2006-08-03 14:45:53

Памёрлі кардынал Віллебрандс і былы Апостальскі нунцый у Беларусі монс.Монтальво.


2 жніўня раніцай на 96 годзе жыцця памёр галандскі кардынал Йоханнес Віллібрандс. У свой час ён узначальваў Папскую раду да спраў хрысціянскай еднасці, і быў адным з важнейшых каталіцкіх дзеячаў у галіне экумінізма. Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI° накіраваў з нагоды смерці кардынала Віллібрандса дзве тэлеграмы: адну - кардыналу Адрыанусу Йоханнесу Сімонісу – арцыбіскупу Утрехтскаму; а другую – кардыналу Вальтэру Касперу, сучаснаму кіраўніку Папскай рады да спраў хрысціянскай еднасці. У сваіх тэлеграмах Папа выказаў жалобу з нагоды смерці славутага кардынала і, адначасова, падзякаваў Пана “за гэтага пастыра, нястомна служыўшага Народу Божаму і справе еднасці Царквы”, які надаў “новы стымул экуменічнаму дыялогу”.
Кардыналу Віллібрандсу павінна было споўніцца 97 гадоў 4 верасня бягучага года. Ён быў высвячаны ў святары ва ўзросце 24 гадоў, вучыўся на філасоўскім факультэте рымскага Папскага універсітэта “Анджелікум”, потым выкладаў філасофію ў Галандыі. Ён рана выявіў інтэрэс да справы еднасці хрысціянаў, арганізаваўшы ў 1951 годзе каталіцкую канфярэнцыю да спраў экуменізма. У 1958 годзе галандскія біскупы назначылі яго дэлегатам па экуменічным праблемам, а праз два гады пасля гэтага Папа Ян ХХIII° назначыў яго сакратаром заледзьве створанага Сакратарыята да спраў хрысціянскай еднасці, які пад час II Ватыканскага сабора займаўся – пад кіраўніцтвам кардынала Бэа – падрыхтоўкай дакументаў, якія тычыліся экуменізма, рэлігійнай свабоды і адносінаў з нехрысціянскімі рэлігіямі.
Кардынал Віллібрандс быў хіратанісаны ў біскупы ў 1964 годзе. Ён ажыццявіў шмат ініцыятыў па набліжэнню Каталіцкай Царквы да праваслаўных, англіканаў і пратэстантаў. У красавіку 1969 года Папа Павел VI° назначыў яго кіраўніком Сакратарыята да спраў хрысціянскай еднасці і ўзняў да кардынальскай годнасці. У 1975 годзе нябожчык стаў прымасам Царквы ў Галандыі і напрацягу працяглага часу выконваў абавязкі Старшыні Біскупскай канфярэнцыі краіны.
I яшчэ адна жалобная навіна. Дзяржаўны Сакратарыят Апостальскай сталіцы з жалем паведамляе аб смерці Яго Эксцеленцы арцыбіскупа Габрыэля Монтальво і просіць Усемагутнага Бога падарыць яму вечны пакой. Развітацца з нябожчыкам будзе магчыма 4 жніўня ў капліцы Святой Марыі ў Ватыкане. Хаўтурная ж Богаслужба пройдзе 5 жніўня ў базыліцы Святога Пятра, яе ўзначаліць Дзяржаўны сакратар Ватыкана, кардынал Анджело Содано.
Арцыбіскуп Монтальво з 17 красавіка 1993 года да 24 лютага 1996 года выконваў абавязкі Апостальскага нунцыя ў Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.