2006-08-07 08:11:21

Тыдзень малітвы за агульнанацыянальнае паразуменне ў Мексіцы.


Біскупы Мексікі арганізуюць тыдзень малітваў за нацыянальнае прымірэнне. Iніцыятыва, мэта якой знайсці паразуменне паміж насельніцтвам краіны, пройдзе з 31 ліпеня да 6 жніўня. Пасля апошніх прэзідэнтскіх выбараў палітычная сітуацыя ў краіне застаецца вельмі напружанай.
У сваёй заяве біскупы адзначылі, што, “нягледзячы на ўсе ідэалагічныя супярэчнасці, мы маем адзіную гісторыю, каштоўнасці і лёс, якім цяпер пагражае небяспека. Таму што кожная сямья мае права на ўласнае меркаванне, не павінна стварацца ніякіх асноў для нянавісці і гвалту, якія заўсёды безкарысныя і годныя асуджэння”.
“Каталіцкая Царква заклікае ўсіх мужчынаў і жанчынаў добрай волі паважаць закон і прыкласці ўсе намаганні ў справе асягнення прымірэння, дыялога і ўзаемапаразумення. Царква таксама заклікае насельніцтва краіны да спакою, цярплівасці і стрыманасці”, - адзначаецца ў заяве мексіканскіх біскупаў.
Яны падкрэслілі, што мінімальная перавага на карысць аднаго кандыдата ў прэзідэнты над іншым прывяла да “шэрагу заўвагаў у адносінах дзяржаўных устаноў краіны, якія з’яўляюцца гарантамі дэмакратыі ў грамадстве”.
“Падлік галасоў ужо завершаны, але іх юрыдычнага падцверджання яшчэ не было. Толькі тады ў нас з’явіцца новы Прэзідэнт. Цяпер гэта пытанне вырашае Выбарчая камісія. На шчасце для нашага грамадства, гэта ўстанова мае добрую рэпутацыю і самастойнасць, якая дазволіць ёй прыняць справядлівае рашэнне”, - адзначаюць біскупы Мексікі.







All the contents on this site are copyrighted ©.