2006-07-22 08:34:37

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


У асобе айца Адама Станкевіча гарманічна спалучаліся моцная і глыбокая вера зь любоўю да Бацькаўшчыны. Ён з павагаю ставіўся да тых, хто не падзяляў ягоных рэлігійных перакананьняў, разумеючы, што іхныя погляды для іх гэтакія ж дарагія, як ягоныя для яго. Таму ён карыстаўся агульнаю павагаю і любоўю. Іншы праваслаўны сьвятар, які падпісаўся ініцыяламі В. Г., так выказаўся пра яго: «Аблічча кс. Станкевіча неяк прыцягвала да сябе. У адносінах да сябе ён быў просты, даступны, сардэчны. Кажды знаў, што гэта пастыр высока ідэйны і гарача кахае свой край, народ і сваю родную мову... Каб жа ў нас было больш такіх ксяндзоў, то сярод беларускіх людзей ня было бы ўражды: каталікі і праваслаўныя мелі бы супольных ідэйных правадыроў і не адгараджваліся б адзін ад другога»37.
Зь іншых сьвятароў часта наведваў Марыянскую калегію айцец Казімер Кулак (1896–1989), парах зь Ляндварова, што каля Вільні. У 1920-х гадох ён вучыўся ў Рыме ў Папскім Усходнім Інстытуце, дзе атрымаў ступень доктара ўсходніх навук. Калі вярнуўся з Рыму, Ялбжыкоўскі запрапанаваў яму прыняць усходні абрад пад умоваю, што будзе весьці працу на расейскай, а не на беларускай мове. Кулак адмовіўся, ведаючы, што калі б ён згадзіўся на прапанову Ялбжыкоўскага, то ўсе беларусы ад яго адвярнуліся б. Урэшце Пінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі прыняў яго да сябе. У Пінску Кулак выкладаў параўнаўчае багаслоўе ў мясцовай духоўнай сэмінарыі і адказваў у дыяцэзіі за парафіі ўсходняга абраду. Ён быў таксама арганізатарам трох першых Пінскіх вунійных канфэрэнцыяў (у 1930, 1931 і 1932 гг.). Пасьля сьмерці Лазінскага ў 1932 годзе атмасфэра ў Пінску зьмянілася на горшае, і для Кулака не знайшлося месца. Ён вярнуўся ў сваю ранейшую Віленскую дыяцэзію, дзе атрымаў парафію ў Ляндварове. Беларускія марыянскія клерыкі часта бывалі там, a іхны кіраўнік дапамагаў а. Кулаку ў пастырскай працы.
Марыянскую калегію адведвалі ня толькі сьвятары. У “Хроніцы” пазначана, што 21 траўня 1936 году «Мгр Я. Шутовіч, Я. Бабок, Шукайло і Аніська Эўгені аглядаюць нашу пасэсію (маёмасьць. – А.Н.). У гутарцы парушалі справы нацыянальныя, рэлігійныя, адносіны беларусаў да місіі харбінскай айцоў марыянаў». (Ян Шутовіч – рэдактар літаратурна-навуковага часопісу Калосьсе, які выходзіў у 1935–1939 гадох у Вільні.) Зноў жа 29 траўня, «ад 2–3 г. пп. (папаўдні. – А.Н.) гасьціў у нас гр(амадзянін. – А.Н.) Антоні Луцкевіч. Асоба сама за сябе гавора. У мілай, ажыўленай, дынамічнай гутарцы закранулі многа актуальных спраў: рэнегатаў, кар’ерыстаў (Бартуль), кс. Бобіч, патрэбу агульнага фронту ксяндзоў каталікоў, беларушчаньня літвіноў, аб сучасных паэтах: М. Машара, М. Танк і г.д. Як памятку афяраваў у нашу бібліятэку экзэмпляр Новага Запавету ў беларускім перакладзе». Антон Луцкевіч разам з братам Іванам быў адным зь піянэраў беларускага нацыянальнага адраджэньня і выдатным літаратурным крытыкам. У 1931 годзе ў ягоным перакладзе выйшлі друкам Новы Запавет і Псалмы. У 30-х гадох ён працаваў дырэктарам Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.
