2006-07-20 13:22:33

Сьвятой памяці брат Бэрнард Беленік


[image]
Святой памяці брат Бэрнард Беленік
16 ліпеня 2006 г. на 73 годзе жыцця адышоў да Пана святой памяці брат законны з супольнасці канвентуальных францішканаў Бэрнард Беленік. Жалобную св. Імшу за супакой душы брата Бэрнарда цэлебраваў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка. У цэлебрацыі браў удзел а. Юзаф Макорчык, дэлегат Правінцыяла канвентуальных францішканаў і пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, які прамовіў гамілію.
Брат Бэрнард Беленік нарадзіўся ў Пагаранах каля Гродна. Ён быў першым францішканінам у нашай краіне ў пасляваенныя гады. Патаемна ён уступіў у манаскі ордэн, склаўшы вечныя законныя шлюбы 13 жніўня 1981 г. Калісьці гэты законнік нёс служэнне ў пабернардынскім касцёле ў Гродне і шмат дапамагаў кс. Міхалу Арановічу. Апошнія гады жыцця ён служыў Богу і людзям пры францішканскім кляштары ў Гальшанах. Брат Бэрнард памёр нечакана па дарозе з Гальшан у Іўе, у Трабах.
Брата Бэрнарда ўсе ведалі як вялікага аптыміста. Шмат разоў ён быў пілігрымам ў дыяцэзіяльны Марыйны санктуарый ў Тракелях, пілігрымаваў да цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, а таксама да Маці Божай Чэнстахоўскай. З усмешкай на твары і дабрынёй у сэрцы гэты францішканін умеў знайсці падыход да кожнага чалавека, таму што ішоў па жыцці, з надзеяй гледзячы ў будучыню. Два яго пляменнікі па прыкладзе дзядзкі прысвяцілі сваё жыццё Богу ў святарстве — а. Станіслаў Садоўскі і кс. Ян Гавецкі. Айцец Станіслаў, таксама як і святой памяці брат Бэрнард, стаў францішканінам.
На жалобнае набажэнства ў Гальшанскім касцёле, дзе апошнія гады нёс сваё служэнне брат Бэрнард, сабраліся шматлікія айцы і браты францішканскага ордэна, святары з Ашмянскага дэканату і шмат вернікаў, якім служыў і за якіх маліўся, а таксама падаваў прыклад прысвячэння сябе Богу паводле евангельскіх парадаў святой памяці брат Бэрнард.
Брат Бэрнард быў пахаваны 18 ліпеня на гродзенскіх могілках. Па дарозе труну з яго целам для развітання з нябожчыкам і малітвы за супакой яго душы ўносілі ў касцёл у Іўі, а таксама ў францішканскі касцёл у Гродне. Развітацца з ім прыйшлі тыя, хто добра ведаў брата Бэрнарда ў жыцці. Молячыся за супакой яго душы, вернікі таксама ўзносілі свае малітвы з просьбамі аб ласцы новых пакліканняў да святарства і законнага жыця, якія так патрэбныя нашай зямлі.








All the contents on this site are copyrighted ©.