2006-07-14 18:19:57

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус
( на 15 07 06)


13 лістапада 1931 году Бучыс пісаў Абрантовічу ў Харбін: «З продажам дому ў Наваградку могуць быць цяжкасьці. Княгіня дамагаецца звароту ўсяго, што яна дала Вялебнаму Айцу, кажучы, што (ейная) ахвяра была выкарыстаная не на тую мэту».
Цяжка сказаць, ці ў тагачасных палітычных абставінах удалося б зьдзейсьніць праект княгіні Радзівіл. Затое з пэўнасьцю можна сказаць, што Абрантовіч, Бучыс і Цікота зрабілі яго зьдзяйсьненьне немагчымым. “Таямніца брыльянтавага калье” застанецца цёмнай плямай на памяці гэтых сьвятароў34.
Між іншага ў згаданым лісьце да Абрантовіча ў 1927 годзе княгіня Радзівіл пісала: «Я шчасьлівая, што нарэшце даведалася, што тая справа прыняла шчасьлівы паварот... Горача паручаю (аддаю пад апеку. – А.Н.) гэтую справу сьв. Язэпу. Уважаю Рымскую фундацыю за вельмі карысную». У 1957 годзе Сіповіч у сваім артыкуле пра Абрантовіча так піша пра гэты ліст: «Княгіня пацьвердзіла, што падарак быў даны на карысьць Беларусі і перадусім для грэка-каталіцкай Царквы, што лятуценьнем яе было заснаваньне вуніяцкае беларускае калегіі ў Рыме. Яна была задаволеная з інфармацыяў айца Абрантовіча і ў далейшым усю справу паручала апецы сьвятога Язэпа». Далей ён працягвае: «З вышэй расказанага відаць, зь якімі людзьмі а. Абрантовіч меў справы і як іх сьмела і сумленна абараняў. Гэтым так-жа выясьняецца, адкуль Друйскі манастыр даставаў сродкі на сваё аднаўленьне, пабудову навіцыяту, гімназіі і пад.»35 Незразумела, перад кім абараняў Абрантовіч княгіню Радзівіл: калі ёй і патрабавалася абарона, дык хіба перад Абрантовічам, Бучысам і Цікотам, якія безь яе ведама і згоды зрабілі зь ейным дарам, што хацелі. Так выглядае, што ў канфлікце між праўдаю і ляяльнасьцю да свайго закону ў Сіповіча пацярпела праўда...
Маладыя марыянскія клерыкі, якія прыехалі ў Вільню ў 1935 годзе, ня мелі ніякага дачыненьня да афэры з брыльянтавым калье. Іх звалі: Чэслаў Сіповіч, Фэлікс Журня, Антон Цьвячкоўскі, Антон Падзява і Казімер Аніськовіч (паляк). Шостым быў брат Язэп Гайдзель, таленавіты музыка, які вучыўся ў школе арганістых. У наступныя гады да іх далучыліся браты Казімер і Баніфат Сарулі, Францішак Апячонак і Ўладыслаў Яшук.
Друйскія клерыкі вучыліся на багаслоўскім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. Апрача гэтага, яны мелі дадатковыя курсы лаціны, літургіі і ўсходняга багаслоўя ў мясцовай духоўнай сэмінарыі.
У пачатку 1936 году клерыкі пастанавілі весьці хроніку іхнага жыцьця і абралі Антона Цьвячкоўскага “летапісцам”, але неўзабаве ягоныя абавязкі пераняў Чэслаў Сіповіч.
“Хроніка” – каштоўны дакумэнт, які адлюстроўвае штодзённае жыцьцё, клопаты і радасьці маленькай грамады маладых беларусаў, якія рыхтаваліся да сьвятарства. Магчыма, некаторыя падзеі падаюцца малаважнымі, але тым ня менш яны даюць больш поўнае ўяўленьне пра іхнае жыцьцё. Так, 6 сакавіка 1936 году айцец кіраўнік купіў братом (клерыкі называлі сябе братамі) Фэліксу Журню і Чэславу Сіповічу новыя капелюшы па 7 польскіх злотых кожны. Летапісец дадае: «Прышласьць пакажа, ці вартыя яны такога выдатку». Зноў, 16 сакавіка «браты Сіповіч і Аніськовіч ня йдуць на лаціну, але цягаюць бульбу з вады, каторая вышла ў склеп-пограб». 29 траўня «брат Падзява хацеў здаць эгзамін з мастацтва касьцельнага, але не прышоў праф. Пуцята, ведамы са сваёй няточнасьці». 17 студзеня 1937 году «ўрачыста адчынілі стадыён-каток у сваім гародзе. Найбольш пры гэтым заслужыўся бр. Казюк Саруль. Кажуць, што больш як 30 вядзёр у дзень выліваў вады. Адна загана катка: малы і лёд благі».
Некаторыя запісы ў хроніцы адлюстроўваюць палітычную атмасфэру ў тагачаснай Польшчы. У запісе за 17 сакавіка 1937 году чытаем: «Бр. бр. Аніськовіч і Журня куплялі дробныя рэчы ў жыдоў. Нейкі капітан вылегітымаваў іх і аскаржыў перад уладамі віленскай сэмінарыі за тое, што іх студэнты-клерыкі сьмеюць купляць у жыдоў. Эндэкі байкатуюць жыдоў».
