28 ліпеня ў расейскай сталіцы адбылося ХХII пленарнае паседжанне Біскупскай канфярэнцыі
краіны. Удзельнікі паседжання абмеркавалі дзейнасць Каталіцкай Царквы ў Расіі за апошні
перыяд. Асаблівая ўвага была нададзена абмеркаванню праблем Вышейшай духоўнай семінарыі
“Марыя – Каралева Апосталаў” у Санкт-Пецярбургу, а таксама інфармацыйнаў палітыке
Царквы ў Расіі. На паседжанні прысутнічалі: біскуп Язэп Верт – галава Навасібірскай
дыяцэзіі і Старшыня Біскупскай канфярэнцыі; біскуп Кірыл Клімовіч – галава католікаў
Iркутскай вобласці; арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – ардынарый католікаў Масквы; біскуп
Клеменс Пікель – ардынарый Саратаўскай дыяцэзіі; святар Iгар Кавалеўскі – генеральны
сакратар Біскупскай канфярэнцыі. У працы паседжання прыняў удзел таксама Апостальскі
нунцый у РФ арцыбіскуп Антоніо Менніні, які звярнуўся да ўдзельнікаў паседжання. У
сваёй прамове ён, у прыватнасці, закрануў праблему экуменічнага дыялога, а таксама
дзяржаўна-царкоўных адносінаў. Звярнуўшы ўвагу на станоўчыя моманты зносінаў паміж
Рыма-каталіцкай Царквой і РПЦ МП, а таксама з мясцовымі ўладамі, арцыбіскуп Менніні
заклікаў удзельнікаў паседжання да далейшага развіцця падобных стасункаў.