2006-07-05 13:53:13

Кардынал Каспэр аб рэлігійнай свабодзе ў Турцыі і на сьвеце.


Інтэграцыя Турцыі з Эўрапэйскаю Вуніяю не будзе магчымаю, пакуль Турцыя не дасьць гарантыі для рэлігійнае свабоды. Так кардынал Каспэр сказаў для італьянскае газэты “Коррерэ дэльля Сэра” аб ўжо чарговым бандыцкім нападзе на каталіцкага сьвятара ў гэтай краіне. Прабываючы у Маскве старшыня Папскае Рады да спраў Адзінства Хрысьціян зьвярнуў увагу, што турэцкая дзяржава запэўнівае Каталіцкаму Касьцёлу нейкую памяркоўнасьць, але не сапраўдную свабоду. Турцыя мусіць зьмяніць не толькі законадаўства, але таксама і мэнтальнасьць. Пануе там атмасфэра падазрэньняў і ксенафабіі. Нарастае фундамэнталізм. “Краіна мусіць падрыхтавацца да эўрапэйскае культуры”- сказаў кардынал Каспэр.
На пагрозу абвастрэньня культурных, этнічных ды рэлігійных канфліктаў кардынал Каспэр указаў таксама прамаўляючы 4-га ліпеня на маскоўскім форуме рэлігійных кіраўнікоў. Ён зрабіў заклік да прадухіляньня злоўжываньня рэлігіі, асабліва тады, калі служыць яна як прычына да нянавісьці і забіваньня—як у прыпадку міжнароднага тэрарызму. Адначасна выказаў трывогу Каталіцкага Касьцёла лаіцызацыяю, якая пазбаўляе чалавека рэлігійных вартасьцей, што заўважаецца асабліва на Захадзе. Старшыня Папскае Рады да спраў Адзінства Хрысьціян асудзіў таксама антысэмітызм.
Сярод удзельнікаў маскоўскае міжрэлігійнае сустрэчы ёсьць таксама кардынал Поль Пупар. Старшыня Папскае Рады да спраў Культуры ад некалькіх месяцаў кіруе таксама ватыканскаю ўстановаю, якая займаецца адносінамі з пасьлядоўнікамі розных рэлігій. Ёю зьяўляецца Папская Рада да спраў Міжрэлігійнага Дыялогу. Гэтую праблему францускі кардынал крануў у інтэрв”ю для газэты “Ля Круа”. Кардынал Пупар сказаў, што сапраўдны дыялог патрабуе адпаведнай духоўнасьці і жаданьня, каб сапраўды сустрэцца. “Музульманскі экстрэміст не ёсьць сапраўдным музульманінам; я не магу з ім весьці дыялог”- сказаў кардынал. Падкрэсьліў, апрача таго, што людзей сапраўды рэлігійных ажыўляе духоўнасьць, часам нават містыка, якая адкрываецца на сустрэчу з іншымі.







All the contents on this site are copyrighted ©.