2006-08-08 14:47:16

Угодкі бамбардавання ў Нагасакі і Хіросіма.


6 жніўня 1945 года а 8.15 раніцы выбух атамнай бомбы знішчыў японскі горад Хіросіма. Праз тры дні падобны ж лёс напаткаў горад Нагасакі. У выніку бамбардавання загінулі дзясяткі тысяч чалавек і вялікая колькасць цывільных людзей загінула ад радыацыі ў наступныя дзясяцігоддзі. Каталіцкая Царква ў Японіі ў гэтыя дні моліцца ў памяць аб гэтых ахвярах.
Карэспандэнт нашага Радыё ўзяў інтэрв’ю ў айца-езуіта Уолтера Бреннана, які ўжо 51 год працуе ў Японіі.
Па ягоных словах, калі ён упершыню прыехаў у Краіну Узыходзячага Сонца, японцы прынялі артыкул новай Канстытуцыі, у якім забаранялася мець узброеныя сілы. Сёння грамадская думка змянілася, у сувязі з небяспекай, што паходзіла ад Паўночнай Карэі і Кітая.
На пытанне аб гістарычнай памяці а.Берннан адказаў: “Ад той пары, як я прыбыў у Японію, я жыву ў Хіросіме, і тут кожны дзень у газетах прыпамінаюць аб атамнай бомбе. Заўсёды ёсць нагода, каб прыпомніць аб пакутах людзей, і моладзь таксама глыбока адчувае тое, што адбылося ў гэтым горадзе”.
Айцец Берннан сказаў далей, што адразу пасля II° Сусветнай вайны адзін езуіт з Германіі, сабраўшы грошы па ўсім свеце, пабудаваў у Хіросіме Сабор Міра. Хрысціянская суполка Хіросімы не вялікая: яна налічвае каля тысячы вернікаў, якія арганізуюць адпаведныя імшы і канцэрты ў памяць аб трагічных падзеях. Аднак, зазначыў а.Берннан, амерыканец па паходжанню, ў ягонай прысутнасці рэдка гавораць аб бомбе, бо людзі ў Японіі вельмі ўважліва ставяцца да таго, каб не закрануць пачуцці іншага чалавека.
Наведванне Свяцейшым Айцом Янам Паўлам II° Хіросімы 25 гадоў таму, па словах святара, было вельмі пазітыўна прынята ў краіне. Папа прамовіў частку свайго казання на японскай мове. Яго сустрэча з японцамі праходзіла не ў саборы, але ў Парку Міра, дзе Папа-нябожчык прамовіў “Не – вайне!”







All the contents on this site are copyrighted ©.