Зьяўленьне пяці беларускіх клерыкаў не засталося незаўважаным віленскімі беларусамі. Ужо ў першы год свайго існаваньня Марыянская калегія мела шмат наведнікаў. Адным зь іх быў айцец Адам Станкевіч (1891–1949) – сьвятар, вучоны, аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку такіх фундамэнтальных працаў, як Родная мова ў сьвятынях (1929), Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935), Беларускі хрысьціянскі рух (1939), Хрысьціянства і беларускі народ (1940) ды інш. Ён быў адным з заснавальнікаў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і сталым супрацоўнікам газэты Крыніца (ад 1925 году Беларуская крыніца) аж да забароны, накладзенай Ялбжыкоўскім у 1928 годзе. У 1922 годзе Станкевіч з дазволу біскупа Матулевіча балятаваўся і быў абраны ў Польскі сойм (парлямэнт). У 1925 годзе Польшча падпісала з Ватыканам канкардат (дамову), некаторыя пункты якога сур’ёзна абмяжоўвалі правы беларусаў ды іншых нацыянальных мяншыняў. Дзеля павагі да папы Станкевіч не хацеў адкрыта галасаваць супраць канкардату. З другога боку, у сумленьні ён ня мог падтрымаць дамовы, крыўднай для ягонага народу. Таму ў часе апошняга вызначальнага галасаваньня ён не зьявіўся на сэсію сойму. Ягоная адсутнасьць не прайшла незаўважанай для каго трэба, і папскі нунцый паклікаў Станкевіча даць справаздачу з сваёй адсутнасьці... У 1928 годзе Станкевіч заснаваў газэту Хрысьціянская думка, якая рэгулярна выходзіла аж да пачатку Другой сусьветнай вайны. Да 1937 году ён сам яе рэдагаваў. Газэта мела рэлігійны характар, і рэдактарам яе быў сьвятар, таму на ейнае выданьне патрабаваўся дазвол царкоўнай улады, у гэтым выпадку Ялбжыкоўскага. У 1937 годзе рэдактарам стаў Віктар Ермалковіч, студэнт Віленскага ўнівэрсытэту і блізкі супрацоўнік Станкевіча. Айцец Адам выступаў як “выдавец”. Потым Ермалковіча замяніў Ян Пазьняк, былы рэдактар Беларускай крыніцы, зачыненай польскімі ўладамі ў 1937 годзе. За новым сьвецкім рэдактарам Хрысьціянская думка ня мела болей патрэбы ў царкоўнай цэнзуры, і таму кола праблемаў, што закраналіся на ейных старонках, пашырылася. Такім чынам газэта ў пэўным сэнсе заняла месца зачыненай палякамі Беларускай крыніцы. Гэта напэўна не падабалася Ялбжыкоўскаму, але ён не пасьмеў (ці не пасьпеў) забараніць вернікам чытаць яе. Зьмену характару Хрысьціянскае думкі заўважылі чытачы. Антон Цьвячкоўскі пісаў пра гэта Чэславу Сіповічу, які быў тады ў Рыме. Сіповіч адказаў яму 28 ліпеня 1939 году: «Што Хр. Д. ёсьць і становіцца фармальна газэтай народна-палітычнай, ніхто не пярэча, толькі ўсёжтыкі дурныя тыя, што адбераюць нам пажыўленьне, дадзенае нам Богам, Тварцом маткі Прыроды. Гдзе сяньня хоць адна польская газэта апалітычная?»
Яшчэ раней Станкевіч знайшоў спосаб, як абысьці цяжкасьці, якія рабіў яму Ялбжыкоўскі, у выданьні рэлігійных кніг па-беларуску. Калі той чарговым разам ня даў царкоўнага дазволу (г. зв. imprimatur), Станкевіч зьвярнуўся да мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, украінскага грэка-каталіцкага архібіскупа Львоўскага, які ахвотна даваў усе патрэбныя дазволы. Каб пазьбегнуць абвінавачаньня, што Шаптыцкі ўмешваецца ў справы чужой дыяцэзіі, месца выданьня на кнігах пазначалася як Львоў–Вільня! У такі спосаб выйшлі: клясычны твор духоўнай літаратуры Сьледам за Хрыстусам Тамаша Кэмпійскага ў перакладзе доктара Станіслава Грынкевіча (1934), Сьвятыя а. Язэпа Рэшаця (1937), Божае слова самога Адама Станкевіча (1938) ды інш. He даючы дазволу на беларускія выданьні, Ялбжыкоўскі, відаць, хацеў змусіць беларусаў чытаць польскамоўную рэлігійную літаратуру. Дзякуючы айцу Адаму Станкевічу гэта яму не зусім удалося.
Шмат гадоў айцец Станкевіч выкладаў рэлігію і лацінскую мову ў Віленскай Беларускай гімназіі. Настаўнікам рэлігіі для праваслаўных вучняў там быў вядомы беларускі сьвятар айцец Аляксандар Коўш. Між двума сьвятарамі ўсталяваліся прыяцельскія дачыненьні і супрацоўніцтва. Вось што пісаў Коўш з нагоды 25-х угодкаў сьвятарства Станкевіча: «Сумесная праца над выхаваньнем моладзі ў беларускай гімназіі дала мне магчымасьць бліжэй пазнаць а. Адама. Бывалі ў гэнай нашай працы хвіліны цяжкія, калі прыходзілася змагацца із значнымі староньнімі сіламі за ўплыў на душы моладзі, і ў гэным змаганьні а. Адам быў цьвёрды, як камень». Скончыў ён свае кароткія ўспаміны словамі: «Няўтомнаму працаўніку і барацьбіту за адраджэньне Бацькаўшчыны і выхаваньне моладзі на падставе ідэяў Хрыстовых – слава!»








All the contents on this site are copyrighted ©.