Беларускія клерыкі ня толькі віталі гасьцей. 15 траўня 1936 году, як запісана ў “Хроніцы”, «Калегія in corpore складае візыту а. Ул. Талочку, каторы нас ветліва прымае і частуе віном. Аглядаем у яго фатаграфіі (яго прафэсары, Нольдын). Пазьней пад яго кіравецтвам ідзём аглядаць царкву сясьцёр васіліянак, Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча. Абводзіць па музэю нас гр. Антоні Луцкевіч, “кустош” музэю. Пазнаём п. Самойлу. Бальшое ўражаньне зрабіла царква і музэй». Уладыслаў (Уладзімер) Талочка (1887–1942) – адзін з найбольш цікавых сьвятароў у Вільні. Беларус, здольны журналіст, друкаваўся ў беларускіх часопісах, але найбольш пісаў у польскую прэсу на тэмы беларушчыны, а таксама царкоўнай еднасьці, якой вельмі цікавіўся. Вёў шырокае ліставаньне на шматлікіх мовах з многімі вядомымі царкоўнымі дзеячамі ў Заходняй Эўропе. Між іншага, прынцыпова ўжываў тытул “айцец” замест “ксёндз”, што злавала Ялбжыкоўскага ня менш за ягоныя цесныя сувязі зь мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім і ўкраінскімі базылянамі. Уладзімер Самойла – вядомы беларускі літаратурны крытык.
Аднак былі межы, далей за якія вонкавыя кантакты марыянскім клерыкам не дазваляліся, або прынамсі не рэкамэндаваліся. У 1936 годзе споўнілася дзесяць гадоў з дня сьмерці а. Канстантына Стэповіча, больш вядомага як паэт Казімер Сваяк. Беларускае грамадзянства пастанавіла адзначыць гэтыя ўгодкі ўстанаўленьнем помніка на ягонай магіле на Росах у Вільні. Урачыстасьць адбылася 6 чэрвеня. Каб узяць удзел у беларускай пілігрымцы на Кальварыю, з усіх куткоў Заходняй Беларусі ў Вільню прыехала шмат беларускіх вернікаў. Вось што запісана ў “Хроніцы” пад гэтай датай: «Ай. Станкевіч прапануе прыняць учасьце ў пасьвячэньні памятніка кс. Стэповічу (К. Сваяку) на Россе, але наша vis major (a. Юры Кашыра) аднёсься да прапазыкі нэгатыўна». Адмова ўшанаваць памяць вялікага сьвятара і беларуса (дарэчы, аднакурсьніка Цікоты зь Віленскай сэмінарыі) выглядае, мякка кажучы, дзіўна. Цікава ведаць, ці гэта была пастанова самога Кашыры, які ня меў нават году сьвятарства, ці – што больш верагодна – ён атрымаў нейкую інструкцыю не дазваляць клерыкам удзельнічаць у публічных беларускіх імпрэзах.
Але абставіны хутка мяняліся. Айцец Германовіч, які паехаў у Харбін пад паслушэнствам, захварэў там і прасіўся дамоў. Аднак Цікота – на той час ужо генэрал марыянаў замест Бучыса – не сьпяшаўся задаволіць ягоную просьбу. Тады Германовіч паскардзіўся свайму прыяцелю айцу Адаму Станкевічу. 20 красавіка 1935 году той піша гнеўны ліст Цікоту: «Здаецца мне, што ўжо пара пачаць вам рэалізаваць паварот Язэпа з Харбіна... Мне здаецца, што далей марнаваць там ягоны талент і здароўе – гэта нешта сапраўды кашмарнае. Прабываньне далейшае Язэпа ў Харбіне – гэта, на маю думку, яўная супярэчнасьць вашай канстытуцыі. Каб нябошчык Матулевіч устаў з гробу і пабачыў на гэтую вашую харбінскую зацею, дык сапраўды за галаву ўзяўся б... Я тут толькі цябе “ад імя ўсёй Беларусі” прашу выбавіць Язэпа з Харбіну і даць яму адпаведныя варункі жыцьця і працы».
Невядома, ці меў нейкі ўплыў ліст Станкевіча, але ў канцы 1935 году Германовіч пакінуў Харбін. Ён затрымаўся на некалькі месяцаў у Рыме, каб паправіць здароўе. I вось у “Хроніцы” пад датаю 19 чэрвеня 1936 году знаходзім запіс: «Гэтага дня прыяжджае да нас з Рыму Ай. Язэп Германовіч М.І.С. Брат Чэсь (Сіповіч. – А.Н.) імправізуе прывітальную мову».
Радуючыся вяртаньню айца Германовіча, беларусы, аднак, не забыліся пра сьвятароў, якія засталіся ў Харбіне, далёка ад Бацькаўшчыны. Калі ўлетку 1936 году прыйшла вестка пра хваробу айца Абрантовіча, Хрысьціянская думка пісала: «Рэдакцыя Хр. Думкі шле прывет і выражае сваё гарачае спачуцьцё Дастойнаму Другу, Абрантовічу, і ягоным супрацоўнікам. Калі ж нарэшце прыйдзе час, магчымы для працы ў роднай старане?! Цешымся з таго, што нашы беларусы трапляюць слаўна змагацца там, гдзе ўсе апускаюць рукі. Але як жа нам сумна, што адрываюцца ад роднай нівы найлепшыя працаўнікі! Наш апушчаны народ патрабуе сам ратунку. “Шкада гэтага народу!..” Хто ж яму, спрагненаму слова Божага, гэтага “штодзеннага хлеба”, паслужыць, калі сыны ягоныя едуць на Далёкі Ўсход?..»38








All the contents on this site are copyrighted ©.