2006-07-08 18:28:25

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


He адмаўляючы арганізатарскіх і адміністратарскіх здольнасьцяў Цікоты, трэба прызнаць, што яго абралі на пасаду генэрала марыянскага закону хутчэй за ўсё ў выніку кампрамісу: летувісы не хацелі бачыць на чале закону паляка, а палякі – летувіса. Для палякаў абраньне Цікоты мела яшчэ адзін “плюс”: як генэрал закону, ён мусіў пакінуць Друю і жыць у Рыме. Такім чынам, пасьля Абрантовіча і Германовіча палякі пазбавіліся яшчэ аднаго невыгоднага для іх беларускага сьвятара. Гэта разумеў шмат хто зь беларусаў. Газэта Беларуская крыніца пісала: «Мы, беларусы, з гэтага выбару (Цікоты на пасаду генэрала марыянаў. – А.Н.) можам сапраўды цешыцца. Радасьць нашу хмурыць толькі той факт, што абсаджываньнем беларусамі хоць бы найважнейшых пляцовак заграніцай аслабляюцца ня менш важныя і пільныя пляцоўкі сярод саміх беларусаў. Аб лёсе айцоў марыянаў сказаць гэта трэба з асаблівым націскам, бо, на колькі ведама, іхным заданьнем ёсьць праца перадусім для с в а й г о с о б с к а г а народу. Айцы марыяне іншых народнасьцяў... сапраўды гэтак і працуюць. Толькі беларускіх айцоў чамусьці найвышэйшыя ўлады высылаюць на край сьвету... і то тады, калі даслоўна няма каму заняцца працай сярод свайго беларускага народу, для каторага ўзноў насылаецца духавенства чужое. Ня скажам зашмат, калі сьцьвердзім, што гэткая гаспадарка беларускімі духоўнымі сіламі ёсьць гаспадаркай шкоднай і проста рабунковай»32.
Пасьля выезду Цікоты ў Рым у Друі засталіся тры беларускія сьвятары, ніводзін зь якіх ня быў здатны стаць кіраўніком. На месца Цікоты ў Друю прызначылі польскага марыяніна Ўладыслава Лысіка. Такім чынам беларускі характар Друйскага кляштару зьмяніўся. Здарылася тое, чаго дамагаўся Ялбжыкоўскі.
Усе гэтыя перамены істотна не закранулі жыцьцё Чэслава Сіповіча. Ён перапыніў сваю навуку 1 жніўня 1933 году і распачаў год навіцыяту (паслушэнства). 15 жніўня 1934 году Сіповіч склаў свае першыя законныя шлюбы і ўвосень вярнуўся ў школу, каб скончыць сярэднюю адукацыю. Праз год ён ужо быў гатовы пачаць курс філязофскіх і багаслоўскіх навук у падрыхтоўцы да прыняцьця сьвятарства. У ягоным жыцьці пачынаўся новы разьдзел.
Раздзел: Вільня
Вільня (цяпер Вільнюс, сталіца Летувы), старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага, у першыя дэкады мінулага стагодзьдзя была косткаю нязгоды між Польшчай і Летувой. Абедзьве лічылі Вільню сваёй. У гэтай спрэчцы яны неяк забыліся пра беларусаў, якім гэты горад ня менш дарагі, чым астатнім. У 1522 годзе ў Вільні Францішак Скарына надрукаваў сваю Малую падарожную кніжку, а ў 1588 годзе з слаўнай друкарні братоў Мамонічаў выйшаў Статут Вялікага Княства Літоўскага на беларускай мове. Бліжэй да нашых часоў, у 1906 годзе, у Вільні пачала выходзіць газэта Наша Ніва, якая дала назоў цэламу пэрыяду ў гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Між дзьвюма сусьветнымі войнамі, да 1939 году, Вільня належала да Польшчы. Яна сталася цэнтрам беларускага нацыянальнага, палітычнага і культурнага жыцьця ў Заходняй Беларусі. Калі ў іншых гарадох польскія ўлады пазачынялі беларускія школы, у Вільні месьцілася адзіная беларуская гімназія. У Віленскім унівэрсытэце вучылася шмат беларускіх студэнтаў, якія мелі свае арганізацыі. У Вільні працавалі Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры, беларуская друкарня імя Францішка Скарыны, слаўны хор Рыгора Шырмы, Беларускае Навуковае Таварыства, Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. У Вільні выходзілі беларускія кнігі, газэты й часопісы, як, напрыклад, Беларуская крыніца, Сялянская ніва, Хрысьціянская думка, Калосьсе, Студэнцкая думка ды інш.
