2006-07-26 14:44:53

Беларусь развіталася з Янкам Брылём. У апошнія гады ён быў актыўным аўтарам каталіцкага часопіса "Наша вера".Быўшы адным з заснавальнікаў Міжнароднай Асацыяцыі беларусістаў, запрасіў нас,беларускую рэдакцыю RV, на ўстановачны сход.


...Памолімся за душу нябожчыка, народнага паэта беларусі Янкі Брыля і прыпомнім ягоныя мудрасці. ...І думаецца, што ўсё яно не так сабе, а павінна ж мець пэўны вышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш свет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты... Дый сам жа я нямала ўсё-такі палятаў, паездзіў, пахадзіў па свеце. І добра!
...Ходзячы, як кот вакол гарачай місы, каля якое-небудзь новай задумы, – а ці тое? а ці так? – замест таго, каб проста пісаць, «что Бог на душу положит». Як пісалі, скажам, Чэхаў ці Шолам-Алейхем... Бо якраз чытаючы яго весела жывучыя апавяданні яшчэ раз падумалася пра маё малапісанне.

...Хай мне даруецца, калі гэта нясціпла, калі памыляюся, аднак і самому мне бачыцца, што каб я з канца 80-х не выдаў шэсць кніг новага, не падрыхтаваў належным чынам трохтомніка выбраных твораў і некалькі іншых перавыданняў, а праматаў гэты час сякім-такім «палітыкам», было б – не лепш. А да таго ж яшчэ былі і выступленні на актуальныя тэмы, у друку і на сустрэчах з чытачамі. Кожнаму – сваё? .... * * *

A можа, і варта зайсці неяк куды трэба ды на ўсякі выпадак спытацца: «Скажыце, а дзе тут у вас запісваюць у чаргу на атрыманне нобелеўскай прэміі?..»
З ітэрв'ю Анатоля Прасаловіча:
-Што Вы можаце сказаць пра пісьменьнікаў Заходняй Беларусі, якія зьехалі ў эміграцыю?
— З мацнейшых — Сяднёў, Салавей, Арсенева... Яна, Ільляшэвіч і Геніюш пачалі друкавацца перад вайной, а іншыя дык там вырасталі на пісьменьнікаў. Вялікага бляску, на жаль, няма. Яны ня маюць такіх празаікаў, як нашыя Мележ, Пташнікаў ці Караткевіч. А паэты... Ну, Арсенева. Але ж нашыя Жэня Янішчыц ды Ніна Мацяш лепей пішуць. А ў Ларысы Антонаўны існуе арэол пакутніцы, сядзела столькі і мужна так паводзіла сябе, дык гэта надае асьвятленьне, афарбоўку ейнай творчасьці. Мяне, праўда, хвалюе заўсёды «Магутны Божа», але ж там яшчэ і музыка Равенскага вельмі харошая. Увогуле, ня трэба параўноўваць, хто большы, хто меншы. Для пісьменьніка важна, як той казаў, ці ён крывы, ці ён просты, галоўнае — чысьціня і чалавечнасьць. Паспрабуйце параўнаць Купалу з Коласам ці Славацкага зь Міцкевічам.
 Вы мяркуеце, што ва Ўсходняй Беларусі пілі болей?
— Дык а хто ж нас навучыў піць, заходнікаў, як ня ўсходнікі? У нас не было такога разуменьня: сто грам, шклянка... Я помню, раз на вясельлі адзін дзядзька заліхвацкі выпіў цэлую шклянку гарэлкі, дык усе стоячы глядзелі, ці разарвець яго, ці не. Да таго ж у нашай моладзі была вельмі высокая актыўнасьць у сэнсе мастацкай самадзейнасьці: ставілі спэктаклі і па-беларуску, і па-польску, і нават па-яўрэйску. Але у 30-х гадох палякі пачалі моцна глушыць беларускае падпольле. Яны да Саветаў уцякалі, а іх там... Адзін мой блізкі сябар адсядзеў пяць год у польскай турме, уцёк, а ў СССР яму далі 25 «без права переписки». Адсядзеўшы 18 год, ён вярнуўся і два гады паміраў ад раку. Я яго наведваю, а ён мне пачынае гаварыць: «Ня вер ім, гэта ўсё няпраўда! Я бег са сьлязьмі на вачах, убачыўшы першага краснаармейца, а праз два дні мяне цягнулі па падлозе менскай турмы, і я з роту крывёю паліваў падлогу».
 Як, на Ваш погляд, будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі ў бліжэйшыя гады?
— Тут я Вам нічога не скажу. Можна як хочаш вадзіць пальцам па вадзе, але як яно будзе... Вы ж улічыце такі фактар як фактар нечаканасьці. Такі паварот можа адбыцца, што Бог яго знае. У сучаснай сытуацыі ў многім самі мы вінаватыя, бо трэба навучыцца саміх сябе крытыкаваць. Віна нашая ў нашай інэртнасьці, расхлябанасьці такой, бесхрыбетнасьці, п’янстве і тым, што зараз называюць сэксам, а раней звалася, прабачце, напрошваецца слова... Усё разам гаворыць, што сьветлым сілам, што дбаюць аб незалежнасьці, годнасьці, чалавечнасьці, цяпер вельмі нялёгка.
























All the contents on this site are copyrighted ©.