літургіі мы разважалі, як над пануючай разам з Езусам у Нябёсах. Гэта свята заўсёды асаблівым чынам святкавалася хрысціянамі, пачынаючы з першых стагоддзяў існавання хрысціянства; яно, як вядома, адзначаецца, як услаўленне, таксама і цялеснае гэтага стварэння, Якое Бог абраў у якасці Маці і Якое Езус на Крыжы даў нам як Маці для ўсяго чалавецтва. Унебаўзяцце ў’яўляе сабой Таямніцу, што тычыцца кожнага з нас, бо, як сцвердзіў II Ватыканскі сабор, Марыя “ ззяе на вышынях, як знак трывалай надзеі і пацяшэння для людзей Божых, якія крочаць па сваім шляху”.
Такім чынам, гэты ззяючы знак надзеі ўспрымаецца сучасным грамадствам? Ёсць сёння тыя, што жывуць так, нібыта ніколі не памруць, ці так, нібыта ўсё скончыцца разам са смерцю; некаторыя паводзяць сябе такім чынам, нібыта думаюць, што чалавек ёсць адзіным творцай уласнага лёсу, так што Бог нібыта не існуе і нават часам адмаўляюць Божае месца ў нашым свеце. Вялікія поспехі тэхнікі і навукі, якія значна палепшылі ўмовы жыцця чалавецтва, пакідаюць безвыходным стан душы чалавека. Толькі адкрыццё да Бога, Які ёсць Любоў, можа наталіць імкненне да праўды і да шчасця нашага сэрца. Толькі перспектыва вечнасці можа надаць сапраўднай вартасці гістарычным з’явам і, перад усім, Таямніцы чалавечай слабасці, пакуты і смерці.
Разважаючы аб Марыі ў славе Нябёсаў, мы павінны разумець, што таксама і для нас зямля не ёсць канчатковай Бацькаўшчынай і што калі мы будзем жыць трывала звернутымі да вечных каштоўнасцей, то ў свой час далучымся да славы Багародзіцы”.
Напрыканцы сустрэчы з вернікамі Бенедыкт XVI° асаблівым чынам прыпомніў брата Рожэ, заснавальніка суполкі Тэзэ, які быў забіты дакладна год таму, 16 жніўня мінулага года пад час вячэрняй малітвы. Яго сведчанне хрысціянскай веры і экуменічны дыялог былі вельмі каштоўным прыкладам для цэлых пакаленняў моладзі. “Просім Пана, - сказаў Свяцейшы Айцец, - каб ахвяраванне ягонага жыцця паслужыла кансалідацыі ў барацьбе за мір і салідарнасць усіх тых, што клапоцяцца аб будучым чалавецтва”.
Потым Бенедыкт XVI° прывітаў прысутных на аўдыенцыі на розных мовах і надзяліў ім сваё Апостальскае блаславенства.







All the contents on this site are copyrighted ©.