У верасьні 1935 году пяць марыянскіх клерыкаў з Друі прыехалі ў Вільню, каб распачаць свае багаслоўскія студыі ў Віленскім унівэрсытэце. Яны пасяліліся ва ўласным доме, або, як яго называлі, “калегіі”, на вуліцы Жыгімонта 24. (Друйскі кляштар набыў гэты будынак на год раней.) Кіраўнік (супэрыёр) Марыянскай калегіі айцец Юрай Кашыра сам скончыў навуку ўсяго на некалькі месяцаў раней і быў высьвячаны 19 чэрвеня 1935 году. Прызначэньне на такую адказную пасаду маладога і недасьведчанага сьвятара паказвае, якія цяжкасьці перажывала тады Друя. З трох новавысьвячаных друйскіх сьвятароў, якія скончылі навуку ў чэрвені 1935 году, у Беларусі застаўся адно Кашыра, які вучыўся ў Вільні. Два іншыя: Казімер Найловіч і Тамаш Падзява – як толькі завершылі навучаньне ў Рыме, адразу ж выехалі ў Харбін.
Дом для Марыянскай калегіі ў Вільні куплены за грошы ад продажу брыльянтавага калье, якое княгіня Магдалена Радзівіл у 1917 годзе ахвяравала на заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. Адным з тых, каму княгіня даручыла гэтую справу, быў Фабіян Абрантовіч. Калі да ўлады прыйшлі бальшавікі, Абрантовіч, перш чым пакінуць Пецярбург, здолеў надзейна схаваць калье. У 1924 годзе ён паехаў у Пецярбург як дыпляматычны кур’ер і вывез адтуль гэты скарб у Польшчу, дзе прадаў за 15 тысяч амэрыканскіх даляраў. Большую частку грошай ён пазычыў біскупу Лазінскаму на пабудову сэмінарыі ў Пінску. За рэшту купіў маёмасьць у Наваградку33. У 1926 годзе Абрантовіч уступіў у марыяне ў Друі. Увесну 1927 году, яшчэ ў навіцыяце, ён склаў “тэстамэнт”, згодна зь якім усе грошы, пазычаныя Лазінскаму, а таксама маёмасьць у Наваградку пераходзілі ва ўласнасьць друйскім марыянам. Маральны аспэкт гэтага ўчынку, відаць, ня вельмі турбаваў яго ды іншых зацікаўленых асобаў. Тым часам пра калье даведаліся іншыя, якія таксама заявілі свае правы на яго. Абрантовіч мусіў напісаць да княгіні Радзівіл у Нямеччыну, расказаць ёй усё, што ён зрабіў, і спытацца, ці добра паступіў. Княгіня ў лісьце за 17 сакавіка 1927 году адказала, што дар прызначаўся «толькі на карысьць Беларусі, а галоўным чынам для Грэка-Каталіцкай Царквы. Скарыстаць яго для іншай мэты было б выразным прысваеньнем чужой (г. зн. грэка-каталіцкай, беларускай) уласнасьці. Мараю гэтай асобы (ахвярадаўцы. – А.Н.) было заснаваць у Рыме вуніяцкую калегію». Княгіня Радзівіл ведала Абрантовіча і давярала яму. Таму можна ўявіць ейнае адчуваньне, калі праз чатыры гады, у 1931 годзе, яна даведалася, што Абрантовіч зрабіў з калье, як хацеў, не палічыўшыся зь ейнай воляй. Абрантовіч знаходзіўся тады ўжо ў Харбіне, і таму яна напісала Бучысу, патрабуючы або вярнуць грошы, або выкарыстаць іх згодна з воляй ахвярадаўцы. Бучыс цынічна падзякаваў «Найшаноўнейшай Пані Княгіні за такія шчодрыя дары для нашага сьціплага закону» і паспрабаваў пераканаць яе, што ўсё было зроблена згодна з вымогамі канстытуцыяў закону марыянаў і кананічнага права. Ён раіў ёй не настойваць на сваіх дамаганьнях, каб не траціцца на «непатрэбныя судовыя выдаткі, бо абавязкам Марыянскай галоўнай рады, а таксама і маім, ёсьць трымацца праўных нормаў, якія абавязваюць у Каталіцкай Царкве, што я й раблю». Княгіня адказала каротка і трапна: «Права кананічнага ня ведаю, але ў жыцьці бачыла шмат ашуканцаў, якіх спрытны габрай-адвакат ратаваў ад катаргі з дапамогай перакручаных на розныя лады тэкстаў Кодэксу. Для мяне і для многіх асобаў, якім я расказала пра паводзіны аа. Абрантовіча і Цікоты, справа, бачная ў сьвятле сёмага прыказаньня, ёсьць зразумелаю. Наагул, учынак, які патрабуе для доказу сваёй нявіннасьці доўгіх і вытанчаных тлумачэньняў, ёсьць падазроны. Людзі сумленныя ня маюць патрэбы ў красамоўных аргумэнтах».








All the contents on this site are copyrighted ©.