2006-06-27 14:06:01

Пасланне Свяцейшага Айца да вернікаў Генуі.


23 чэрвеня каталіцкае інфармацыйнае агенства VIS надрукавала пасланне Свяцейшага Айца да вернікаў Генуэзскай арцыдыяцэзіі, якое тычыцца назначэння кардынала Тарчызіо Бертоне на пасаду дзяржаўнага сакратара Ватыкана.
На працягу трох гадоў, пакуль кардынал Бертоне ўзначальваў згаданую арцыдыяцэзію, адзначае Папа ў сваім пасланні, “вы ўсе пазнаёміліся з яго талентамі і якасцямі, што робяць яго верным пастырам, здольным займацца пастырскай апекай на падставе дактрынальнай мудрасці”.
“Менавіта гэтыя рысы харакцера, разам з узаемапаразуменнем і даверам, заслужаным на працягу многіх гадоў супольнай працы ў Кангрэгацыі да спраў веранавучання, далі мне магчымасць абраць яго на такую важную і адказную пасаду ў служэнні Сусветнай Царкве. Я, - зазначыў Бенедыкт XVI°, - ведаю, што паклікаў кардынала Бертоне зрабіць вялікую ахвяру, і ахвяра гэта тычыцца вернікаў Генуі, але я ўпэўнены, што ягоная блізкасць да вашай суполкі і малітвы за яе будуць суправаджаць яго ў новай якасці на карысць Пасада св.Пятра”, - напісаў Свяцейшы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.