2006-07-04 14:41:53

Вось чарговыя радкі з нашага цыклу "Пад знакам Ісуса"


У мінулы раз мы расказвалі аб тых багаслоўскіх плынях, якія ствараліся як пры жыцці Хрыста, так і пасля Яго смерці. У Новым Запавеце сустракаецца шмат перасцярогаў пра з’яўленні ілжэпрарокаў, якіх, дзеля захавання веры, трэба было прымусіць маўчаць. Разам з нараджэннем новых вераванняў, было неабходна і бараніць праўду ад скажэння. Маладым Цэрквам трэба было ўсталяваць правіла веры і вырашыць пытанне аб прававернасці. Спрэчкі і разнагалоссіі перарасталі ў ерэсі з якімі неабходна было змагацца. Вялікай пагрозай для Царквы Хрыстовай ерэсі былі ўжо ў ІІ-м стагоддзі. Хаця Царква Хрыстова ўжо называлася “Усяленская”, па-грэцку Каталіцкая, але сапраўднай сілы яна яшчэ не мела.
Адным з самых вялікіх барацьбітоў з ерэсямі быў Ірынэй Ліонскі. На зямлі сучаснай Францыі, у Ліоне Хрысціянства зарадзілася ў 150-м годзе сярод выхадцаў з Фрыгіі і азіяцкіх правінцый Рымскай імперыі. Адзін з тых выхадцаў – Пофін, стаў галавой Ліонскай Царквы, біскупам. Ён быў вучнем Палікарпа, біскупа горада Смірна, які ў сваю чаргу, быў вучнем Апостала Яна. У 177-м годзе біскуп Пофін прыняў мучаніцкую смерць пад час пераследвання хрысціянаў і галавой Ліонскай Царквы стаў багаслоў і пастыр Божы Ірынэй, які лічыцца заснавальнікам адной з самых старажытных Цэркваў. Ірэнэй нарадзіўся прыблізна ў 140-м годзе ў Смірне, на зямлі сёняшняй Турцыі, і таксама ведаў Палікарпа. У адрозненні ад біскупа Клімента Александрыйскага, які ў сваёй вядомай багаслоўскай школе вёў у гэты час дыялог аб Хрысціянстве з адукаванымі эллінамі, Ірэнэй жыў у атачэнні варварскіх гальскіх плямёнаў і размаўляў на іх мове. У Ліоне біскуп Ірэнэй сутыкнуўся з гностыцызмам.
У мінулы раз мы казалі, што пад назвай “гностыкі”, аб’ядноўваліся прадстаўнікі шматлікіх групаў, якія прапаведвалі пазнанне Бога праз веды. Гностык – гэта чалавек, які атрымаў веды, ад грэцкага слова “gnosis”, што значыць “веды”. Дзеля таго, каб абвергнуць гэты самы гностыцызм і супрацьпаставіць яму сапраўдную багаслоўскую думку, Ірэнэй напісаў сваю працу “Выкрыванне і абвяржэнне хлуслівых ведаў”, або “Супраць ерэсяў”. Ірэнэй абвясціў права апостальскага падання, па якім біскупы з’яўляюцца наступцамі апосталаў і служаць гарантамі багаслужбаў для кожнай мясцовай Царквы. Ніякія адкрыцці ілжэпрарокаў-гностыкаў не могуць абвергнуць дабравесці апосталаў, якія выкладаюцца і перадаюцца праз біскупаў. Абапіраючыся на аўтарытэт апосталаў, перш за ўсё на заснавальнікаў Рымскай Царквы Пятра і Паўла, Ірэнэй настайваў на захаванні правілаў веры, якія, як вельмі простыя, выгадна адрозніваюцца ад занадта складанай сістэмы гностыкаў. Ён развіў біблейскую гісторыю збавення, паказаўшы, што Бог любіць створаны ім сусвет.
Што не можа быць дзвух багоў: дрэннага, які стварыў матэрыю, і добрага, які стварыў дух; Бог-Збавіцель тоесны Богу-Творцу; што той жа Бог, які стварыў Адама, стварыў і Ісуса. Матэрыя, якія гностыкі лічылі злом, на думку Ірэнэя, набывала сапраўднае збавенне праз Ісуса, праз дары нятленнасці, атрыманыя ад Святога Духа. З часоў Старога Запавету Святы Дух падрыхтоўваў людзей да прышэсця Ісуса. Ірэнэй бачыў сэнс гісторыі “адноўленага” чалавецтва ў тым, што чалавек пераменены Святым Духам, стане падобным на Ісуса. Памёр біскуп Ліонскі Ірэнэй у 202-м годзе ад Нараджэння Хрыстова.
Пачынаючы з ІІ-га стагоддзя распаўсюджванне Хрысціянства выклікала негатыўную рэакцыю правіцеляў і адпаведна народа. Хрысціянства ператварылася ў палітычную праблему. Пачаўся час мучанікаў і спаведнікаў. Што ж адбывалася ў той час?
Каля 112-га года рымскі гісторык Пліній Малодшы, заклапочаны распаўсюджваннем Хрысціянства ў адной з правінцыі Віфанія, на ўзбярэжжы Чорнага мора, пісаў імператару Траяну пра “мноства людзей усялякага ўзросту, усялякага звання і абодвух палоў, якіх клічуць і будуць клікаць на гібель. Зараза гэтых забабонаў прайшла не толькі па гарадах, але і па вёскам і маёнткам”. Сапраўды, Хрысціянства, або як яго яшчэ называў той жа Пліній Малодшы “ганебны, грубы забабон”, ахапіла большасць правінцый Рымскай імперыі. У Паўночнай Афрыке цэнтрам распаўсюджвання Хрысціянства стаў Карфаген. Новая вера ўкаранілася там настолькі моцна, што ўсе сяляне невялікага мястэчка Скілія прынялі мучаніцкую смерць ад пераследвальнікаў.
У Галіі, на зямлі сёняшняй Францыі, Евангелле ішло следам за войскам і гандлярамі. Яно дайшло да Ліона, Вьенны і Нарбоны, самых значных тагачасных гарадоў. Калі ў ІІ-м стагоддзі горад Ліон быў адзінай дыяцэзіяй, адкуль пачалося навяртанне гальскіх плямёнаў, то ўжо ў ІІІ-м стагоддзі ўзніклі дыяцэзіі ў Нарбонне, Арле, Тулузе, Вьенне, Парыжу і Рэймсе.
Дарогі ў Рымскай імперыі былі дастаткова зручнымі для падарожжа. Да таго ж, пры імператары Аўгусце была пракладзена цэлая сетка так званых дзяржаўных дарог, якія дазвалялі кур’ерам хутка дабірацца да буйных прамежных цэнтраў. У тыя часы толькі афіцыйны кур’ер мог скакаць вярхом на кані. Падарожнік звычайна ішоў пеша, паклаўшы свой багаж на мула. Падобна як гандляры або вандруючыя філосафы, хрысціянскія місіянеры ішлі пеша, часам наймаючы нейкі воз, плылі на караблях. Рымскі парадак гарантаваў падарожнікам адносную бяспеку сваіх дарог; але ў некаторых аддаленых кутках можна было сустрэць разбойнікаў. Плаванне таксама было небяспечным, дастаткова прыгадаць, што Апостал Павел тройчы трапляў у караблекрушэнні. Але хрысціяне не баяліся небяспекаў дальніх дарог.







All the contents on this site are copyrighted ©.